Пошук
Царква і Грамадзтва
02.02.2017
Навяртаньне
 
2 лютага — сьвята Сустрэчы Госпада нашага Ісуса Хрыста. Калі і як адбываюцца нашыя асабістыя сустрэчы з Госпадам?
 
У кожнага верніка, які прыйшоў да Бога ў дарослым узросьце, быў калісьці свой адметны, часам вельмі няпросты, шлях да Царквы і да Бога. У кагосьці гэтая сустрэча з Госпадам адбываецца ў шматлюдных супольнасьцях ці пілігрымках, у кагосьці — праз доўгія індывідуальныя інтэлектуальныя пошукі, а ў кагосьці ў маленькіх царкоўных супольнасьцях, існаваньне якіх камусьці нават здаецца непатрэбным.
 
Вольга Крапоціна з грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Горадні дзеліцца сваім досьведам навяртаньня да Бога і Сустрэчы з Госпадам і Яго Царквой, якая адбылася ў яе ў маленькай супольнасьці грэка-каталіцкай парафіі ў Гомелі.
 
Цікава, колькі вернікаў могуць дакладна сказаць момант свайго навяртаньня й нараджэньня ўласнай веры?
 
Вольга Крапоціна (на фота — крайняя зьлева) з удзельнікамі парафіяльнага сьвята 2010 г. у гомельскай грэка-каталіцкай парафіі.
Мне шанцуе, я ведаю дакладныя месца, дату і падзею, што да гэтага спрычыніліся.
 
Далёкі 2010 год, 30 студзеня, горад Гомель, касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі. Я вучуся на апошнім курсе ГДУ (Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны — рэд.), здаю апошнія іспыты, рыхтуюся да ад’езду дадому на канікулы.
 
Недзе з паўгады да гэтага я даведалася, што мой лепшы сябра — шчыры вернік Рыма-Каталіцкай Царквы. І гэта сталася для мяне надта дзіўным фактам, бо закладзены змалку стэрэатып пра бязглуздасьць веры як такой перашкаджаў уявіць адукаванага чалавека, безь пяці хвілінаў навукоўца, вернікам і адэптам хоць якой рэлігіі. Прыкладна ў той жа час паміж намі пачаліся гарачыя спрэчкі з гэтае прычыны. Пераважна спрачаліся па начох, амаль да раніцы, шмат коп’яў-аргумантаў паламалі, але заставаліся пры сваіх.
 
Менавіта ён, стаміўшыся даказваць мне сваю пазіцыю, пазнаёміў мяне з дзіўнымі людзьмі — грэка-каталікамі, запэўніўшы мяне, што яны мне растлумачаць тое, што ў яго не атрымліваецца. Час ад часу мы разам (пазьней — я сама) наведваліся да іх на літургіі. Мне было цікава, захапіла беларуская мова, якая была для іх абсалютна звычайнай, штодзённай. Па-ранейшаму я не ўспрымала ўсё гэта сур’ёзна, лічыла нейкай забаўкай, новай тусоўкай у сваім жыцьці, нават размовы пра веру не вялося. Унутраны атэіст упэўнена трымаў пазіцыі і здаваць іх не зьбіраўся. Тым ня менш, маючы такую рысу характару, як прага завяршаць распачатую справу і адказна падыходзіць да прынятых на сябе абавязкаў, я добрасумленна хадзіла на сустрэчы да грэка-каталікоў, дзе сьвятар пасьля літургіі праводзіў яшчэ й катэхетычныя заняткі. Пра тое, што яны былі катэхетычнымі, я даведалася не адразу, бо й далучылася ня з самага пачатку, ды й сьвятар не акцэнтаваў на назьве-сэньсе ўвагу (пэўна лічыў, што ўсе ўсё й так разумеюць, навошта ж прыйшлі ў іншым выпадку?), проста размаўляў з вернікамі ды ўсё. Прынамсі, так гэта для мяне выглядала звонку. Ён прамаўляў нейкую лекцыю, прапанаваў задаваць пытаньні, некалькі разоў я нават спрабавала арганізаваць спрэчку (а як жа ж: атэіст патрабаваў дзеяньня й выкрыцьця «хлусьні»), але болей слухала ды разважала пра тое, што пачула.
 
Недзе напачатку студзеня 2010 г. сьвятар заявіў, што хутка будзе сьвята гомельскай парафіі, на якое ён запрасіў іншага сьвятара з Віцебску і архімандрыта Сяргея (Гаека) з Менску. Папярэдзіў вернікаў, каб падрыхтаваліся да споведзі, бо будзе такая магчымасьць. Наведнікам катэхетычнага курсу (то бок і мне таксама) наказаў рыхтавацца да першай споведзі. Вось тут ужо я зразумела, навошта тыя размовы былі патрэбныя. Але, на дзіва, не раззлавалася нечаканаму «падману», бо ён ня быў наўмысным. Хутчэй гэта была мая віна, што ня высьвятліла ўсё адразу. Толькі цяпер перада мною паўстаў выбар: сур’ёзна ўключацца ў жыцьцё Царквы ці пакінуць гэтую суполку ды «перагарнуць старонку» свайго жыцьця.
 
Адказнасьць перавысіла, нарэшце я падумала і вырашыла, што, нават калі веры я ня маю (а на той момант атэіст яшчэ сіліўся, хоць ужо паціху губляў ініцыятыву й пераможны настрой), але можа быць праз сваю шчырасьць і ўпартасьць атрымаю адказы на пытаньні, якія не давалі мне спакою: ад таго, як сёньня адукаваны чалавек можа верыць у нейкага Бога, да таго, ці ёсьць Нешта іншае, вышэйшае за гэты сьвет ды ў чым сэнс майго ўласнага жыцьця.
 
Падрыхтоўка да споведзі, шчыра кажучы, ішла досыць марудна і безвынікова. Ва ўніверы акурат распачалася сэсія, ды й апошні курс, дыпломная практыка, сам дыплом да разважаньняў над сваім лёсам і жыцьцём яўна не заклікалі. Напярэдадні самой падзеі я нават перадумала туды ісьці, бо ня ведала, што буду наогул казаць. Аднак вырашыла пайсьці хаця б з цікаўнасьці: на іншых паглядзець, з новымі людзьмі пазнаёміцца. Супакойвала сябе, што прымушаць мяне рабіць тое, чаго я не хачу, ніхто ня будзе, проста пасяджу, пагляджу ды й вярнуся дадому.
 
Вось на 30 студзеня, у суботу, мы ўсе — гаспадары ды госьці — сабраліся ў гомельскім касьцёле. Пачалася сьвяточная літургія, а сьвятар з Віцебску паклікаў жадаючых на споведзь. Калі ўжо ўсе астатнія паспавядаліся, сьвятар выйшаў і паклікаў мяне. Я яшчэ троху сумнявалася, ісьці ці не. Але нарэшце пайшла…
 
Ня буду вам усё пераказваць ды й памяць усё адно ўсяго не захавала. Перакажу свае адчуваньні і той самы момант, дзеля якога я й распавядаю ўсю гэтую гісторыю.
 
Было незвычайна, амаль НАДзвычайна, бо ўпершыню. Я жудасна хвалявалася, як шкаляр ці студэнт на іспыце, калі нічога ня вывучыў. Аднак у момант, калі сьвятар чытаў малітву разграшэньня, усё навакольнае нібы кудысьці зьнікла. А душа напоўнілася адчуваньнем невымоўнай ўсепаглынальнай радасьці, хоць прычынаў для гэтага не было.
 
А яшчэ раптам я адчула, як нейкі жахлівых памераў цяжар зваліўся з мяне, прынесшы палёгку, хоць раней я й не адчувала аніякага намёку на сур’ёзныя праблемы ці пакуты сумленьня. Ведаеце, гэта можна параўнаць з выпадкам, калі чалавек прывязаў вяроўкай да сваёй нагі камень ды й забыўся на яго, неяк звыкся і жыў. А праз колькі гадоў нехта, зьлітаваўшыся над ім, падыйшоў ды адрэзаў тую вяроўку...
 
Мяне, што шчэ пару месяцаў таму кпіла з вернікаў, што шчэ ўчора лічыла сябе ўпэўненай атэісткай ды прагматычнай рэалісткай, што яшчэ й самой таямніцы споведзі ня верыла і была поўная сумневаў, проста і з любоўю прабачыў Той, чыё існаваньне я дагэтуль адмаўляла і чыю ўладу над Сусьветам не прызнавала. Аднак мая ганарлівасьць ня толькі не абуралася, але й наогул не падавала прыкметаў жыцьця. Было лёгка й радасна. Ад адчуваньня свабоды хацелася лётаць у паветры (дарэчы, мне падавалася, што я й фізічна не знаходжуся ў канфесіянале, але ўзьнялася недзе па-над усім сьветам, мяне ўжо на зямлі няма).
 
Калісьці раней, яшчэ падчас спрэчак з сябрам Косьцем, я гарачна крычэла «не паверу, пакуль доказаў/Яго ня ўбачу». Дык вось у той самы момант доказы мне ўжо не былі патрэбнымі, усё сталася вядомым і зразумелым.
 
Нават сёньня, калі жыцьцёвыя сітуацыі падкідаюць нагоду для сумневаў, я прымушаю сябе прыгадваць гэты дзень і свае адчуваньні. Ведаеце, дапамагае!
 
А як вы прыйшлі да веры й да Бога?
Гл. таксама:
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
30.11.2013
Першаярарх УГКЦ адслужыў Боскую Літургію на галоўным алтары ў базыліцы Сьвятога Пятра
16.11.2013
Гарадзенскія грэка-католікі адшукалі магілу апошняга ўніяцкага дэкана
30.06.2013
Невялічкая сучасная ўтопія
30.05.2013
Прадстаўнік Папы ў Гомелі: “Трэба прасіць аб дарах Духа Сьвятога”