Пошук
Царква і Грамадзтва
26.02.2017
Грэка-каталіцкі сьвятар: Калі зьнішчаць Курапаты, то Беларусі ўжо ня будзе
 
Дзесяць гадоў таму, перад сьвятарскімі сьвячаньнямі, калі старэйшы сьвятар настаўляў мяне і маіх калегаў, ён сказаў такія словы: «Вам давядзецца змагацца з камунізмам». Я моцна зьдзівіўся, бо які ж камунізм у 2006 годзе, у XXI стагоддзі?! З кожным чарговым годам свайго сьвятарства, я пераконваюся нанова, што той сьвятар меў рацыю: камунізм — гэта рэчаіснасьць, у якой мы жывем.
 
Малітва Апостальскага нунцыя і каталіцкіх сьвятароў візантыйскага і лацінскага абраду ў Курапатах. Дзяды, 2013 г.
Тое, што адбываецца ў Курапатах сёньня — гэта вяршыня айсьбергу барацьбы камунізму і хрысьціянства. Ідзе змаганьне ня проста за захаваньне месца, на якім загінулі і былі пахаваныя ахвяры сталінскіх, камуністычных рэпрэсіяў... Ідзе барацьба за бачаньне, візію ЧАЛАВЕКА.
 
Для камуністычнай ідэалогіі чалавек заўсёды быў нічым. Ён мог быць «гарматным мясам», яго годнасьць прыніжалі ў лагерах. Камунізм культываваў і працягвае культываваць жахлівыя міжчалавечыя адносіны: здраду, нянавісьць, ідалапаклонства і абыякавасьць. Як жа доўга ён працягваў і працягвае руйнаваць сям’ю, забіваць сумленьне чалавека! Чалавек для камунізму ня мае ніякай вартасьці, акрамя адной — чалавек мог «сьмела» ахвяраваць сабой «за Леніна, за Сталіна».
 
Сёньня ідэалогія камунізму жыве і існуюць людзі, якія не саромеюцца называць сябе камуністамі, не саромяцца ганарыцца НКВД-шнай формай! Мы надалей шпацыруем побач з помнікамі ленінам-дзяржынскім па вуліцах паўлікаўмарозавых і адпраўляем сваіх дзяцей на экскурсію на лінію Сталіна.
 
Хрысьціянства ва ўсе часы, у адрозьненьні ад камунізму, заўсёды падкрэсьлівала ўнікальнасьць і вартасьць чалавека, таго, які быў створаны «на вобраз і падабенства Бога». Годнасьць чалавека была шматкроць узвышаная Богам, а асабліва тады, калі Спрадвечнае Слова, Ісус Сын Божы стаўся Чалавекам!
 
Калі зьнішчаць Курапаты, то хрысьціянства прайграе ключавую бітву за Чалавека. Калі зьнішчаць Курапаты, то ўжо ня будзе хрысьціянскай Беларусі, а лепей сказаць ніякай Беларусі ня будзе. Калі будзе зьдзейсьнены нялюдзкі чын, то паўстане ізноў Нялюдзкі чалавек, які зьнішчыць рэшту свабоды, рэшту грамадзкага і асабістага сумленьня чалавека. Мы далучымся да цывілізацыі сьмерці, пра якую шматкроць казаў Папа Ян Павел ІІ.
 
Можа ўжо хопіць верыць «у душы», можа ўжо час беларусам пакаяцца, навярнуцца да веры ў Хрыста, узгадаць запаведзі? Можа ўжо хопіць слухаць тых, якія паказваюць «шлях камунізму», вучаць нас як жыць і сваёй праўдзе праз тэлевізар? Давайце слухаць таго, Які Сам кажа пра Сябе так: «Я — дарога, і праўда, і жыцьцё» (Ян 14, 6).
 
а. Андрэй Буйніч,
грэка-каталіцкі сьвятар, г. Ліда
 
Паводле «Нашай нівы».
Гл. таксама:
14.07.2017
Найпрыгажэйшая...
28.02.2017
Пра Курапаты
21.10.2014
Аб нестварэньні Грэка-Каталіцкай Царквы ў 1596 годзе
05.05.2012
Душпастырская праграма візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
24.09.2009
Ватыканскі кардынал наведае Беларусь