Пошук
Царква і Грамадзтва
27.02.2017
Каталіцкі ярарх заклікае шукаць прымальнага для ўсіх вырашэньня канфлікту ў Курапатах
 
У сувязі з канфліктнай сітуацыяй, якая склалася ў апошні час ва ўрочышчы Курапаты, курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі выступіла з адмысловым зваротам.
 
Тэкст гэтага звароту 25 лютага 2017 году падпісаў Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі.
 
«Наша Бацькаўшчына — Беларусь — перажывае складаныя часы. Няпростая эканамічная і сацыяльна-палітычная сітуацыя ўзмацнілася новымі выклікамі», — адзначаецца на пачатку Звароту, які распаўсюдзіла Інфармацыйная служба пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Catholic.by. — «Яшчэ сьвежыя ў памяці неабгрунтаваныя пратэсты ў справе будаўніцтва новага касьцёлу ў Котаўцы, якія зэлектрызавалі грамадзкасьць. Потым узьнікла праблема падатку для т. зв. «дармаедаў».
Крыжы, устаноўленыя ў ахоўнай зоне каля Курапатаў, на месцы будаўніцтва бізнэс-цэнтру.
За ёй, як сьнежная лавіна, пачала выходзіць з-пад кантролю і пагражаць экскалацыяй сацыяльнай напружанасьці сітуацыя з будаўніцтвам бізнэс-цэнтру побач з урочышчам Курапаты, дзе справа даходзіць нават да боек».
 
У кожнай праблеме трэба шукаць першасную прычыну — адзначаецца ў Звароце. У ім падкрэсьліваецца, што складаная сітуацыя, якая склалася сёньня, ніколі б ня ўзьнікла, калі б пасьля адкрыцьця парэшткаў жорстка забітых у Курапатах людзей былі зробленыя адпаведныя дасьледаваньні і была канкрэтна абазначаная тэрыторыя гэтых пахаваньняў.
 
«Курапаты — гэта Галгота ХХ стагоддзя нашага народу», — адзначае ў звароце Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
«На Галгоце стаяў крыж Хрыста, як знак збаўленьня і паяднаньня. Тысячы людзей кожны дзень ідуць туды, каб паразважаць над сваім збаўленьнем, паяднацца з Богам і паміж сабой». На думку рыма-каталіцкага мітрапаліта Менска-Магілёўскага
«таксама і Курапаты, як нашая Галгота, павінны стаць нацыянальным Мемарыяльным комплексам у памяць пра нявінна загінулых, служыць месцам ачышчэньня памяці, малітвы і паяднаньня, а таксама месцам фармацыі маладога пакаленьня на прынцыпах любові да бліжняга, каб ніколі больш чалавек на падымаў руку адзін на аднаго».
 
Сваю гісторыю, якой бы складанай яна ні была, мы павінны ведаць і памятаць, перакананы Ўладыка Тадэвуш Кандрусевіч. Гэта патрэбна «не для таго, каб разьдзіраць зарубцаваныя раны і пасыпаць іх сольлю, а каб захаваць сябе ад падобных няшчасьцяў у будучыні і будаваць цывілізацыю жыцьця, любові і міру».
 
«Могілкі — гэта сьвятое месца, якое неабходна паважаць. На іх мы молімся аб вечным супакоі там пахаваных. Учынім жа ўсё магчымае, каб іх не трывожыць», — заклікае ў сваім Звароце курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
 
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў прадстаўнікоў улады Менску, Міністэрства культуры, забудоўшчыкаў, мясцовых жыхароў і абаронцаў Курапатаў пры ўдзеле прадстаўнікоў розных веравызнаньняў і сьпецыялістаў у адкрытым і шчырым дыялогу шукаць прымальнага для ўсіх вырашэньня ў гэтай вострай і хвалюючай беларускае грамадзтва праблеме вакол Курапатаў.
 
Каталіцкі ярарх зьвярнуўся таксама да дзяржаўнай улады, дзеячоў культуры, грамадзкіх арганізацыяў і розных канфесіяў з прапановай сумесна абмеркаваць будучыню Курапатаў і папрасіў Божага блаславеньня для намаганьняў усіх зацікаўленых бакоў.
Гл. таксама:
04.07.2017
Прыходзіць да Багародзіцы, каб нашы душы грэліся і напаўняліся любоўю Айца
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
28.02.2017
Пра Курапаты
26.02.2017
Грэка-каталіцкі сьвятар: Калі зьнішчаць Курапаты, то Беларусі ўжо ня будзе
24.09.2009
Ватыканскі кардынал наведае Беларусь