Пошук
Царква і Грамадзтва
09.04.2018
Моладзь і рэлігія
 
У Горадні ў абласной навуковай бібліятэцы імя Я. Карскага адбыўся круглы стол «Моладзь і рэлігія». Яго арганізавала 28 сакавіка 2018 году катэдра гісторыі Беларусі, археалогіі і сьпецыяльных гістарычных дысцыплінаў Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы, якая зьяўляецца вядомым і прызнаным у Беларусі і за мяжой асяродкам дасьледаваньняў беларускай гісторыка-канфесійнай праблематыкі.
 
У працы круглага стала ўдзельнічалі дырэктар і супрацоўнікі Гарадзенскага дзяржаўнага музею гісторыі рэлігіі. Моладзь была прадстаўленая студэнтамі факультэту гісторыі, камунікацыі і турызму.
 
Але галоўнымі дзеючымі асобамі разгорнутай дыскусіі былі аўтарытэтныя і вядомыя на Гарадзеншчыне служыцелі рэлігійнага культу: айцец Міхаіл Велісейчык і айцец Вячаслаў Гаплінчык (Гарадзенская праваслаўная япархія), рэктар Брыгіцкага касьцёлу і віцэ-канцлер Гарадзенскай курыі ксёндз канонік Антоні Грэмза. Грэка-Каталіцкую Царкву прадстаўляў парах парафіі Маці Божай Фацімскай айцец Андрэй Крот.
 
Праблемнае поле круглага стала ўключала абмеркаваньне цэлага шэрагу пытаньняў. Як супрацьстаяць выклікам і небясьпекам глабалізацыі? Як зьберагчы моладзь ад згубнага ўплыву сурагату культуры і далучыць да хрысьціянскіх каштоўнасьцяў? Што робіць Царква для разьвіцьця культурнай, духоўнай адукацыі моладзі? Якая роля Царквы ў падтрыманьні маральнасьці ў грамадзтве? Што можна супрацьпаставіць прапагандзе спажывецтва і культу граха? Наколькі правільным зьяўляецца сьцьверджаньне: ад таго, ці знойдзе моладзь сваё месца ў Царкве, залежыць духоўны стан грамадзтва? Як трэба і як ня трэба гаварыць з моладдзю? Чаго не хапае Царкве ў яе працы з моладдзю? Якія сёньня метады моладзевай працы? Навука і рэлігія — супрацьстаяньне або супрацоўніцтва? І шэраг іншых.
 
Другая група пытаньняў адрасавалася зацікаўленым у такой размове студэнтам-гісторыкам і журналістам, якім выкладаюцца дысцыпліны «Хрысьціянства ў Беларусі (Х — пачатак ХХ ст.)», «Хрысьціянства ў Беларусі ў ХХ ст.». Што значыць быць рэлігійным у маладосьці? Чаго чакае моладзь ад Царквы? Ці змогуць сёньняшнія юнакі і дзяўчаты стаць па-сапраўднаму шчырымі вернікамі? Рэлігія — гэта ўдзел людзей моцных або слабых? І іншыя.
 
Ад катэдры гісторыі Беларусі, археалогіі і сьпецыяльных гістарычных дысцыплінаў у дыскусіі ўдзельнічалі вядомыя навукоўцы: сьпецыяліст па гісторыі Рыма-Каталіцкай Царквы Беларусі ў ХХ ст., доктар гістарычных навук, прафесар Эдмунд Ярмусік (ён жа — навуковы кіраўнік навукова-дасьледчай работы «Рэлігійны фактар у нацыянальным, дзяржаўным, сацыякультурным і грамадзкім разьвіцьці заходняга рэгіёну Беларусі» (1991—2018 гг.), у межах якой праводзіўся круглы стол); дасьледчык гісторыі Ўніяцкай Царквы Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Сьвятлана Марозава; дасьледчык гісторыі Праваслаўнай Царквы Беларусі ў ХХ ст., кандыдат гістарычных навук, дацэнт Сьвятлана Сілава, (яна ж — дактарант Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту; сябра камісіі Гарадзенскай праваслаўнай япархіі па кананізацыі).
 
На гэтай сустрэчы адбыўся абмен меркаваньнямі па хвалюючых усіх удзельнікаў пытаньнях. Гутарка часам пераходзіла ў гарачыя дэбаты і выходзіла за межыі акрэсьленага праблемнага поля. Сьвятары казалі пра моду на атэізм; пра зварот людзей да Царквы тады, калі ім дрэнна, але ігнараваньне яе, калі добра; пра тое, што шэраг буйных трагедыяў сучаснасьці адбыўся ў дні рэлігійных сьвятаў; пра адрозьненьні чалавека верніка ад няверуючага; пра амаральнасьць навукі бяз веры і многае іншае.
 
Студэнты, як правіла, на прыкладах з асабістага досьведу і досьведу іх асяроддзя, казалі пра фактары, якія прыводзяць людзей у Царкву або ад яе адштурхоўваюць, пра кансерватызм Царквы і яшчэ шмат іншага. Было зададзена мноства пытаньняў сьвятарам. Іх адказы грунтаваліся на вялікім досьведзе душпастырскай дзейнасьці, жыцьцёвай мудрасьці, начытанасьці, як у айца Міхаіла Велісейчыка; на грунтоўнай гісторыка-тэалагічнай падрыхтоўцы, як у айца Андрэя Крата. Нават на вострыя і часам звышкрытычныя выказваньні студэнцкай моладзі на адрас Царквы, калі з адзінкавых фактаў рабіліся абагульненьні, калі гучалі асабістыя крыўды на адрас сваіх прыходзкіх сьвятароў, маладыя людзі атрымалі годныя, аргументаваныя адказы аўтарытэтных прадстаўнікоў канфесіяў.
 
Грэка-каталіцкі сьвятар а. Андрэй Крот у сваім выступе на круглым стале нагадаў, што асяродкі асьветы і навукі на нашых беларускіх землях зьвязаныя з хрысьціянствам, а першыя ўніверсітэты ў Еўропе наогул ствараліся Царквой. Аднак пазьней шляхі веры і навукі пачалі паступова разыходзіцца. Навука бяз веры стварыла нямала праблемаў і выклікаў для чалавецтва: варта ўзгадаць жудасныя эксьперыменты ў лагерах сьмерці, вынаходніцтва зброі масавага паражэньня і іншае. Каб пазьбегнуць катастрофы, якая зьнішчыць чалавецтва, розум і вера заўсёды павінны ісьці поруч, адзначыў сьвятар. А скептычнае стаўленьне да рэлігіі ў моладзі, на яго думку, у многім выклікана няведаньнем гісторыі і недастатковай адукаванасьцю ў пытаньнях веры.
 
Круглы стол «Моладзь і рэлігія» нікога не пакінуў абыякавым. Ён прымусіў задумацца моладзь пра тое, што ёсьць вера і якое месца ў іх жыцьці і жыцьці грамадзтва займае Царква, а сьвятароў — як дайсьці да розуму і сэрцаў маладых людзей, каб яны лепш адчувалі сувязь з Царквой.
Гл. таксама:
28.02.2017
Пра Курапаты
26.02.2017
Грэка-каталіцкі сьвятар: Калі зьнішчаць Курапаты, то Беларусі ўжо ня будзе
16.08.2013
Пачаткі хрысьціянства ў Беларусі
26.12.2011
Бэтлеемскі агонь – сымбаль полымя веры
24.09.2009
Ватыканскі кардынал наведае Беларусь