Пошук
Царква і Грамадзтва
24.04.2018
У Беларускай Праваслаўнай Царкве ня бачаць падставаў для актывізацыі пытаньня аб наданьні аўтакефаліі
 
Старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай Праваслаўнай Царквы, доктар тэалогіі, протаярэй Сяргей Лепін у інтэрв’ю Радыё Свабода расказаў аб пазіцыі БПЦ у пытаньні аўтакефаліі.
 
Нагадаем, Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка 9 красавіка 2018 году ў Стамбуле сустрэўся з Канстанцінопальскім патрыярхам Барталамеем у ягонай рэзыдэнцыі і перадаў яму свой зварот і ярархаў УПЦ (КП) і УАПЦ з просьбай аб аўтакефаліі для Праваслаўнай Царквы ва Ўкраіне. Пасьля гэтага 19 красавіка Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла пастанову аб падтрымцы звароту прэзідэнта да Канстанцінопальскага патрыярха аб наданьні аўтакефаліі Праваслаўнай Царкве ва Ўкраіне. 22 красавіка 2018 году ў Канстанцінопальскім патрыярхаце афіцыйна паведамілі, што пытаньне наданьня аўтакефаліі ўкраінскім праваслаўным хрысьціянам прынялі да разгляду і вывучэньня і будуць абмяркоўваць і каардынаваць яго з сястрынскімі праваслаўнымі Цэрквамі.
 
Імкненьне дзяржаўных уладаў Украіны і значнай часткі ўкраінскіх праваслаўных вернікаў да аўтакефаліі Старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускага Экзархату РПЦ протаярэй Сяргей Лепін пракаментаваў у інтэрв’ю Радыё Свабода наступным чынам: «Мы зыходзім з таго, што ва Ўкраінскай Праваслаўнай Царкве ёсьць кананічныя структуры Праваслаўнай Царквы, якія цалкам маюць права прадстаўляць усю паўнату інтарэсаў праваслаўнага насельніцтва Ўкраіны. І па-за ініцыятывамі гэтых структураў усе спробы вырашэньня пытаньня аб наданьні аўтакефаліі антыпрадуктыўныя.
 
Мы спадзяёмся, што сітуацыя ва Ўкраіне будзе разьвівацца згодна з канонамі, а ўсім, хто мае тое ці іншае дачыненьне да гэтай праблемы, Гасподзь дасьць мудрасьці, цярпеньня і адказнасьці».
 
Старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзелу БПЦ адказаў таксама на пытаньне журналісткі Радыё Свабода Іны Студзінскай, ці лічыць Беларуская Праваслаўная Царква Канстанцінопаль сваёй мацярынскай Царквой. Паводле словаў протаярэя Сяргея Лепіна яна для БПЦ ёсьць «хутчэй бабуляй, таму што Беларуская Праваслаўная Царква зьяўляецца часткай Расейскай Праваслаўнай Царквы». Ён адзначыў, што Расейская Праваслаўная Царква калісьці нарадзілася з улоньня Царквы Канстанцінопальскага патрыярхату. «Зразумела, гісторыя і Кіеўскай мітраполіі ў прыватнасьці, і Расейскай Праваслаўнай Царквы ўвогуле генетычна зьвязаныя з Канстанцінопальскай Праваслаўнай Царквой. У гэтым сэньсе яна мацярынская для нас». (У каментары да гэтага матэрыялу на сайце РС прат. Сяргей Лепін заўважыў, што сваю праваслаўную Царкву ён не называе «Расейскай», але «Рускай». — Заўв. рэд. газеты «Царква».)
 
«Але РПЦ сёньня — ужо «дарослая» памесная Царква, а ня частка Канстанцінопальскай. У той час як Беларуская Праваслаўная Царква — частка РПЦ. А ўсе разам мы разам — Адзіная Сьвятая Саборная Апостальская Царква праваслаўных. І я спадзяюся на тое, што ніякія палітычныя супярэчлівасьці, якія існуюць цяпер у сьвеце, ніяк не паўплываюць на добры стан нашых адносінаў, у тым ліку і літургічных», — падсумаваў кіраўнік інфармацыйнай службы Беларускай Праваслаўнай Царквы.
 
На пытаньне пра магчымасьць таго, што і Беларуская Праваслаўная Царква таксама прыйдзе да аўтакефаліі, як гэтага хочуць сёньня многія праваслаўныя ва Ўкраіне, прадстаўнік Беларускага Экзархату Расейскай Праваслаўнай Царквы адказаў наступнае: «Я думаю, што сёньня для актывізацыі пытаньня аб наданьні аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царкве няма ніякіх падставаў».
Гл. таксама:
22.04.2018
Украінскі дэпутат пра аўтакефалію: Сьвяты Дух дыхае там, дзе хоча, а ня толькі там, дзе дазваляе Масква
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
22.05.2016
Лукашэнка прапанаваў, каб Папа Рымскі сустрэўся ў Беларусі з Маскоўскім патрыярхам
12.02.2016
Прадстаўнік Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў пра сустрэчу Папы Рымскага і Маскоўскага Патрыярха
31.12.2015
Нунцый Клаўдыё Гуджэроцьці: Папа папрасіў мяне быць знакам суцяшэньня для ўкраінцаў