Пошук
Царква і Грамадзтва
03.07.2018
Трынаццаць
 
Сваімі думкамі з нагоды трынаццаці гадоў сьвятарства дзеліцца душпастыр грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Горадні а. Андрэй Крот. 2 ліпеня 2005 году, у Івана-Франкоўску ва Ўкраіне, праз ускладаньне рук ён атрымаў сьв. Тайну сьвятарства ад старэнькага біскупа-базыльяніна Сафрона Мудрага.
 
Сёньня стукнула 13 гадоў майму сьвятарству... Для мяне гэта важная дата. Я сябе адчуваю сьвятаром на 13. Трынаццаць — гэта не выдатная пяцёрка, ці дасканалая сямёрка, ці ўніверсальная дванаццатка... Трынаццаць — гэта гэта дванаццатка, якая трохі перастаралася. І атрымалася нешта ні тое, ні сёе, і не падзеліш ніяк, і людзі баяцца, бо ж «чортаў тузін». А каб гэтая трынаццатка пастараляся яшчэ больш, была б чатырнаццаткай, а гэта дзьве сямёркі, ці пятнаццаткай — аж тры пяцёркі!
 
Дык жа я вось адчуваю, што спраўляюся з сваім сьвятарствам на 13. І нібыта спраўляюся, а атрымліваецца, як заўсёды... Ці то перастараўся, ці, наадварот, не дарабіў...
 
А з другога боку... Былі ж больш разумныя за мяне, больш спрытныя, былі і больш набожныя. Хтосьці не дайшоў да сьвятарства, хтосьці стаў сьвятаром, а потым зьнік. Я пакуль што трымаюся. Ужо трынаццаць гадоў.
 
Адзін мой сябра ў семінарыі пераказваў словы свайго пробашча: «Памятай, сьвятарства трэба адпакутаваць». Я ў свае трынаццаць ужо нешта адпакутаваў. Што будзе далей — ня ведаю, але кожны дзень малюся, каб ня страціць веру і не згубіць адносіны з Богам...
 
І яшчэ думаецца мне, што Ісаева «Вось я, пашлі мяне», пра якое часта гаворыцца ў семінарыях адносна пакліканьня да сьвятарства — яно, сапраўды, такое архітыпічнае. Нейкія хлапчукі, якія толькі ў кнігах чыталі, што іх чакае, лезуць, ня ведаючы куды. А там па-рознаму. Ня толькі «ойчанька, ойчанька!», а і «прадаеш сьвечкі, купляеш мэрсэдэсы!» і іншая брыдота. А самая горшая — гэта тая, што з цябе лезе.
 
Але адносна сьвятарства, мне ўзгадваюцца словы з адной кніжкі: «Лепей шкадаваць за тое, што зрабіў, чым за тое, што не зрабіў». Таму выскачыў я калісьці, як той Ісая, «а давайце я буду грэка-каталіцкім сьвятаром»! І не шкадую пакуль. А ня выскачыў бы — шкадаваў бы, напэўна.
 
І апошняе. Вось, верш пераклаў! Карава, магчыма, але нешта кранула мяне, і захацелася перакласьці гэтыя радкі. З ксяндза Яна Твардоўскага:
 
Свайго сьвятарства баюся,
Свайго сьвятарства страшуся,
І перад сьвятарствам падаю ніцма,
І перад сьвятарствам на калені хілюся.
У ліпеньскі ранак маіх сьвячань
Для многіх звычайны, напэўна,
Нейкая моц аграмадная
На мне спачыла неспадзеўна.
Еду з усімі ў трамваі
Ці ў натоўпе імчуся
Сваёй душы таямніцы
Ніяк не надзіўлюся.
 
а. Андрэй Крот, Горадня.
Гл. таксама:
28.09.2014
Айцец Андрэй Крот: “Сьмецьцевы Чарнобыль” – глабальная праблема
16.11.2013
Гарадзенскія грэка-католікі адшукалі магілу апошняга ўніяцкага дэкана
31.07.2012
Айцец Віктар Данілаў: “Я заўсёды быў антыкамуністам”
05.05.2012
Душпастырская праграма візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
06.02.2012
Нунцый да грэка-католікаў: многае залежыць і ад вас