Пошук
Гісторыя Царквы
18.03.2017
«Біблія першых хрысьціянаў — Септуагінта»: 5 фактаў пра Біблію і яе пераклады, якія зьдзіўляюць
 
На якой мове чытаў Стары Запавет у сінагозе Хрыстос? Чаму на Беларусі часьцей за ўсё перапісвалі Евангельлі і Псалтыр? З якой мовы перакладаў Біблію Скарына?
 
У мастацкай галерэі TUT.BY прайшла адкрытая лекцыя бібліста і дактаранта Варшаўскага ўніверсітэту кс. Сяргея Сурыновіча, які распавёў пра асаблівасьці перакладаў Бібліі.
 
Catholic.by выбраў ТОП-5 самых цікавых фактаў, якія прагучалі ў дакладзе.
 
«Пераклад Бібліі — вельмі складаны працэс. Біблія ўзьнікала на адрэзку ў больш за тысячу гадоў, сутыкалася з рознымі культурамі, сьветапоглядамі, вераваньнямі. Ня хопіць, напэўна, жыцьця, каб дасканала вывучыць усю лексіку і культуру нават 100 гадоў з адрэзку, апісанага ў Бібліі, а мы бяромся перакладаць усю Кнігу Кніг», — адзначае сьвятар.
 
1. «Біблія» — грэцкае слова ў множным ліку
 
Слова «Біблія» — грэцкае, націск у якім падае на другі склад: βιβλία. Біблія — слова ў множным ліку. Форма ўтворана ад адзіночнага ліку слова «βιβλίον» — кніга.
 
Фактычна Біблія — гэта збор кніг. У габрэйскім каноне Старога Запавету налічваецца 39 кніг, у каталіцкім — 46, у праваслаўным — 49.
 
2. Стары і Новы Запаветы пісаліся на розных мовах
 
Людзі ў часы Хрыста размаўлялі ў сваім асяродку на арамейскай мове, якой карысталіся ў паўсядзённасьці. Арамейская захавалася сёньня ў мове асірыйцаў і ўваходзіць у семіцкую моўную сям’ю, да якой адносіцца і арабская.
 
Кнігі Новага Запавету напісаныя на дыялекце грэцкай мовы — кайнэ (κοινὴ διάλεκτος). Стары Запавет напісаны на іўрыце (некаторыя невялікія яго часткі на арамейскай) і на грэцкай мове, а першы пераклад Старога Запавету з IV-III стагоддзяў да н.э. быў зьдзейсьнены на грэцкай кайнэ.
 
Алфавіт габрэйскай мовы складаецца з 22 зычных літараў, што ў свой час выклікала цяжкасьці з разуменьнем некаторых словаў. У залежнасьці ад вакалізацыі напісаньне «МЛК» (מלך) можа прачытаць як «МэЛеК» (кароль), «МаЛеК» (валадарыць) і г.д.
 
Пачынаючы з V ст., габрэйскія вучоныя масарэты зьбіраюць гэтыя тэксты і дамаўляюцца аб тым, як іх вакалізаваць. Паступова пад словамі зьяўляюцца агаласоўкі. Гебраісту, каб разумець Біблію на іўрыце, дастаткова вывучыць 2,5 тысячы каранёў словаў.
 
3. Стары Запавет пісаўся на працягу тысячы гадоў, а Новы Запавет узьнік амаль за 50 гадоў
 
Стары Запавет пісаўся на працягу тысячы гадоў, а Новы Запавет узьнік амаль за 50 гадоў. 27 кніг Новага Запавету напісаныя з 50 па 100 гады н.э.
 
Упершыню ўся Біблія на арыгінальных мовах была надрукаваная ў складзе Камплютэнскай Паліглоты (ад назвы месца на лац. Complutum) у шасьці тамах па ініцыятыве гішпанскага кардынала Францыска Хіменэза дэ Сіснэраса (Francisco Jiméneza de Cisneros) у 1514—1517 гадах.
 
Знайсьці і пазьбіраць папірусы, манускулы, лекцыянарыі і скласьці іх у адну кнігу было няпроста — кнігі «вандравалі», перапісваліся, іх перадавалі з рук у рукі або накіроўвалі ў якую-небудзь манаскую супольнасьць. Да сёньня дайшло каля 24 тысячаў розных манускрыптаў з Бібліі.
 
4. Біблія першых хрысьціянаў — Септуагінта
 
У ІІІ ст. да н.э. габрэі, якія жылі ў Александрыі, пад уплывам грэцкай культуры, сталі забывацца іўрыт. Лічыцца, што Пталамей ІІ справакаваў габрэйскую дыяспару перакласьці Біблію на грэцкую мову. У ІІІ стагоддзі да н.э. габрэі гэта зрабілі, а пераклад атрымаў назву Септуагінта.
 
Назва паходзіць ад лічбы 70. Паводле легенды, менавіта столькі навукоўцаў (магчыма, равінаў) працавала над перакладам. Вядома, што перакладзеныя былі ня ўсе кнігі — верагодна, спачатку толькі першыя пяць кніг Старога Запавету.
 
Пры ўзьнікненьні хрысьціянства Септуагінта паўсюль выкарыстоўваўся ў сьвятынях. У Новым Запавеце з 350 цытатаў з Старога Запавету 300 адпавядае тэксту Септуагінты.
 
У сукупнасьці з Новым Запаветам Септуагінта стала Бібліяй першых хрысьціянаў. Менавіта гэтым перакладам карыстаюцца аўтары Новага Запавету і мноства пісьменьнікаў патрыстычнай эпохі. Напрыклад, у Радаводзе Ісуса ў Евангельлі ад Лукі згадваецца Каінан, сын Арфаксада, згадкі пра якога няма ў тэксьце на іўрыце, але ёсьць у Септуагінце.
 
Вялікая верагоднасьць таго, што Ісус чытаў у сінагозе якраз Септуагінту — пераклады Старога Запавету на грэцкую мову.
 
Септуагінта «асучасьніла» арыгінал. Найбольшыя адрозьненьні бачныя ў лексіцы. Словы, зьвязаныя з вопраткай, ежай, посудам — грэцкія і характэрныя для таго перыяду (анахранізмы). У Септуагінце можна знайсьці грашовыя адзінкі эпохі перакладу. Гэта калі б перакладчык прымусіў нас чытаць не пра «лепту», а пра «капейку».
 
5. Лацінскі варыянт Бібліі чакаў свайго прызнаньня 500 (!) гадоў
 
У літургіі Каталіцкай Царквы на Захадзе да V ст. існавалі і выкарыстоўваліся асобныя пераклады Бібліі на лаціну з Септуагінты. Але толькі ў V ст. сьвяты Геранім вырашыў перакласьці на лацінскую мову ўсю Біблію цалкам.
 
Ён пачаў перакладаць кнігу Псалмоў спачатку з Септуагінты. Але працягваў перакладаць ужо з арыгінала — іўрыта. Гэты пераклад атрымаў назву Вульгата.
 
Пераклад сьв. Гераніма зьдзейсьніў доўгі шлях ў Каталіцкай Царкве, каб зацьвердзіцца афіцыйна. Вульгата ўвайшла ва ўжытак толькі ў IX-X ст. н.э. і гэта амаль праз 500 (!) гадоў.
 
Апрацаваў Ілья Лапато, фота Віталя Палінеўскага, Catholic.by.
Гл. таксама:
13.03.2014
Здравствуйте! Кто подразумевается под сынами Божьими в Быт. 6:2? Спасибо.
18.05.2012
Добрый день. Какой вариант перевода Библии принимается в униатстве: Вульгата или Септуагинта?
05.05.2012
Душпастырская праграма візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
25.02.2011
Семінары “Герменэўтыка. Чытаньне Бібліі”
27.04.2009
Каким переводом Библии на белорусский язык пользуется Белорусская Греко-Католическая Церковь? У меня есть белорусский перевод Василия Сёмухи, но им пользуются римо-католики. Я слышал, что у греко-католиков какой-то другой перевод. С уважением.