Пошук
Гісторыя Царквы
07.08.2018
Мітрапаліт Язэп Вельямін-Руцкі. Годны сын беларускай зямлі
 
405 гадоў таму, 8 жніўня 1613 году, Язэп Руцкі атрымаў годнасьць архібіскупа-мітрапаліта Кіеўскага, а 5 красавіка 1614 году папскай булай быў пацьверджаны як мітрапаліт Кіеўскі Зьяднанай Царквы. Пасьля сьмерці 18 ліпеня 1613 году непасрэднага творцы царкоўнай Уніі мітрапаліта Іпація Пацея ён стаў 3-м мітрапалітам Зьяднанай Царквы. Яшчэ пры жыцьці гэтага царкоўнага дзеяча называлі Атлантам еднасьці (Уніі).
 
Язэп Вельямін-Руцкі (1574-1637) — адна з самых выдатных постацяў Уніяцкай Царквы, спадкаемцай якой у Беларусі сёньня зьяўляецца Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква. Галоўнай заслугай Язэпа Руцкага зьяўляецца рэфармаваньне ўсходняга манаства і заснаваньне ў 1617 годзе Ордэну базыльянаў. Пры ім Уніяцкая Царква па-сапраўднаму ўмацавалася і пачала разьвівацца.
 
«З удзячнасьцю Богу ўзгадваем мітрапаліта Язэпа Руцкага і яго рэформу, у межах якой 400 гадоў таму (у 1617 г.) ён рэарганізаваў манахаў-базыльянаў і даверыў ім арганізацыю школьнага навучаньня
Язэп Вельямін-Руцкі — уніяцкі мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсёй Русі (1613—1637 гг.).
паводле еўрапейскіх хрысьціянскіх стандартаў. Пачынаючы ад мітрапаліта Язэпа, Уніяцкая Царква на землях Беларусі прынесла свой каштоўны ўнёсак у сферу адукацыі», — адзначыў 2 лютага 2017 году напярэдадні 380-ых угодкаў сьмерці Язэпа Руцкага Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек), які ў гэты дзень у грэка-каталіцкай парафіі ў Лідзе адслужыў Боскую Літургію падзякі за ягонае жыцьцё і служэньне. Перад гэтым Апостальскі Візітатар БГКЦ наведаў некаторыя знакавыя мясьціны, зьвязаныя з служэньнем мітрапаліта Язэпа Руцкага.
 
Прапануем увазе чытачоў «Царквы» матэрыял пра жыцьцё і дзейнасьць уніяцкага мітрапаліта Язэпа Руцкага, які падрыхтаваў ураджэнец Горадні, базыльянін брат Максіміліян Грыгорыў, які цяпер жыве і навучаецца ў Львове ў Базыльянскім інстытуце філасофска-багаслоўскіх студыяў імя Язэпа Руцкага.
 
* * *
Калі кажуць пра Ўніяцкую Царкву, звычайна вельмі шмат згадваюць сьвятога мучаніка архібіскупа Язафата Кунцэвіча, таксама шмат ідзецца пра мітрапаліта Іпація Пацея, які быў адным з ініцыятараў царкоўнай Уніі на землях Беларусі і Ўкраіны. Але значна менш католікі ведаюць пра велічную постаць наступніка Іпація Пацея — мітрапаліта Язэпа Вельяміна-Руцкага, чалавека, якім сапраўды народ Беларусі можа ганарыцца.
 
Ён нарадзіўся ў заможнай шляхецкай сям’і ў 1574 годзе ў маёнтку Рута, што каля Наваградку, у родавым маёнтку сваіх бацькоў. Існавала некалькі версіяў паходжаньня шляхецкага роду Руцкіх. Паводле іх род Руцкіх, а дакладна Вельямінаў-Руцкіх, па бацькоўскай лініі зьяўляецца нашчадкамі расейскага баярскага роду Вельямінаў, якія пад час апрычніны патрапілі ў няміласьць да цара Івана Грознага і былі вымушаныя ўцякаць у ВКЛ (або патрапілі ў палон падчас вайны), дзе потым знайшлі сабе новую Радзіму. Пабраўшыся шлюбам з мясцоваю шляхтаю і прыдбаўшы сабе маёнтак на Наваградчыне, яны да свайго родавога прозьвішча Вельямінаў пачалі дапісваць другое прозьвішча — Руцкі (ад назвы свайго маёнтку Рута). Па матчынай лініі Руцкія нібыта мелі нават нейкае далёкае сваяцтва з родам князёў Радзівілаў. (Аднак ня так даўно сучасныя беларускія гісторыкі выявілі шэраг важных дакументаў з архіву ўніяцкіх мітрапалітаў, што датычаць маёнтка Рута, якія лічыліся страчанымі. Гэтыя дакументы дазваляюць сьцьвярджаць, што версія пра паходжаньне роду Вельямінаў-Руцкіх з маскоўскіх баяраў зьяўляецца наўмысна створанай легендай дзеля пашырэньня справы Уніі на тэрыторыю Маскоўскай дзяржавы. Новаадшуканыя Германам Брэгерам дакументы, а таксама аналіз пячатак дазволілі Дзянісу Лісейчыкаву скласьці генеалогію роду і зрабіць выснову, што род Вельямінаў (альбо Вельямінавічы) пражывалі на Наваградчыне ўжо ў канцы XV ст. Больш таго, ня выключана, што яны маглі мець татарскае паходжаньне і пазьней прынялі хрысьціянства. — Рэд. «Царквы».)
 
Калі па Еўропе ў ХVI стагоддзі прайшлася Рэфармацыя, сярод заможных шляхецкіх сем’яў нават пайшла мода на кальвінізм або лютаранства. Так, напрыклад, шмат сем’яў з роду Радзівілаў сталі кальвіністамі. Руцкія, таксама як і іхнія далёкія сваякі, прынялі кальвінізм. Іван (Ян) — такое было хроснае імя будучага мітрапаліта Язэпа — згодна з воляй сваіх бацькоў Фелікса (Шчаснага) і Багумілы з роду Корсакаў выхоўваўся як кальвініст. Першапачатковую асьвету ён атрымаў у кальвінскіх школах у Нясьвіжы і Вільні. У 1590 годзе, пасьля сьмерці бацькі, паехаў вучыцца ў Прагу, у Карлавы ўніверсітэт, дзе блізка пазнаёміўся з айцамі-езуітамі, якія там выкладалі. Пад іх уплывам малады юнак Ян Руцкі зрокся кальвінізму і прыняў каталіцкую веру.
 
З Прагі ў 1593 годзе ён перайшоў на трохгадовы курс філасофіі ва ўніверсітэт у Вюрцбургу (Нямеччына), дзе зацікавіўся ўсходнім хрысьціянствам. Сям’я Руцкага, дазнаўшыся, што ён зрокся кальвінізму, перастала яму высылаць грошы. На параду айца-езуіта Якуба Боксы, Ян Руцкі пайшоў пешкі ў Рым, дзе прадоўжыў навучаньне ў Грэцкай калегіі сьв. Атанасія, дзе тады таксама выкладалі езуіты. Там ён не павінен быў плаціць за навуку. Згодна з правіламі Грэцкай калегіі, якая была створана для падтрымкі студэнтаў візантыйскага абраду, Ян Руцкі павінен быў даць прысягу, што як католік пераходзіць на ўсходні абрад. Прысягу такую, хоць і ня вельмі ахвотна, ён даў у прысутнасьці самаго Папы Рымскага Клімента VІІІ. Але неаднойчы, асабліва ў часы цяжкіх выпрабаваньняў, калі яму здавалася, што ён ня зможа далей служыць ва Ўніяцкай Царкве, хацеў яе зрачыся.
 
Пасьля чатырохгадовага курсу тэалогіі, у траўні 1603 году, Ян Руцкі, яшчэ без сьвятарскіх сьвячаньняў вярнуўся ў Вільню. Ян Руцкі быў цалкам ўпэўнены, што яго, які меў еўрапейскую тэалагічную асьвету, хутка высьвяціць на сьвятара, але так ня сталася. На пачатку мітрапаліт Іпаці Пацей паставіўся стрымана да выхаванца замежных універсітэтаў. Руцкаму давялося спачатку заняцца ўладкаваньнем сваіх сямейных справаў з спадчынай у Руце. Пасьля гэтага ён жыў у Вільні і апекаваўся маладымі юнакамі, якія рыхтаваліся да прыняцьця духоўнага сану, удзельнічаў у публічных дыспутах з некатолікамі, затым стаў рэктарам у семінарыі, заснаванай пра манастыры Сьвятой Тройцы мітрапалітам Іпаціем Пацеем.
 
У студзені 1605 году Руцкі, споўнены маладога запалу, пачаў складаць свае планы для адраджэньня Ўсходняй Царквы. Ён напісаў вялікі праект пад назваю «Выклад аднаго русіна пра выпраўленьне ладу ў грэцкім абрадзе». Гэты праект Руцкі спадзяваўся ажыцьцявіць з дапамогай манахаў кармялітаў босых і прыкладаў намаганьні, каб схіліць да Уніі яшчэ і маскоўскіх праваслаўных уладыкаў, дзеля чаго паехаў у Масковію. У 1605—1606 гг. Руцкі пабываў з папскім легатам Паўлам Сімяонам у Маскве, дзе прапаноўваў цару Дзьмітрыю Самазванцу накіроўваць маскоўскіх юнакоў на навучаньне ў Вялікае Княства Літоўскае. Але з гэтага нічога ня выйшла.
 
Па даручэньні мітрапаліта Іпація Пацея Ян Руцкі з справаздачай зноў паехаў у Рым, і там пачаў прасіць папу вызваліць яго ад прысягі, каб вярнуцца на лацінскі абрад. Але папа гэтага не зрабіў. Больш таго, яшчэ больш пачаў пераконваць Яна Руцкага ў неабходнасьці служыць ва ўсходнім абрадзе і блаславіў на вяртаньне ў Вільню. Вярнуўшыся ў Вільню, Руцкі пасяліўся паблізу манастыра Сьвятой Тройцы, хадзіў на ўсе набажэнствы манахаў, разважаючы над тым, што яму рабіць.
 
І тут сталася тое, што зьмяніла ўвесь будучы ягоны лёс. Ян Руцкі пазнаёміўся з маладым манахам з манастыра Сьвятой Тройцы Язафатам Кунцэвічам, які быў на шэсьць гадоў маладзейшы за яго. Знаёмства і сяброўства з ім дапамагло Яну Руцкаму вызначыцца з выбарам уласнага шляху дзеля рэалізацыі свайго пакліканьня. Пад уплывам сяброўства з Язафатам Кунцэвічам Ян Руцкі 6 верасьня 1607 году паступіў у навіцыят у віленскі манастыр Сьвятой Тройцы.
Фрагмент брамы базыльянскага манастыра Сьвятой Тройцы ў Вільні.
1 студзеня 1608 году, па сканчэньні выпрабавальнага тэрміну, адбылося яго пастрыжэньне ў манахі, падчас якога ён зьмяніў свае хроснае імя Ян (Іван) на манаскае — Язэп. Адразу пасьля гэтага Язэп Руцкі атрымаў сьвячаньні дыякана, а затым мітрапаліт Іпаці Пацей нарэшце высьвяціў яго на сьвятара. Складаецца ўражаньне, што Іпаці Пацей нібы таго і чакаў, пакуль Руцкі абярэ манаскі стан.
 
Архімандрытам віленскага манастыра тады быў Самуіл Сянчыла, які пазьней нарабіў шмат шкоды для Ўніяцкае Царквы, прагнучы вярнуць яе ў праваслаўе. У чэрвені 1608 году, калі мітрапаліт Пацей разам з Руцкім былі адсутныя, архімандрыт Сянчыла наказаў а. Язафату, які тады быў настаўнікам у навіцыяце, выехаць з навікамі ў вёску пад Вільняй, дзе быў манастырскі фальварак, каб правесьці там рэкалекцыі. Думаючы, што Язафата ў манастыры няма, Сянчыла сам выехаў за горад (каб ніхто не здагадаўся пра яго змову), даючы магчымасьць Віленскаму праваслаўнаму Сьвята-Духаўскаму брацтву захапіць манастыр Сьвятой Тройцы. Язафат Кунцэвіч, ведаючы падступнасьць архімандрыта Сянчылы, якога той таксама намагаўся перацягнуць на схізму, напісаў ліст да Руцкага, каб той неадкладна вяртаўся ў Вільню. Такім чынам манастыр быў уратаваны ад захопу праваслаўнымі.
 
Мітрапаліт Пацей не пакараў Сянчылу за гэты ўчынак, і нават пакінуў яго яшчэ на кароткі час час на пасадзе архімандрыта, але пасьля гэтых падзеяў прызначыў сваім генеральным вікарыем Язэпа Руцкага. У сьнежні 1608 году Сянчыла зноў, пры падтрымцы Сьвята-Духаўскага брацтва, намагаўся захапіць манстыр Сьвятой Тройцы, але віленская «гарадзкая старожа» яго абараніла. У студзені 1609 году архімандрыт Сянчыла прылюдна выступіў супраць мітрапаліта Іпація Пацея, перацягнуўшы за сабой на праваслаўе некалькі ўніяцкіх сьвятароў. Тады мітрапаліт Пацей зьняў Сянчылу з пасады Віленскага архімандрыта. На пасаду архімандрыта ў 1609 годзе быў прызначаны Язэп Руцкі, а ігуменам Віленскага Траецкага манастыра стаў Язафат Кунцэвіч.
 
Праваслаўныя ў трэці раз намагаліся захапіць Віленскі манастыр Сьвятой Тройцы ў кастрычніку 1608 году, за што кароль Жыгімонт ІІІ загадаў ім аддаць уніятам 11 цэркваў і заплаціць 10 тысячаў злотых штрафу за парушэньне грамадзкага парадку. Гэта прывяло да зьдзяйсьненьня імі ў 1610 годзе замаху на жыцьцё мітрапаліта Пацея, якога ўратаваў Язэп Руцкі. Тады нанятаму праваслаўнымі забойцы ўдалося толькі адсячы мітрапаліту шабляю тры пальцы на левай руцэ.
8 жніўня 1613 году, пасьля сьмерці Іпація Пацея, кароль Рэчы Паспалітай менаваў Язэпа Вельяміна-Руцкага мітрапалітам Зьяднанай Царквы. 5 красавіка 1614 году яго абраньне мітрапалітам было зацьверджана булай Папы Рымскага.
 
Архімандрытам і Віленскім ігуменам Язэп Руцкі адразу прызначыў Язафата Кунцэвіча, які пазьней стаў Полацкім архібіскупам. Найгалоўную праблему ў справе рэфармаваньня ўніяцкіх манастыроў мітрапаліт Руцкі бачыў у паляпшэньні ўзроўню асьветы ў фармацыі манахаў. Таму ў 1613 годзе ён заснаваў у Быцені (сучасная Берасьцейская вобласьць) навіцыят для маладых манахаў, якія жылі паводле манаскіх правілаў сьвятога Васіля Вялікага, запрасіўшы туды ў якасьці настаўнікаў айцоў-езуітаў. Заснаваньне навіцыяту дало пачатак стварэньня новага ўніяцкага манаскага закону, які сваю дзейнасьць будаваў на аскетычных правілах сьв. Васіля Вялікага. Манахі гэтага ордэну пазней сталі называцца базыльянамі. Акрамя Вільні і Быцені падобныя ўніяцкія манастыры, дзе манахі грэцкага абраду жылі паводле правілаў сьв. Васіля Вялікага, існавалі яшчэ ў Менску, Наваградку і Жыровічах.
 
Восеньню 1615 году мітрапаліт Язэп Руцкі выправіўся ў Рым, каб скласьці пашану Папу Рымскаму і паведаміць пра стан сваёй мітраполіі.
 
Дні 19—26 ліпеня 1617 году сталі для манахаў-базыльянаў гістарычнымі: у Нагародавічах каля Наваградку, у маёнтку Руцкіх, адбылася першая ўстаноўчая капітула, дзе быў створаны Ордэн Базыльянаў: 5 уніяцкіх манастыроў, што жылі за статутам сьв. Васіля Вялікага, былі аб’яднаныя ў адну манаскую супольнасьць. Адразу пасьля гэтага мітрапаліт Руцкі пачаў складаць новыя ўсеагульныя правілы для манаскага жыцьця. Таксама ў гэты час Язэп Руцкі пачаў рабіць спробы аднаўленьня мітрапалічай рэзідэнцыі ў Кіеве.
 
Увосень 1620 году ў Кіеў патаемна прыехаў Ерусалімскі патрыярх Тэафан, які нелегальна высьвяціў на мітрапаліта незьяднанай Царквы ў Рэчы Паспалітай Ёва Барэцкага і разам з ім яшчэ 6 сьвятароў на дапаможных біскупаў, галоўнаю мэтаю якіх стала супрацьдзеяньне аб’яднаньню Ўсходняй Царквы з Рымам. Так, у Полацку, акрамя біскупа зьяднанай Царквы Язафата Кунцэвіча, зьявіўся біскуп-схізматык Мялеці Сматрыцкі. Праз тры гады з яго ўдзелам былі арганізаваныя хваляваньні сярод праваслаўнага насельніцтва, у якіх узбуджаны нападкамі на Унію люд, па сутнасьці падбураны казаньнямі Сматрыцкага, 12 лістапада 1623 году забіў у Віцебску полацкага ўніяцкага архібіскупа Язафата Кунцэвіча, які быў там з візітацыяй. І хоць старшыня Каралеўскай судовай камісіі Леў Сапега жорстка пакараў віцяблянаў (38 асобаў атрымалі сьмяротны вырак, а Віцебск на 5 гадоў быў пазбаўлены магдэбургскага права), мітрапаліт Язэп Руцкі вельмі балюча перажываў сьмерць свайго найлепшага сябра і паплечніка. Знакавай падзеяй пасьля трагедыі ў Віцебску сталася навяртаньне на каталіцтва самаго праваслаўнага біскупа Мялеція Сматрыцкага, які ў 1627 годзе склаў каталіцкі Сымбаль веры і стаў перакананым прыхільнікам Уніяцкай Царквы. Адразу пасьля расьследаваньня тых крывавых падзеяў мітрапаліт Руцкі падаў у Рым просьбу пра беатыфікацыю Язафата Кунцэвіча. Ліст з клапатаньнем пра гэта быў датаваны 4 траўня 1624 году, а ў 1643 годзе полацкі архібіскуп Язафат Кунцэвіч быў абвешчаны блаславёным Царквы.
 
У 1624 годзе мітрапаліт Руцкі зьвярнуўся да Рыму, у Кангрэгацыю Пашырэньня веры, з просьбаю пра наданьне базыльянам права выбіраць сабе кіраўніцтва, склікаючы генеральныя капітулы раз на 4 гады, як гэта было прынята ў іншых каталіцкіх манаскіх законах. 26 кастрычніка 1624 году Кангрэгацыя выдала дэкрэт, паводле якога базыльянам надаваліся тыя ж самыя правы, што і іншым каталіцкім манаскім законам. Гэта было фактычным зацьверджаньнем Ордэну базыльянаў на ўзроўні Апостальскай Сталіцы.
 
У 1626 годзе мітрапаліт Язэп склікаў у Кобрыне Сінод Зьяднанай Царквы, дзе была зацьверджаная першая на тэрыторыі сучаснай Беларусі ўніяцкая духоўная семінарыя ў Менску. Мітрапаліта Язэпа Руцкага ўвесь час турбавала, што новазаснаваны манаскі закон ня меў дастатковай колькасьці сваіх духоўных правадыроў і настаўнікаў, а манахі ў цэлым усё яшчэ не дасягнулі таго ўзроўню духоўнасьці, пра якія ён марыў яшчэ ў час заснаваньня Ордэну базыльянаў. Таму ён зноў у 1624 годзе запрашае айцоў-кармялітаў, а ў 1633 годзе — айцоў-езуітаў для дапамогі ў фармацыі будучых манахаў Зьяднанай Царквы. Язэп Руцкі вельмі хацеў распаўсюдзіць свой Чын сьв. Васіля Вялікага і ў іншых славянскіх краінах Еўропы, а таксама каб рэзідэнцыя ўправы Ордэну базыльянаў была ў Рыме. Гэта было зьдзейсьнена толькі ўжо пасьля яго сьмерці — у 1639 годзе.
 
У 1629 годзе ў Жыровічах адбылася яшчэ адна базыльянская капітула, дзе акрамя фінансава-гаспадарчых пытаньняў было вырашана пачаць будаваць новую царкву ў гонар Жыровіцкай Божай Маці на тэрыторыі Жыровіцкага базыльянскага манастыра, якая і сёньня зьяўляецца адной з пярлінаў беларускай духоўнай спадчыны.
 
У ліпені 1636 году ў Вільні мітрапаліт Язэп Руцкі правёў апошнюю за сваё жыцьцё базыльянскую капітулу, дзе выступіў з доўгай прамовай, споўненай дакору да сваіх братоў. Ён быў вельмі стурбаваны выпадкамі пераходу базыльянаў на лацінскі абрад і ўсё большым пашырэньнем польскай мовы. Наогул у тыя часы сярод беларускай шляхты, з асяроддзя якой часьцей за ўсё былі кандыдаты ў манастыры базыльянаў, беларуская мова рабілася ўсё менш прэстыжнай і непапулярнай, таксама як і хрысьціянства ўсходняга абраду. Адчуваючы свой хуткі канец, і ня маючы ўжо магчымасьці далей выконваць сваё служэньне як мітрапаліт Уніяцкай Царквы, ён падрыхтаваў сабе пераемніка на пасаду мітрапаліта — Рафаіла Корсака, які быў зацьверджаны і прызначаны Рымам, а перад тым быў Полацкім біскупам.
 
Язэп Руцкі памёр 5 лютага 1637 году ў базыльянскім манастыры ў мястэчку Дэрмань (сёньня ў Ровенскай вобласьці ва Ўкраіне). Пазьней яго мошчы былі ўрачыста перапахаваныя ў Віленскім манастыры Сьвятой Тройцы, дзе пачынаўся Ордэн Базыльянаў. Калі ў 1655 годзе Вільню занялі маскоўскія войскі, мошчы мітрапаліта Язэпа Руцкага былі вывезеныя ў невядомым кірунку і, верагодна, зьнішчаныя.
 
У гісторыю мітрапаліт Язэп Вельямін-Руцкі ўвайшоў як дастойны пераемнік справы Уніі, якую на землях сучасных Беларусі і Ўкраіны распачаў Іпаці Пацей, і як заснавальнік першага ўніяцкага манаскага закону — Ордэну сьв. Васіля Вялікага (айцоў базыльянаў), які пачынаўся некалі з адзінага Віленскага манастыра Сьвятой Тройцы. На момант сьмерці мітрапаліта Язэпа Руцкага Чын сьв. Васіля Вялікага меў 4 манастыры на тэрыторыі сучаснай Украіны (Дубна, Дэрмань, Калемчыцы і Гарадзішча), 2 — на тэрыторыі сучаснай Літвы (Вільня і Трокі), 2 — на тэрыторыі сучаснай Польшчы (Холм і Спас-Стоўпя) і ажно 39 (!) — на тэрыторыі Беларусі. З мясьцянаў у Беларусі, дзе былі найбольш вядомыя базыльянскія цэрквы і манастыры, варта ўзгадаць Берасьце, Быцень, Браслаў, Вольна, Горадню, Жыровічы, Кобрынь, Менск (4 манастыры: Сьвятога Духа, Кузьмы і Дзям’яна, сьв. Мікалая і Ўзьнясеньня), Магілёў, Амсьціслаў, Наваградак, Полацак (Сьвятой Сафіі і святых Барыса і Глеба) і шмат іншых. На жаль, большасьць базыльянскіх манастыроў апынулася ў той частцы Рэчы Паспалітай, якая пасьля яе падзелаў адыйшла да Расейскай імперыі, дзе яны былі адабраныя на карысьць праваслаўнай Царквы або проста зачыненыя і ліквідаваныя. Базыльянскі ордэн выжыў толькі на той частцы Кіеўскай мітраполіі, што апынулася ў Аўстра-Вугорскай імперыі Габсбургаў, бо ўрад там быў больш лаяльны да Уніі, чым расейскі. Ордэн базыльянаў ня толькі выжыў там (сучасныя Ўкраіна, Славакія, Вугоршчына), а яшчэ і распаўсюдзіўся на суседнія краіны. Пазьней зьявіліся базыльянскія манастыры нават у Канадзе, Бразіліі, Аргентыне і ЗША.
 
Але ў Беларусі, на Радзіме першага ўніяцкага манаскага закону, на сёньняшні дзень няма ніводнага базыльяніна, ніводнага базыльянскага манастыра. Таксама і пра мітрапаліта Язэпа Руцкага часьцей можна пачуць ва Ўкраіне, чым на яго Бацькаўшчыне, у Беларусі. Аднак, маем надзею на Ўсемагутнага Бога, што прыйдуць у Беларусь яшчэ тыя часы, калі адродзіцца Беларуская З’яднаная Цакрква пад началам Адзінага Пастыра і Апостальскай Сталіцы, дзеля чаго і прысьвяціў свае жыцьцё годны сын беларускай зямлі — мітрапаліт Язэп Вельямін-Руцкі.
 
брат Максіміліян Грыгорыў
Гл. таксама:
18.10.2017
Каб несьці сьвятло Хрыстова людзям у сьвеце
10.07.2017
Дзеля ўмацаваньня Еднасьці. Мітрапаліт Язэп Руцкі
18.10.2016
Мітрапаліт Кандрусевіч: жыць у поўнай царкоўнай еднасьці — каштоўны дар Божы
14.10.2016
«Быць сьведкамі Евангельля любові для кожнага чалавека»
20.01.2016
Не было б уніяцтва – не было б Беларусі?