Пошук
Відэа
Упершыню з часоў скасаваньня Уніі грэка-каталіцкі мітрапаліт Кіеўскі адслужыў сьв. Літургію ў Беларусі
Поўны відэазапіс гістарычнай Архірэйскай Боскай Літургіі ў Менску, на сьвята Покрыва Найсьвяцейшай Багародзіцы, якую адслужыў 1 кастрычніка 2017 году Першаярарх УГКЦ, Вярхоўны Архібіскуп Кіева-Галіцкі Сьвятаслаў (Шаўчук) у грэка-каталіцкім Цэнтры сьв. Язэпа.

«Я з асаблівым хваляваньнем малюся тут з вамі і за вас. Вялікія справы сёньня Госпад Бог робіць перад нашымі вачыма. Напэўна, апошні раз мітрапаліт Кіеўскі, зьверхнік нашай Царквы, мог маліцца з сваімі людзьмі на гэтай зямлі сотні гадоў таму, яшчэ да ліквідацыі нашай Царквы ў Расейскай імперыі», — адзначыў падчас сваёй Архірэйскай Боскай Літургіі для беларускіх грэка-католікаў у Менску Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук), Вярхоўны Архібіскуп Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.

З 28 верасьня па 1 кастрычніка 2017 году Першаярарх УГКЦ Сьвятаслаў (Шаўчук) знаходзіўся ў Менску і браў удзел у пленарным пасяджэньні Рады Канферэнцыяў Біскупаў Еўропы, на якім прадстаўляў Сінод Біскупаў УГКЦ.