Пошук
Відэа
Ісідар Кіеўскі і Флярэнцкая унія
Постаці мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Русі Ісідара, які на працягу ўсяго свайго жыцьця быў адданым прыхільнікам паяднаньня Ўсходняй і Заходняй Цэркваў, а таксама стаў прадстаўніком Русі на Фэрара-Флярэнцкім саборы (1438—1445), была прысьвечана публічная лекцыя вядомых расейскіх дасьледчыкаў Сяргея Бр’юна, Аляксея Кара-Мурзы і Максіма Кліменкі. Лекцыя адбылася 19 сакавіка 2018 году ў Ахматаўскім доме ў Маскве.

У расейскай і праваслаўнай гістарыяграфіі імя мітрапаліта Ісідара набыло ўстойлівае адмоўнае адценьне. Яно асацыюецца са «здрадай» праваслаўя і адрынутай рускім народам уніяй. Аднак пры больш пільным разглядзе Мітрапаліт Кіеўскі Ісідар, які пасьля стаў кардыналам Рымскай Царквы, паўстае як адзін з самых яркіх візантыйскіх багасловаў і інтэлектуалаў свайго часу, як абаронца праваслаўных на землях Рэчы Паспалітай і Міжземнамор’я, як прыхільнік еднасьці хрысьціянаў. Мітрапаліт Ісідар быў непрыязна сустрэты ў Маскве вялікім князем маскоўскім Васілём II Цёмным, як пастаўлены супраць яго волі. Але, будучы дасьведчаным дыпламатам, здолеў пераканаць маскоўскага ўладара ў неабходнасьці скліканьня новага Ўсяленскага сабору, на якім бы праваслаўныя пераканалі каталікоў (лацінянаў) адмовіцца ад дагматычных новаўвядзеньняў, што паслужыла б прымірэньню хрысьціянскага Захаду і Ўсходу ды выратаваньню Візантыі і Грэцкай Царквы. Мітрапаліт Ісідар стаў адным з самых прыкметных удзельнікаў Фэрара-Флярэнцкага сабору і прыхільнікам уніі. Гэты мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі адслужыў адзіную літургію ва Ўсьпенскім саборы Маскоўскага Крамля з памінаньнем усіх пяці патрыярхаў (Рыма, Канстанцінопаля, Александрыі, Антыёхіі і Ерусаліма). Гэта быў апошні мітрапаліт, абраны і пастаўлены для ўсёй Русі ў Канстанцінопалі. Пасьля гэтага маскоўская мітраполія аддзялілася ад кіеўскай, і ў Маскве пачалі абіраць мітрапалітаў без узгадненьня і бласлаўленьня патрыярха. І менавіта Ісідар, ужо як патрыярх, адслужыў апошнюю літургію ў Канстанцінопальскай Сафіі напярэдадні падзеньня гораду. Горада, які ён абараняў да канца.

У сваім выступе Сяргей Бр’юн — навуковы супрацоўнік Інстытуту сьв. Фамы (Масква), гісторык хрысьціянскага Ўсходу, аўтар публікацыяў па гісторыі Царквы і царкоўнаму мастацтву, паказаў гісторыю і лёс складанай і супярэчлівай асобы мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Русі Ісідара (1386—1458), які быў адным з самых выдатных інтэлектуалаў і філосафаў свайго часу. Ісідар на працягу ўсяго свайго жыцьця быў адданым прыхільнікам ідэі пераадоленьня рознагалосьсяў і паяднаньня Заходняй і Ўсходняй Цэркваў. Дасьледчык спыніўся на яго вялікай місіі, на яго актыўным удзеле ў працы Фэрара-Флярэнцкага сабору, яго ролі ў падпісаньні Флярэнцкай уніі, што да гэтага часу зьяўляецца прадметам вострых дыскусіяў навукоўцаў усяго сьвету. Таксама навуковец зьвярнуў увагу на прыкметнае месца спадкаемцаў Уніі ў сучасным хрысьціянскім сьвеце, асабліва на Блізкім Усходзе і Сьвятой Зямлі.

Вядомы расейскі філосаф і гісторык Аляксей Кара-Мурза — дасьледчык «Рускай Італіі», Віцэ-прэзідэнт Флярэнцкага таварыства, аўтар шматлікіх кніг і навуковых артыкулаў пра знаходжаньне знакамітых расейцаў у Італіі — у сваім выступе засяродзіўся на важных і цікавых падрабязнасьцях арганізацыі і правядзеньня Фэрара-Флярэнцкага сабору 1438—1445 гг., на якім была падпісаная Флярэнцкая унія.

Напрыканцы лекцыі выступіў гісторык Максім Кліменка (Афіны), які свой выступ прысьвяціў ролі Ісідара Кіеўскага ў захаваньні Візантыйскага сьвятаайцоўскага пісьменства, грэцкай вучонасьці.