Пошук
Навіны
23.12.2016
420 гадоў Берасьцейскай Уніі адзначылі ў Рыме
 
Першаярарх УГКЦ Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук) 15 сьнежня 2016 году ў Папскім Латэранскім саборы сьв. Яна Хрысьціцеля ў Рыме ўзначаліў падзячную Архірэйскую Боскую Літургію з нагоды 420-годдзя Берасьцейскай царкоўнай уніі. Разам з шматлікімі вернікамі і духавенствам Зьверхнік УГКЦ дзякаваў Богу за «дар еднасьці Царквы».
 
Як паведамляе прэс-служба таварыства «Свята Софія», зьвяртаючыся да прысутных вернікаў, украінскі грэка-каталіцкі першаярарх у сваім казаньні спыніўся на галоўных прычынах візіту пасланцоў Кіеўскага мітрапаліта ў Апостальскую Сталіцу.
Першаярарх УГКЦ Сьвятаслаў (Шаўчук) у Рыме, 15.12.2016.
«Што яны шукалі і з чым вярнуліся?» — паставіў пытаньне зьверхнік УГКЦ. «Найперш яны шукалі адраджэньня хрысьціянскага жыцьця /.../. Акрамя гэтага, яны жадалі роўнасьці візантыйскага абраду з лацінскім. Трэцяй прычынай быў пошук еднасьці Царквы», — сказаў Уладыка Сьвятаслаў (Шаўчук). Ён таксама зьвярнуў увагу, што папскі дакумент пра зацьвярджэньне Уніі, абвешчанай на царкоўным саборы ў Берасьці, які ўладыкі везьлі з сабой дадому, «стаў першым дакументам міжнароднага права, які ня толькі прызнаваў, але і абараняў правы Кіеўскай Царквы».
 
Згадваючы пра крытыку і недаацэнку Берасьцейскай уніі, Першаярарх УГКЦ адзначыў, што «да гэтага часу ніхто не знайшоў і ня прапанаваў лепшай мадэлі царкоўнага яднаньня». Прапаведнік падкрэсьліў, што юбілей, які адзначаюць грэка-католікі, зьяўляецца «нагодай падзякаваць Богу за 420 гадоў царкоўнай еднасьці, якія нашая Царква ня толькі атрымала як дар, але і здолела пранесьці праз розныя ліхалецьці гісторыі нашага народу. Таму мы дзякуем Богу таксама за дар вядомых і невядомых мучанікаў на ўкраінскіх і беларускіх землях».
 
Набажэнства з нагоды юбілею Берасьцейскай уніі адбывалася ў катэдральным саборы Рымскай япархіі, першым сярод чатырох папскіх базылік Вечнага гораду, гістарычна першай катэдры рымскіх пантыфікаў. З Першаярархам УГКЦ саслужылі Ўладыка Дыянісі (Ляховіч), Апостальскі візітатар для ўкраінцаў грэка-католікаў у Італіі і Гішпаніі, Уладыка Ірынэй (Білык), канонік Папскай базылікі Санта Марыя Маджорэ, грэка-каталіцкія душпастыры з розных украінскіх супольнасьцяў у Італіі, прадстаўнікі манаскіх супольнасьцяў, Украінскай папскай калегіі сьв. Язафата і Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.
 
Адзначым таксама, што згодна з пастаноыай Сіноду Кіева-Галіцкага Вярхоўнага Архібіскупства УГКЦ, які адбыўся ў Львове 18-19 лістапада 2016 году, 15 сьнежня гэтага году ва ўсіх цэрквах Львоўскай архіяпархіі УГКЦ для ўшанаваньня 420-годдзя Берасьцейскай Уніі адбыліся падзячныя Боскія Літургіі за дар еднасьці УГКЦ з Паўсюднай Царквою, падчас якіх маліліся таксама за еднасьць Цэркваў — спадкаемніцаў Уладзіміравага хросту і за еднасьць усіх хрысьціянаў.
 
Фота: Ганны Астапенка, Андрэя Сэрэнько.

Гл. таксама:
06.12.2016
У Берасьці падчас сьвята парафіі ў 420-ыя ўгодкі Уніі асьвяцілі крыж на каплічцы
18.10.2016
Мітрапаліт Кандрусевіч: жыць у поўнай царкоўнай еднасьці — каштоўны дар Божы
25.09.2014
Уніі практыкаваліся ў гісторыі практычна ўсіх Цэркваў
30.11.2013
Першаярарх УГКЦ адслужыў Боскую Літургію на галоўным алтары ў базыліцы Сьвятога Пятра
19.04.2013
Дэлегацыя УГКЦ на Сьвятой Зямлі