Пошук
Навіны
26.01.2017
Любоў Хрыстова заахвочвае нас да прымірэньня
 
18-25 студзеня 2017 году адбыўся чарговы Тыдзень малітваў за еднасьць хрысьціянаў, дэвіз якога сёлета: «Любоў Хрыстова заахвочвае нас нас да прымірэньня» (пар. 2 Кар 5, 14-20). Гэтыя словы зьяўляюцца сапраўдным выклікам для ўсіх вызнаўцаў Хрыста адзначыў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў Ватыкане 18 студзеня.
 
«Папросім Госпада, каб усе хрысьціянскія супольнасьці, лепш пазнаючы ўласную гісторыю, багаслоўе і права, усё больш адкрываліся на прымірэньне. Няхай нас прасякне дух добразычлівасьці і разуменьня, а таксама жаданьне супрацоўнічаць», — сказаў Папа.
 
Зьвяртаючыся да пілігрымаў з розных куткоў сьвету, якія прыбылі на сустрэчу з ім, Папа зьвярнуў увагу на важнасьць малітвы за еднасьць хрысьціянаў. «Нашая надзея на еднасьць выяўляецца праз нашую малітву, і гэта ёсьць надзея, якая не расчаруе», — сказаў ён, вітаючы франкамоўных пілігрымаў.
 
«Евангельле Хрыста знаходзіцца ў цэнтры нашага жыцьця і аб’ядноўвае людзей, якія размаўляюць на розных мовах, пражываюць у розных краінах і жывуць верай у розных супольнасьцях. Экуменічны рух — з Божай дапамогай — прыносіць свой плён», — падкрэсьліў Папа, заклікаючы хрысьціянаў рупліва служыць справе еднасьці і міру.
 
Сярод нямецкамоўных пілігрымаў была дэлегацыя «Еўрапейскага экуменічнага шляху», зьвяртаючыся да якой, Сьвяты Айцец Францішак узгадаў пра нядаўнюю экуменічную малітву ў шведзкім Лундзе, у якой ён прымаў удзел 31 кастрычніка 2016 году з нагоды 500-годдзя Рэфармацыі.
 
«У духу гэтага супольнага ўспаміну Рэфармацыі будзем больш глядзець на тое, што нас яднае, чым на тое, што разьдзяляе, працягнем агульны шлях для паглыбленьня нашай еднасьці, каб надаць ёй яшчэ больш бачную форму. У Еўропе гэтая супольная вера ў Хрыста — нібы жывая нітка надзеі: мы ўсе належым адзін аднаму. Сумоўе, прымірэньне і еднасьць — магчымыя. Як хрысьціяне, мы адказныя за гэтае пасланьне і павінны сьведчыць пра яго нашым жыцьцём», — адзначыў Рымскі Архірэй. — «Няхай Госпад блаславіць гэтае жаданьне яднаньня і беражэ ўсіх людзей, якія крочаць па шляху да еднасьці».
 
Папа прывітаў таксама прысутную на агульнай аўдыенцыі экуменічную дэлегацыю з Эфіёпіі і нагадаў аб плённасьці дыялогу паміж Цэрквамі. «Экуменічны рух прыносіць плён, дзякуючы Божай ласцы. Нябесны Айцец няхай працягне выліваць свае блаславеньні на ўсіх сваіх дзяцей. Дарагія браты і сёстры, служыце еднасьці і міру», — заклікаў Францішак.
 
Напрыканцы аўдыенцыі, зьвяртаючыся да моладых людзей, Папа заклікаў іх маліцца, каб хрысьціяне змаглі зноў быць адной сям’ёй. Прысутным на сустрэчы хворым ён прапанаваў ахвяроўваць свае цярпеньні і пакуты за еднасьць Царквы, а новых сужонкаў Сьвяты Айцец заклікаў жыць досьведам ахвярнай любові, падобнай да любові Бога, якую Ён мае да ўсяго чалавецтва.
 
Паводле матэрыялаў Радыё Ватыкан.
Гл. таксама:
27.01.2017
«Цуд яднаньня распачаўся» — фільм Супольнасьці «Chemin Neuf»
12.02.2016
Прадстаўнік Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў пра сустрэчу Папы Рымскага і Маскоўскага Патрыярха
27.01.2015
Еднасьць хрысьціянаў ня стане вынікам тэарэтычных дыскусіяў
26.01.2015
Папа: Бог прагне нашай еднасьці
09.01.2015
Божая любоў шукае нават тых, хто далёкі ад Госпада