Пошук
Навіны
08.03.2017
Асьвячаны помнік на магіле а. Аляксандра Надсана
 
На могілках сьв. Панкрата ў Лондане 4 сакавіка 2017 году адбылося адкрыцьцё помніка на магіле Апостальскага Візітатара для беларусаў-католікаў у замежжы а. Аляксандра Надсана — паведамляе Згуртаваньне беларусаў у Вялікай Брытаніі.
 
Аўтар помніка а. Адяксандру Надсану — скульптар Генік Лойка з Менску. Фундатарам помніка выступілі беларускія арганізацыі ў Вялікай Брытаніі.
 
Скульптар Генадзь Лойка зрабіў бронзавы барэльеф і прапанаваў форму помніка, падобную да тых, што ён бачыў на гародзейскіх могілках, на радзіме а. Аляксандра Надсана. На выяве айцец Аляксандар з крыжом і скарынаўскай Бібліяй. Ён паказаны як сьвятар, які бласлаўляе, і асьветнік.
 
Абрад асьвячэньня помніка выдатнаму беларускаму сьвятару, які спачыў 15 красавіка 2015 году, зьдзейсьніў украінскі біскуп Глеб Ланчына, зьверхнік Лонданскай грэка-каталіцкай япархіі Сьвятой Сям’і, разам з а. Сяргеем Стасевічам.
 
Сьвятары адсужылі паніхіду па спачылым, затым Уладыка Глеб (Ланчына) зьвярнуўся да прысутных з казаньнем, а а. Сяргей Стасевіч у сваёй прамове зьвярнуў увагу на сымбалічныя элементы, якія знайшлі ўвасабленьне на помніку Апостальскаму Візітатару для беларусаў-католікаў у замежжы. Напрыканцы яны таксама памаліліся за душы спачылых біскупа Чэслава Сіповіча, а. Язэпа Германовіча, а. Льва Гарошкі і іншых беларусаў, магілы якіх знаходзяцца побач з магілай а. Аляксандра Надсана.
 
Памаліцца і ўшанаваць памяць спачылага беларускага сьвятара і грамадзка-культурнага дзеяча сабраліся ягоныя сябры, вучні і вернікі з Вялікабрытаніі і Беларусі. Да помніка былі ўскладзеныя кветкі ад ЗБВБ, Беларускай Бібліятэкі імя Ф. Скарыны, ад прысутных сяброў і знаёмых айца А. Надсана.
 
Цырымонія завершылася сьпевам беларускага духоўнага гімну «Магутны Божа».
 
Фота Міколы Пачкаева.
Гл. таксама:
25.04.2015
Верш у памяць а. Аляксандра Надсана
20.04.2015
Грэка-каталіцкі сьвятар: Айцец Надсан быў аўтарытэтам і для беларусаў па-за Царквой
18.04.2015
Айцец Аляксандар Надсан: «Чакаю, калі Беларусь стане больш беларускай»
17.04.2015
Памёр айцец Аляксандар Надсан
21.09.2013
Сьвятар, які сьведчыць любоў да Бога і Бацькаўшчыны