Пошук
Навіны
29.09.2017
У Менску каталіцкія ярархі Еўропы сустрэліся з кіраўніком Беларусі
 
З 28 верасьня па 1 кастрычніка 2017 году Беларусь ўпершыню прымае прадстаўнічы каталіцкі форум — пасяджэньне Рады Канферэнцыяў Біскупаў Еўропы. Для ўдзелу ў форуме ў Менск прыбылі амаль 50 біскупаў і кардыналаў з 45 краінаў Еўропы.
 
Адной з тэмаў форуму каталіцкіх біскупаў Еўропы зьяўляецца будучыня Еўропы, уклад і місія Царквы ў пабудову агульнага еўрапейскага дому. Старшыні епіскапатаў абмяркуюць шляхі і магчымасьці абвяшчэньня Евангельля Хрыста ў Еўропе. Асноўнай жа тэмай сустрэчы стане ўдзел маладых людзей у жыцьці Царквы: іх жаданьні, патрэбы, страхі, чаканьні і адносіны, паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
 
Напярэдадні першага пасяджэньня форуму ў сталічным Палацы Незалежнасьці ярархі сустрэліся з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. «Прыезд у Менск такіх высокіх прадстаўнікоў каталіцкага духавенства мы расцэньваем як знак асаблівай павагі да веруючых католікаў Беларусі. Упэўнены, гэта прызнаньне палітыкі міру і згоды, якую наша дзяржава ўпэўнена праводзіць унутры краіны і на міжнароднай арэне», — сказаў ён.
 
Кіраўнік Беларусі выказаў упэўненасьць, што падчас знаходжаньня ў краіне каталіцкія ярархі Еўропы ўбачаць, якія сардэчныя і адкрытыя беларусы, адчуюць, якая гасьцінная беларуская зямля.
 
Зьвяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што ў сьвеце існуе вострая патрэба ў адкрытым і даверлівым дыялогу. «Вашае цяперашняе пасяджэньне — сьведчаньне таго, што Царква, як заўсёды, паказвае прыклад, якім шляхам трэба ісьці, каб хоць бы наблізіцца да вырашэньня тых цяжкіх, застарэлых і новых канфліктаў, якія існуюць сёньня ў сьвеце», — сказаў ён.
 
Кіраўнік дзяржавы зьвярнуў увагу на небясьпеку глыбокага духоўнага крызісу, які пануе ў многіх краінах. «Гэтая пагроза страшней за любыя эканамічныя выклікі. Ды і ўсе эканамічныя выклікі менавіта з-за гэтага. У іх аснове ляжыць бездухоўнасьць. Крызіс — у галовах. Гэта першапрычына любых эканамічных крызісаў. Дабро, міласэрнасьць, любоў, вера — найвышэйшыя чалавечыя каштоўнасьці, якія заўсёды служылі апорай для людзей, разбураюцца на вачах», — адзначыў ён.
 
Паводле словаў А. Лукашэнкі, сёньня Еўропа перажывае крызіс і пра гэта сьведчыць няздольнасьць устанавіць мір у суседняй Украіне. «Гэта страшная бяда, што мы ня можам у сваім доме навесьці парадак. Гэта сьведчыць пра вельмі цяжкі крызіс у Еўропе», — сказаў ён. «Бяда ў тым, што адбываецца ва Ўкраіне. Але яшчэ большая бяда ў тым, што мы ня можам спыніць вайну», — адзначыў кіраўнік Беларусі.
 
На думку кіраўніка Беларусі важную ролю ва ўрэгуляваньні канфліктаў у сьвеце могуць і павінны адыграць рэлігійныя канфесіі. «Перакананы, што важную ролю ва ўрэгуляваньні канфліктаў, у выбудоўваньні дыялогу паміж рознымі народамі і дзяржавамі, у аб’яднаньні людзей могуць і абавязаныя адыграць рэлігійныя канфесіі. Настаў час, каб ваш голас быў настойлівым і яго пачулі ўсе палітыкі і дзяржаўныя дзеячы, ад якіх залежаць мір і бясьпека на нашай планеце», - адзначае словы кіраўніка Беларусі БЕЛТА.
 
Аляксандар Лукашэнка таксама прапанаваў арганізаваць у Менску сустрэчу Патрыярха Кірыла і Папы Францішка. «Тут было заўважана пра выніковасьць сустрэчы Папы Рымскага і Патрыярха Кірыла. Недзе там, далёка на Кубе. Думаю, трэба падумаць, каб яны сустрэліся тут, у Менску. Гэта якраз сёньня тое месца, дзе можна абмяркоўваць праблемы і Захаду, і Ўсходу, Поўначы і Поўдня, і ўсёй планеты», — заявіў ён.
 
«Калі вы з Праваслаўнай Царквой прыйдзеце да такога разуменьня, я і беларускі народ зробім усё, каб вы, вашыя кіраўнікі, нашыя кіраўнікі — Каталіцкай і Праваслаўнай Цэркваў — зрабілі гэтую сустрэчу ў Менску гістарычнай. Падумайце над гэтым», — прапанаваў Аляксандар Лукашэнка.
 
 
Падчас сустрэчы з кіраўніком Беларусі выступіў архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі. Ён выказаў надзею, што высокі форум дасьць новы імпульс для ўдасканаленьня ўзаемаадносінаў паміж дзяржавай і Царквой, а таксама для пашырэньня інфармацыі пра Беларусь у Еўропе і ў сьвеце, «каб нашая краіна была вядомая ў ім перадусім як краіна Божага духу». Рыма-каталіцкі архіпастыр высока ацаніў той факт, што ўсе удзельнікі пасяджэньня Рады Канферэнцыяў Біскупаў Еўропы будуць прынятыя зьверхнікам Беларускай Праваслаўнай Царквы.
 
«Гэта знак адкрытасьці. Гэта тое, аб чым размаўлялі Папа Францішак і Патрыярх Кірыл. Сёньня трэба разам адквазваць на выклікі часу. Мы павінны чытаць гэтыя выклікі часу і чытаць іх разам, а ня толькі я — як католік, ці я — як праваслаўны, або пратэстант. Мы ўсе зьяўляемся адной сям’ёй. Беларусь — гэта наш адзіны дом, а калі ўзяць шырэй, то наш адзіны дом — гэта Еўропа, і нават увесь сьвет. І мы павінны разам вырашаць яго праблемы», — сказаў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у каментары для журналістаў.
 
Старшыня Рады Канферэнцыяў Біскупаў Еўропы, кардынал Анджэла Баньяска, у сваім прывітальным слове ўхваліў увагу ўраду Беларусі «да сям’і, што праяўляецца ў захадах, скіраваных на павелічэньне нараджальнасьці». «Гэта знак надзеі ў Еўропе, дзе назіраецца трывожны спад нараджэньняў, што суправаджаецца старэньнем насельніцтва», — падкрэсьліў італьянскі ярарх.
 
Кардынал Баньяска выказаў таксама пажаданьне кіраўніцтву Беларусі, каб пытаньні адносна дазволу на пражываньне і працу для замежных сьвятароў і адносна царкоўнай маёмасьці, якія зьяўляюцца жыцьцёва важнымі для місіі евангелізацыі, маглі быць вырашаныя ў эфектыўным і актуальным дыялогу з удзелам усіх.
 
У другой палове дня еўрапейскія каталіцкія біскупы наведалі праваслаўную катэдру Сьвятога Духа і прынялі ўдзел у абедзе па запрашэньні Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Паўла. Затым, у будынку менскай ратушы адбылося першае пасяджэньне форуму. Увечары ярархі сабраліся ў касьцёле сьвятых Сымона і Алены на сьв. Імшу, якую ўзначальваў кардынал Марк Уэле, прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў.

У сустрэчы каталіцкіх ярархаў Еўропы бярэ ўдзел і прадстаўнік Сіноду Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук), Вярхоўны Архібіскуп Кіева-Галіцкі. Яго ўдзел у гэтым форуме каталіцкіх ярархаў Еўропы ў Менску — важная падзея ў жыцьці беларускіх грэка-католікаў, сталічныя парафіі якіх ён намераны наведаць.

Пасяджэньне Рады Канферэнцыяў Біскупаў Еўропы будзе праходзіць у Менску да 1 кастрычніка 2017 году. Яно завершыцца прыняцьцем выніковага дакументу, зьмест якога будзе ўзяты пад увагу пры падрыхтоўцы наступнага Сіноду Біскупаў па пытаньнях моладзі, які пройдзе ў Ватыкане ў кастрычніку 2018 году з удзелам біскупаў з усяго сьвету.
Гл. таксама:
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
31.05.2016
Макей: Вядзецца падрыхтоўка візіту Папы Рымскага ў Беларусь
22.05.2016
Лукашэнка прапанаваў, каб Папа Рымскі сустрэўся ў Беларусі з Маскоўскім патрыярхам
07.01.2012
Свабода ня можа быць без духоўнасьці
01.02.2010
Вітаю Вас, паважная рэдакцыя газэты. Якія зараз адносіны паміж Беларускай Уніяцкай Царквой і Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквой. Якія яны ёсьць, якія тэндэнцыі?