Пошук
Навіны
10.10.2017
Першаярарх УГКЦ: будзьце пэўныя, мы будзем адстойваць вашыя патрэбы і вашыя правы
 
Візіт Першаярарха УГКЦ Сьвятаслава (Шаўчука) разам з каталіцкімі ярархамі Еўропы ў Менск стаў знакавай падзеяй і прынёс багатыя духовыя плады для грэка-католікаў Беларусі — адзначае сайт сталічнай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа.
 
Зьверхнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Яго Блаславенства Сьвятаслаў знаходзіўся ў Беларусі з 27 верасьня па 1 кастрычніка 2017 году. Ён удзельнічаў у штогадовым пленарным пасяджэньні Рады Канферэнцыяў Біскупаў Еўропы (ССЕЕ). Гэта дало яму магчымасьць бліжэй пазнаёміцца з жыцьцём хрысьціянскіх Цэркваў у Беларусі. Вядома, найперш Мітрапаліт Кіева-Галіцкі Ўладыка Сьвятаслаў быў зацікаўлены жыцьцём беларускіх грэка-католікаў.
 
На сустрэчы ўдзельнікаў пленарнай асамблеі Рады Канферэнцыяў Біскупаў Еўропы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам 28 кастрычніка 2017 году Першаярарх УГКЦ Сьвятаслаў (Шаўчук) адмыслова падкрэсьліў:
«Cёньня я тут для таго, каб ня толькі ўдзельнічаць у гэтай канферэнцыі, але таксама каб сустрэцца з нашымі братамі грэка-католікамі Беларусі, іх падтрымаць і зрабіць усё для таго, каб узаемаразуменьне і супрацоўніцтва паміж Цэрквамі было добрай будучыняй нашых краінаў, нашых народаў і нашых Цэркваў».
 
28 верасьня, адразу пасьля сустрэчы з кіраўніком Беларусі, каталіцкія ярархі — удзельнікі пленарнай асамблеі РКБЕ наведалі грэка-каталіцкі душпастырскі цэнтар Праведнага Язэпа ў Менску, дзе Ўладыка Сьвятаслаў (Шаўчук) узначаліў Акафіст Імю Ісусаваму (аўтарства Францішка Скарыны). У 500-ыя ўгодкі пачатку беларускага кнігадрукаваньня, якое зьвязана з выданьнем Бібліі Францішкам Скарынам, гэтая малітва словамі яго акафісту стала малітвай за Беларусь, асабліва за горад Менск.
 
Увечары, 28 верасьня, Першаярарх УГКЦ Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук) разам з іншымі грэка-каталіцкімі ярархамі памаліўся з беларускімі грэка-каталіцкімі сьвятарамі і вернікамі ў капліцы грэка-каталіцкай парафіі Сьвятога Духа, якая зьбіраецца на малітву ў Чырвоным касьцёле.
 
Першаярарх УГКЦ меў сустрэчу з прадстаўнікамі духавенства БГКЦ, якія для гэтага прыехалі з розных рэгіёнаў Беларусі, і з сталічнымі вернікамі. Сьвятары пазнаёмілі Ўладыку Сьвятаслава (Шаўчука) з рознымі душпастырскімі ініцыятывамі і ўмовамі іхняга служэньня ў Беларусі. З свайго боку Зьверхнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы выказаў ім словы прызнаньня і падтрымкі іх руплівай пастырскай працы.
«Вашая маці — Кіеўская Царква — сьведчыць вам сваё перажываньне за вас, за вашыя парафіі i вашую Царкву. Маім жаданьнем ёсьць, каб паміж намі разьвівалася як найбольш шчыльнае супрацоўніцтва дзеля супольнага дабра», — сказаў Вярхоўны Архібіскуп Кіева-Галіцкі.
 
Як адзначае Дэпартамент інфармацыі УГКЦ, Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук) распавёў беларускім сьвятарам пра стратэгію разьвіцьця УГКЦ «Жывая парафія — месца сустрэчы з жывым Хрыстом» і прапанаваў шырока выкарыстоўваць з напрацаваных праграмаў ды ініцыятываў для ажыўленьня і разбудовы парафіяў БГКЦ.
 
Асабліва важнай і па-сапраўднаму гістарычнай падзеяй для беларускіх грэка-католікаў стала Архірэйская Боская Літургія ў нядзелю, 1 кастрычніка 2017 году, якую ў капліцы Цэнтру сьв. Язэпа адслужыў Яго Блаславенства Сьвятаслаў на сьвята Покрыва Найсьвяцейшай Багародзіцы. Упершыню з часоў скасаваньня Уніі ў 1839 годе грэка-каталіцкі мітрапаліт Кіеўскі адслужыў сьв. Літургію ў Беларусі.
 
У гэты дзень беларускія грэка-католікі ў Менску адзначалі таксама 380-ыя ўгодкі спачыну мітрапаліта Язэпа Вельяміна-Руцкага і 400-годдзе ягонай рэформы манаства Ўсходняй Царквы (заснаваньня Ордэну базыльянаў). З гэтай нагоды ў галоўным пастаральным цэнтры грэка-католікаў Беларусі ў парафіі Праведнага Язэпа адбылося асьвячэньне алтарнага росьпісу ў капліцы Ўсіх сьвятых беларускага народу. Алтарны росьпіс тэмперай на сьцяне, памерам 4 х 3 метры, напярэдадні прыезду ў Менск каталіцкіх ярархаў Еўропы выканаў расейскі грэка-каталіцкі сьвятар-іканапісец а. Кірыла Міронаў. На алтарнай сьцяне ў капліцы Ўсіх сьвятых беларускага народу намаляваныя сьв. Кірыла, біскуп Тураўскі, сьв. Язафат (Кунцэвіч), архібіскуп Полацкі, блаславёны сьвятамучанік Мікалай (Чарнецкі), а таксама слугі Божыя мітрапаліт Язэп Руцкі, экзарх Антон Неманцэвіч і архімандрыт Фабіян Абрантовіч. Урачыстае асьвячэньне гэтага алтарнага росьпісу зьдзейсьніў Першаярарх УГКЦ Сьвятаслаў (Шаўчук).
 
У сваім казаньні Ўладыка Сьвятаслаў (Шаўчук) падкрэсьліў галоўную сёньня задачу Царквы — перадаць маладому пакаленьню веру ў Бога, навучыць дзяцей і моладзь маліцца. Ён таксама адзначыў вялікі ўклад Уніяцкай Царквы на беларускіх землях і, асабліва, манахаў-базыльянаў, у разьвіцьцё духоўнасьці, адукацыі, асьветы, культуры і мастацтва.
 
Першаярарх УГКЦ пасьля Архірэйскай Боскай Літургіі падзякаваў прысутным вернікам і сьвятарам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы за магчымасьць пабачыцца, за радасьць разам памаліцца і нагоду бліжэй пазнаёміцца. Украінскі першаярарх блаславіў служэньне сьвятароў, манаства і вернікаў БГКЦ і выказаў упэўненасьць, што Царква ў Беларусі будзе расьці і разьвівацца.
 
З свайго боку, Вярхоўны Архібіскуп Кіева-Галіцкі паабяцаў, што будзе ня проста помніць у сваім сэрцы і маліцца за грэка-католікаў у Беларусі, але будзе шчыра для іх служыць паўсюль, дзе гэта будзе патрэбна. Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук) паведаміў, што нават на сустрэчы з прэзідэнтам А. Лукашэнкам ён падкрэсьліў, што прыехаў у Менск таксама і для таго, каб падтрымаць грэка-католікаў у Беларусі. Украінскі грэка-каталіцкі першаярарх запэўніў беларускіх вернікаў, што кіраўніцтва УГКЦ і іншыя каталіцкія ярархі Еўропы заўсёды памятаюць пра БГКЦ і яе праблемы і размаўляюць пра супольнасьць беларускіх грэка-католікаў таксама і ў іншых высокіх кабінетах і калідорах улады, як сьвецкай, так і царкоўнай.
«Будзьце пэўныя, што нават у Рымскай Апостальскай Сталіцы мы будзем адстойваць вашыя патрэбы і вашыя правы», — падкрэсьліў Першаярарх УГКЦ. — «Літаральна праз тры тыдні распачнецца Генеральная асамблея (юбілейная) Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў у Рыме з нагоды 100-годдзя яе заснаваньня. Я зьяўляюся чальцом гэтай Сьвятой Кангрэгацыі, і таму, паверце, слова за вас будзе сказана. А рэшту мы аддамо ў рукі Божыя».
 
Падчас сустрэчы з сьвятарамі і вернікамі БГКЦ Першаярарх УГКЦ адзначыў, што Кіеўская між’епархіяльная грэка-каталіцкая духоўная семінарія Трох сьвяціцеляў гатовая прымаць для навучаньня семінарыстаў з Беларусі, бо «гэтая семінарыя створаная ў адказ на душпастырскія патрэбы Ўсходняй, Паўднёвай і Цэнтральнай Украіны, якія сёньня падобныя да абставінаў у Беларусі». Таксама і грэка-каталіцкія манастыры ва Ўкраіне гатовыя прымаць беларускіх вернікаў, якія прагнуць прысьвяціць сваё жыцьцё служэньню Богу.
 
Удзельнікі Архірэйскай Літургіі ў сталічным Цэнтры сьв. Язэпа — беларускія грэка-католікі, а таксама прадстаўнікі ўкраінскай супольнасьці Беларусі — успрынялі візіт Першаярарха УГКЦ з вялікай радасьцю і ўдзячнасьцю, як каштоўны момант, які ўмацоўвае веру, надзею і любоў да роднай духоўнай спадчыны, адзначае сайт Svjazep.org.
 
Фота: Аляксандры Шчыглінскай, Catholic.by, а таксама а. Аляксандра Шаўцова, Сьвятланы Абламейка, Юльяна Місюкевіча, Вікторыі Чаплевай.
Гл. таксама:
02.10.2017
Упершыню з часоў скасаваньня Уніі грэка-каталіцкі мітрапаліт Кіеўскі адслужыў сьв. Літургію ў Беларусі
01.10.2017
Першаярарх УГКЦ падзякаваў кіраўніцтву Беларусі за стаўленьне да Ўкраіны
30.09.2017
Зьверхнік УГКЦ і каталіцкія ярархі Еўропы пазнаёміліся з жыцьцём грэка-католікаў у Менску
21.09.2014
Сьвяткаваньні ў гонар сьвятога Язафата Кунцэвіча
05.05.2012
Душпастырская праграма візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў