Пошук
Навіны
08.10.2017
Кардынал Леанарда Сандры пабываў з візітам у Румыніі
 
Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў кардынал Леанарда Сандры зьдзейсьніў візіт у Румынію, які доўжыўся з 28 верасьня па 1 кастрычніка 2017 году — паведамляе ўкраінская рэдакцыя Радыё Ватыкану. Візіт быў арганізаваны ў супрацоўніцтве з Апостальскай нунцыятурай з нагоды 100-годдзя Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў на запрашэньне Зьверхніка Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы, Вярхоўнага Архібіскупа Фагарашскага і Альба-Юліі Яго Блаславенства кардынала Лучыяна Мурешана.
 
Падчас свайго візіту кардынал Сандры наведаў таксама рыма-каталіцкую дыяцэзію ў Ясах, дзе 28 кастрычніка 2017 году асьвяціў новы храм і сустрэўся з прадстаўнікамі дабрачынных арганізацыяў.
 
Тут ён наведаў таксама мясцовую семінарыю, дзе падчас гутаркі з семінарыстамі, заклікаў іх абапірацца на тры слупы, якія будуць падтрымліваць іх пакліканьне: любоў да Найсьвяцейшай Еўхарыстыі, давер да Маці Божай і вернасьць Папе Рымскаму. «Ні адна жыцьцёвая бура, як унутраная, так і вонкавая, ня зможа пахіснуць нас, калі будзем вернымі гэтых трох асноваў нашага быцьця!» — адзначыў кардынал.
 
Наведваючы парафіяльны храм у мястэчку Сэбэоані, дзе кардынал Леанарда Сандры сустрэўся з сьвятарамі, прадстаўнікамі цывільных ўладаў і вернікамі, ён нагадаў складаную гісторыю веры ў Румыніі: «Пасьля войнаў і ганеньняў вы адрадзіліся да незалежнасьці і свабоды. Рэжым зьнішчаў чалавечую годнасьць і свабоду веравызнаньня. Але жыцьцё супольнасьцяў вернікаў на Захадзе сёньня стаіць перад выклікам, каб аднавіць хрысьціянскае жыцьцё ў сьвеце, які, здаецца, забыўся на Бога. У сваіх сем’ях, на працы, сярод болю і смутку, ня ідзіце шляхам да забыцьця Бога, а памятайце пра мінулае, напаўняйцеся радасьцю вечнай маладосьці жыцьця ў хрысьціянскай веры. Дзякуй за вашае сьведчаньне».
 
29 кастрычніка 2017 году, у сталіцы Румыніі Бухарэсьце, адбылася сустрэча Прэфекта Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў са Зьверхнікам Румынскай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы Патрыярхам Даніэлем. Дыялог з румынскім праваслаўным патрыярхам доўжыўся больш за гадзіну, у атмасферы адкрытасьці і брацкай прыязнасьці. У той жа дзень кардынал Леанарда Сандры сустрэўся з дарадцам прэзідэнта Румыніі Сэрджыу Ністорам, прыняў удзел у блаславеньні цэнтру грэка-каталіцкай япархіі сьв. Васіля Вялікага ў Бухарэсьце, створанай у 2014 годзе, а таксама ўзначаліў сьвятую Імшу ў рыма-каталіцкай катэдры сьв. Язэпа.
 
У суботу, 30 кастрычніка 2017 году, ватыканскі кардынал прыбыў у горад Блаж, духоўную сталіцу Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы, дзе адбылася сустрэча са Зьверхнікам Царквы, Яго Блаславенствам Лучыянам Мурэшанам і з Сінодам грэка-каталіцкіх біскупаў. Увечары таго ж дня адбыліся ўрачыстасьці з нагоды 100-годдзя Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў і сьвяткаваньні ўзаемастасункаў з Грэка-Каталіцкай Царквой Румыніі.
 
У нядзелю, 1 кастрычніка 2017 году, кардынал Леанарда Сандры разам з Вярхоўным Архібіскупам РГКЦ кардыналам Лучыянам Мурэшанам адслужыў Архірэйскую Сьвятую Літургію ў катэдральным саборы. Ва набажэнстве прынялі ўдзел больш за сто сьвятароў і вялікая колькасьць вернікаў.
 
Перад урачыстым бласлаўленьнем кардынал Сандры падарыў Яго Блаславенству Лучыяну Мурэшану срэбны медаль з нагоды V Году Пантыфікату Папы Францішка і, зьвяртаючыся да тэмы мігрантаў, бежанцаў і румынскіх эмігрантаў адзначыў, што ў апошнія гады больш за шэсьць мільёнаў румынаў пакінулі сваю зямлю ў пошуках працы. Пасьля, у працэсі сьвятароў і вернікаў, Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў адправіўся ў цыганскі квартал Блажа, дзе асьвяціў кутні камень храму і душпастырскага цэнтру, які будзе клапаціцца мясцовымі вернікамі.
 
Гэта быў ужо чацьвёрты па ліку пастырскі візіт кардынала Леанарда Сандры ў Румынію.
 
Фота: Biserica Română Unită cu Roma, Greco-Catolică, Stiri Din Alba, Il Sismografo.
Гл. таксама:
08.07.2015
Што ўяўляе сабой грэка-каталіцкая Царква?
15.01.2014
Заява Зьверхніка УГКЦ з нагоды ліста-папярэджаньня ад уладаў
11.01.2014
Ці можа ўніяцтва зноў аб’яднаць беларусаў?
24.12.2013
Кардынал Курт Кох: навучыцца нанова фармуляваць каштоўнасьці хрысьціянства
24.12.2013
Кардынал Кох пра канфлікт грэка-католікаў і праваслаўных на Заходняй Украіне: “Раны былі прычыненыя з абодвух бакоў”