Пошук
Навіны
27.10.2017
Рымскі Архірэй рэарганізаваў структуры Сірыйска-Малабарскай Царквы
 
У адмысловым пасланьні да ўсіх біскупаў Індыі з нагоды зьменаў у структуры Сірыйска-Малабарскай Каталіцкай Царквы Сьвяты Айцец Францішак падкрэсьліў, што вялікая разнастайнасьць каталіцкіх абрадаў у краіне не зьяўляецца пагрозай для еднасьці.
 
Сірыйска-малабарскі абрад — гэта адзін з двух старажытных усходніх абрадаў Індыі. Ён належыць да ўсходне-сірыйскай (халдэйскай) літургічнай традыцыі. Таксама ў Індыі ёсьць усходнія католікі Сірыйска-Маланкарскай Царквы, абрад якой належыць да заходне-сірыйскай (антыяхійскай) традыцыі. Сірыйска-Малабарская Царква — самая шматлікая сярод Цэркваў, якія выйшлі з старажытнай індыйскай хрысьціянскай супольнасьці, вядомай як хрысьціяне апостала Тамаша. Найбольш вернікаў гэтага ўсходняга абраду і рэзідэнцыя вярхоўнага архібіскупа гэтай Царквы знаходзіцца ў індыйскім штаце Керала. Каталіцкая Царква лацінскага абраду ў Індыі, якая сёньня ахоплівае ўсю тэрыторыі краіны, зьявілася дзякуючы працы місіянераў у XVI стагоддзі.
 
10 кастрычніка 2017 году ў Ватыкане было паведамлена, што Рымскі Архірэй рэарганізаваў структуры Сірыйска-Малабарскай Каталіцкай Царквы. Як паведамляе Каталіцкае агенцтва навінаў CNA, Папа Рымскі Францішак стварыў у Індыі дзьве новыя япархіі гэтай Усходняй Каталіцкай Царквы, з прызначэньнем туды першых біскупаў, і пашырыў межы двух іншых япархіяў, якія знаходзяцца на тэрыторыі штату Тамілнад. Адна з новаўтвораных япархіяў Сірыйска-Малабарскай Царквы з сядзібай біскупа ў Шамшабадзе (ў штаце Тэлангана) будзе ахопліваць тэрыторыю ўсіх тых штатаў Індыі, якія не ўваходзілі ў склад ужо існуючых япархіяў. Біскуп у Шамшабадзе будзе служыць таксама ў якасьці Апостальскага візітатара для вернікаў сірыйска-малабарскага абраду ў Індыі, якія жывуць па-за межамі ўласнай тэрыторыі, паведамляючы пра свае назіраньні ў Рым. Другая япархія створана з рэзідэнцыяй біскупа ў Гасуры, што ў штаце Тамілнад, які знаходзіцца на поўдні Індыі, на ўзьбярэжжы Бенгальскага заліву, у адным з найбольш прамыслова-разьвітых і ўрбанізаваных рэгіёнаў Індыі.
 
Дзякуючы гэтаму рашэньню па рэарганізацыі структуры Сірыйска-Малабарскай Каталіцкай Царквы, душпастырства вернікаў сірыйска-малабарскага абраду будзе цяпер забясьпечанае па ўсёй краіне, у тым ліку ў цэнтральных і паўночных штатах Індыі, на якія доўгі час не распаўсюджвалася юрысдыкцыя біскупаў усходняй традыцыі. Раней католікі сірыйска-малабарскага абраду, як правіла, вымушаныя былі карыстацца з душпастырства лацінскага абраду.
 
Рашэньне Рымскага Архірэя пра стварэньне новых япархіяў для Сірыйска-Малабарскай Царквы і пашырэньне яе юрысдыкцыі па сутнасьці на ўсю Індыю адпавядае аналагічнаму рашэньню, якое Сьвяты Айцец Францішак прыняў у жніўні 2017 году адносна Сірыйска-Маланкарскай Царквы, калі ён ўмацаваў яе прысутнасьць на ўсёй тэрыторыі Індыі праз стварэньне новай япархіі і прызначэньне Апостальскага візітатара Сірыйска-Маланкарскай Царквы ў Еўропе і Акіяніі.
 
З нагоды арганізацыйных пераўтварэньняў у Сірыйска-Малабарскай Царкве Папа Рымскі Францішак накіраваў вялікае пасланьне да ўсіх індыйскіх біскупаў. Ён піша ў ім пра багацьце, якім зьяўляецца для Царквы разнастайнасьць яе традыцыяў. Адначасова адзначаецца, што існаваньне на той самай тэрыторыі некалькіх розных абрадаў спраўдзілася ў жыцьці Царквы. Гэта не вядзе да канфліктаў, але да ўзбагачэньня, дазваляючы пры гэтым лепш клапаціцца пра захаваньне багатай традыцыі Царквы. «У сьвеце, дзе вялікая колькасьць хрысьціянаў вымушаныя міграваць, перакрыцьцё юрысдыкцыяў стала звыклым і зьяўляецца больш эфектыўным інструментам для забесьпячэньня душпастырскай апекі вернікаў, і пры гэтым таксама забясьпечвае поўную павагу да іх царкоўных традыцыяў», — напісаў Папа Францішак 10 кастрычніка 2017 году ў сваім пасланьні, адрасаваным біскупам Індыі.
 
У сваім лісьце Францішак адзначыў, што «ў Індыі, нават пасьля многіх стагоддзяў, хрысьціяне складаюць толькі невялікую частку насельніцтва, і ўласна таму існуе асаблівая неабходнасьць прадэманстраваць еднасьць, ды каб пазьбегнуць якой-небудзь бачнасьці падзелу».
 
Для вернікаў сірыйска-малабарскага абраду, якія многія гады, жывучы па-за межамі сваіх япархіяў, вымушаныя былі практыкаваць у парафіях лацінскагам абраду, стварэньне новых структураў іх уласнай Царквы не павінна разглядацца як навязваньне і патрабаваньне неадкладна пакінуць супольнасьці, у якія яны ўнесьлі свой уклад у розны спосаб. «Гэта хутчэй варта разглядаць як запрашэньне, а таксама магчымасьць для росту ў веры і сулучнасьці з іх Царквой sui iuris (свайго права), каб захаваць каштоўную спадчыну іх абраду і перадаць яе наступным пакаленьням», адзначае Сьвяты Айцец Францішак.
 
«Шляхам Каталіцкай Царквы ў Індыі ня можа быць, ізаляцыя і адасабленьне, а павага і супрацоўніцтва», — сказаў ён, дадаўшы, што прысутнасьць некалькіх біскупаў розных абрадаў «безумоўна, выявіцца яскравым сьведчаньнем жывой і прыгожай сулучнасьці».
 
Таксама ў сваім пасланьні Папа просіць біскупаў лацінскай Царквы ў Індыі дапамагчы ў разбудове царкоўных структураў і наладжваньні жыцьця супольнасьцяў сірыйска-малабарскага абраду на новых тэрыторыях. Царкву лацінскага абраду Рымскі Архірэй заклікае працягваць быць гасьціннымі да вернікаў сірыйска-малабарскага абраду, асабліва да тых супольнасьцяў, якія ня маюць уласных царкоўных будынкаў.
 
Францішак скончыў сваё пасланьне, запрашаючы Каталіцкія Цэрквы ў Індыі «быць шчодрымі і адважнымі, каб яны былі сьведкамі Евангельля ў духу братэрства і ўзаемнай любові».
 
* * *
Сёньня ў Індыі існуе 180 каталіцкіх епархіяў, 132 з іх належаць да лацінскага абраду, 34 япархіі цяпер мае Сірыйска-Малабарская Царква, а Сірыйска-Маланкарская Царква — 14.
 
Вярхоўны Архібіскуп Сірыйска-Малабарскай Каталіцкай Царквы Яго Блаславенства Мар Джордж Аленчэры. (Фота — CNA).
Сірыйска-Малабарская Каталіцкая Царква мае свае царкоўныя структуры у Індыі, а таксама сярод індыйскай дыяспары па ўсім сьвеце. Гэта адна з чатырох ўсходне-каталіцкіх Цэркваў, што маюць статус вярхоўнага архібіскупства і адна з найбольшых па колькасьці вернікаў. Паводле ватыканскага даведніка Annuario Pontificio за 2016 колькасьць вернікаў Сірыйска-Малабарскай Каталіцкай Царквы складае больш за 4 мільёны 189 тысячаў. Набажэнствы правяцца на мове малаялам, на традыцыйнай для гэтай Усходняй Царквы сірыйскай мове і на ангельскай мове, якая пашырана ў дыяспары. У Сірыйска-Малабарскай Царкве моцныя манаскія традыцыі, асабліва сярод жанчынаў — колькасьць манахіняў амаль у пяць разоў перавышае колькасьць манахаў-мужчынаў.
Гл. таксама:
10.12.2015
Рымскі Архірэй адчыніў Сьвятыя Дзьверы
30.01.2015
Кардынал Кох: Папа Францішак адчыняе многія дзьверы
27.01.2015
Еднасьць хрысьціянаў ня стане вынікам тэарэтычных дыскусіяў
19.04.2011
Сірыйска-малабарскі ярарх: трактуеце нас несправядліва
19.04.2011
Сірыйска-малабарскі ярарх: трактуеце нас несправядліва