Пошук
Навіны
10.11.2017
Навуковая канферэнцыя з нагоды 400-годдзя служэньня манахаў-базыльянаў на беларускіх землях
 
4 лістапада 2017 году ў Баранавічах, у Катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя «Мітрапаліт Язэп Вельямін-Руцкі і яго рэформа ўсходнеславянскага манаства. Служэньне Ордэна базыльянаў на беларускіх землях, 1617–2017».
 
Канферэнцыя праходзіла пад патранатам біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі і Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыта Сяргея (Гаека).
 
Навуковую падтрымку канферэнцыі аказалі Генеральны архіў Ордэна базыльянаў у Рыме, Цэнтар навуковых дасьледаваньняў «Collegium Suprasliense» у Супрасьлі (Польшча) і Духоўны цэнтр «Synergeia pro Oriente Christiano» у Бары (Італія).
 
На канферэнцыі прагучалі даклады як беларускіх, так і замежных навукоўцаў — з Украіны, Польшчы і Італіі. Паслухаць навуковыя даклады пра дзейнасьць манахаў-базыяльнаў на беларускіх землях сабраліся як духоўныя асобы (беларускія грэка- і рыма-каталіцкія сьвятары, а таксама і манахі-базыльяне з Украіны), так і навукоўцы з Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэту, прадстаўнікі Баранавіцкага гарвыканкаму, краязнаўцы і грэка-католікі з розных гарадоў Беларусі.
 
Напярэдадні навуковай канферэнцыі беларускія грэка-каталіцкія сьвятары, вернікі і ўкраінскія манахі-базыльяне памаліліся Вячэрню ў гонар сьвятога Язафата.
 
З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі зьвярнуўся дырэктар Катэхетычнага каледжу кс. Юры Дрозд. Затым ад імя Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэту ўсіх удзельнікаў прывітаў прарэктар па навуковай рабоце Ўладзімір Клімук.
 
У дакладах, якія прагучалі на канферэнцыі, асьвятляліся як гісторыя пачатку рэформы манаства Ўсходняй Царквы пасьля падпісаньня Берасьцейскай уніі і яе зьмест, так і асновы духоўнасьці базыльянаў, біяграфія ды розныя асьпекты дзейнасьці такой знакавай постаці Закону базыльянаў як мітрапаліт Язэп Вельямін-Руцкі, які гэтую рэформу ўсходняга манаства задумаў і рэалізаваў. Шмат увагі было ўдзелена гісторыі Ордэну базыльянаў на беларуска-ўкраінскіх землях, найперш іх асьветніцкай, выдавецкай і навуковай дзейнасьці. Даклады доктара Антоніа Калізі (г. Бары, Італія) і протаярэя доктара Стэфана Батруха (г. Люблін, Польшча) былі пасьвечаныя сьвятому Васілю Вялікаму і яго навучаньню пра хрысьціянскае духоўнае жыцьцё, што пакладзена ў аснову манаскай традыцыі базыльянаў і ўсёй ўсходняй Царквы.
 
У дакладзе ераманаха доктара Парфіра Підручнага (Рым, Італія) — аднаго з найбольш вядомых дасьледчыкаў жыцьця і дзейнасьці мітрапаліта Язэпа Руцкага — былі разгледжаныя пытаньні, якія датычыць самых асноваў Базыльянскага Чыну Сьвятога Язафата: як і чаму зьявілася сама ідэя аб рэформе манаства ва Ўсходняй Царкве, два праекты рэформы, якія вылучыў у свой час Язэп Руцкі, і тое, у якой ступені гэтыя планы і ідэі былі рэалізаваныя. А напачатку аўтар удакладніў некаторыя моманты біяграфіі маладога Яна Вельяміна-Руцкага, зьвязаныя з перыядам, калі будучы Кіеўскі ўніяцкі мітрапаліт атрымліваў асьвету, багаслоўскую адукацыю і сьвятарскую фармацыю. Навуковец адзначае, што менавіта з рэформы манаства, запачаткаванай мітрапалітам Язэпам Вельямінам-Руцкім, распачалося абнаўленьне Ўнійнай Царквы.
 
Вялікую цікавасьць выклікаў выступ вядомага беларускага дасьледчыка царкоўнай гісторыі і Уніі, кандыдата гістарычных навук, намесьніка дырэктара Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь Дзяніса Лісейчыкава. На падставе новых архіўных дакументаў ён зрабіў спробу рэканструяваць раньнія гады жыцьця будучага мітрапаліта Ўнійнай Царквы Язэпа Руцкага, зьвярнуў пры гэтым ўвагу на шэраг існуючых на сёньняшні момант як у папулярнай літаратуры па царкоўнай гісторыі, так і ў навуковай гістарыяграфіі міфаў, зьвязаных з яго біяграфіяй. Найперш варта адзначыць, што родавае прозьвішча мітрапаліта Вельямін многімі памылкова ўспрымаецца як імя. Насамрэч, да старажытнага шляхецкага прозьвішча Вельямін быў далучаны прыдомак Руцкі, утвораны ад назвы мясцовасьці Рута, якой валодалі Вельяміны. Новаадшуканыя дакументы яскрава сьведчаць, што Вельяміны (альбо Вельямінавічы) пражывалі на Наваградчыне ўжо ў канцы XV ст.

Таксама Дзяніс Лісейчыкаў, аналізуючы гербы сям’і Вельямінаў, выказаў сенсацыйную здагадку, што Язэп Вельямін-Руцкі, праўдападобна, паходзіў з татарскага роду, спасылаючыся на тое, што ў Руце было шмат татарскіх сем’яў, хоць усе Вельяміны ўжо на пачатку XVI ст. зьяўляліся праваслаўнымі. У выніку апрацоўкі новаадшуканых дакументаў дасьледчыку ўдалося скласьці генеалагічнае дрэва мітрапаліта Язэпа Руцкага, якое налічвае пяць пакаленьняў. У гістарыяграфіі XIX – XX стст. замацавалася думка, што Вельяміны карысталіся родавым гербам «Вуж». Дзяніс Лісейчыкаў навукова даводзіць, што гэта цалкам памылковае меркаваньне і сапраўдны герб Вельямінаў, які прасочваецца па пячатках на дакументах — герб «Букраба» зьменены. Таксама навуковец распавёў пра тэстамент мітрапаліта Язэпа іншыя цікавыя, нядаўна адшуканыя дакументы, зьвязаныя з родам Вельямінаў-Руцкіх.
 
Царкоўны гісторык і магістар багаслоўя, канцлер курыі БГКЦ а. Яўген Усошын з Менску прысьвяціў свой даклад пытаньню аб ролі манахаў-базыльянаў у гісторыі Менску.
 
Кандыдат гістарычных наук Сяргей Верамееў з Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту свой даклад прысьвяціў беларускай гістарыяграфіі пра мітрапаліта Язэпа Вельяміна-Руцкага і Ордэн базыльянаў.
 
Шэраг навуковых выступаў былі прысьвечаныя адукацыйнай дзейнасьці базыльянаў. Доктар Радаслаў Дабравольскі з Супрасьля (Польшча) распавёў прысутным пра базыльянскія адукацыйныя школы на тэрыторыі Гарадзенскай губэрні ў 1795-1839 гг. Польскі гісторык сьцьвярджае, што базыльяне ў 1795-1839 моцна спрычыніліся да ўмацаваньня рускай (г. зн. беларускай) сьвядомасьці.
 
Беларускі навуковец, кандыдат гістарычных навук Вадзім Аніпяркоў з Інстытута гісторыі НАН (Менск) выступіў з дакладам на тэму «Базыльянскія школы ў рапартах генеральных інсьпектараў Камісіі нацыянальнай адукацыі Рэчы Паспалітай: 1782-1792 гг.»
 
Украінскі дасьледчык ераманах Еранім Грым з Базыльянскага інстытуту філасофска-багаслоўскіх студыяў у Львове-Бруховічах у сваім выступе распавёў пра дабрамільскую рэформу базыльянаў у 1882 годзе, у выніку якой дзейнасьць Закону базыльянаў значна актывізавалася.
 
Пра асноўныя вынікі дасьледваньняў, якія праводзяцца у Супрасьлі Міжнародным цэнтрам вывучэньня спадчыны Ордэну базыльянаў «Collegium Suprasliense», паведаміў прафесар доктар Марыюш Зэмло з Беластоку.
 
Апошнім прагучаў даклад ераманаха Карнэлія Ярэмака з манастыра базыльянаў у Львове пра сучасны стан Чыну сьвятога Васіля Вялікага і асноўныя накірункі дзейнасьці базыльянаў у сьвеце.
 
Вывучаючы дзейнасьць мітрапаліта Язэпа Вельяміна-Руцкага, бачым, што зрэфармаванае ім манаства павінна было паслужыць для адраджэньня Царквы і пашырэньня Берасьцейскай уніі. І яно, гэтае базыльянскае манаства, не зважаючы на пастаянныя перасьледаваньні і ганеньні, гэтую місію заўжды выконвала і намагаецца выконваць сёньня.
 
Канферэнцыя ў Баранавічах стала добрай пляцоўкай для сустрэчы, грунтоўнага абмеркаваньня дакладаў і абмену думкамі ў прыязнай атмасферы. Ня толькі навукоўцы, але і ўсе прысутныя мелі таксама магчымасьць задаць дакладчыкам пытаньні.
 
Завершылася навуковая канферэнцыя сьв. Імшой, якую адслужыў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. У сваёй пропаведзі ён зьвярнуў увагу прысутных на духовую веліч постаці ўніяцкага мітрапаліта Язэпа Вельяміна-Руцкага і параўнаў яго з вядомым каталіцкім сьвятым Каролем Барамеем, памяць якога ўзгадвалася ў гэты дзень – 4 лістапада.
 
Па выніках канферэнцыі «Мітрапаліт Язэп Вельямін-Руцкі і яго рэформа ўсходнеславянскага манаства. Служэньне Ордэна базыльянаў на беларускіх землях, 1617–2017» плануецца выданьне зборніка навуковых артыкулаў.

Фота: Ігара Бараноўскага, а. Андрэя Крата і Аляксандра Маламы.
Гл. таксама:
18.10.2017
Каб несьці сьвятло Хрыстова людзям у сьвеце
18.10.2016
Мітрапаліт Кандрусевіч: жыць у поўнай царкоўнай еднасьці — каштоўны дар Божы
26.05.2016
Адбылася прэзентацыя манаграфіі пра канфесійны фактар у сацыяльным разьвіцьці Беларусі
18.01.2016
Кніга пра спробу забойства беларускага народу
08.07.2014
Полацкая трагедыя 1705 году