Пошук
Навіны
17.03.2018
5 гадоў з Папам Францішкам: статыстыка і адметнасьці пантыфікату
 
Пяць гадоў таму, 13 сакавіка 2013 году, на Пасад сьв. Пятра быў абраны аргентынскі кардынал італьянскага паходжаньня Хорхэ Марыё Бэргольё, які абраў сабе імя Францішак.
 
Статыстыка пантыфікату
 
За гэты час выйшлі дзьве энцыклікі: «Lumen fidei» («Сьвятло веры»), прысьвечаная веры, якая зьяўляецца працягам таго, што напісаў папа Бенядыкт XVI, і «Laudato si’» («Будзь праслаўлены»), прысьвечаная клопату пра супольны дом і ахову стварэньня, але ня так, як гэта бачаць «зялёныя», а як пакліканы гэта рабіць хрысьціяне.
 
Зьявіліся таксама дзьве Апостальскія адгартацыі: «Evangelii gaudium» (Радасьць Евангельля) — своеасаблівая «праграма» пантыфікату Францішка, які жадае бачыць Царкву актыўнай і місіянерскай, а таксама «Amoris laetitia» («Радасьць любові»), прысьвечаная любові ў сям’і.
 
Папа Францішак абнародаваў 23 дакументы ў форме Motu proprio (з уласнай ініцыятывы), якія датычыліся рэформы Рымскай курыі, эканамічнага кіраваньня і празрыстасьці, рэформы працэсу прызнаньня несапраўднасьці сужэнства, перакладу літургічных тэкстаў, большай дэцэнтралізацыі і пашырэньня паўнамоцтваў канферэнцый біскупаў.
 
Ён таксама правёў два Сіноды Біскупаў на тэму сям’і, абвясьціў Юбілей Міласэрнасьці, зьдзейсніў 22 замежных падарожжы, наведаўшы пры гэтым 30 краінаў, а таксама 17 пастырскіх візітаў па Італіі.
 
Ім былі прамоўлены восем цыклаў катэхез на агульных аўдыенцыях па серадах на тэмы вызнаньня веры, сакрамэнтаў, дароў Сьвятога Духа, Царквы, сям’і, міласэрнасьці, хрысьціянскай надзеі і сьвятой Імшы; амаль 600 гаміліяў экспромтам падчас Імшаў у Доме сьв. Марты.
 
Папа мае больш за 46 млн. падпісчыкаў у Твітары і больш за 5 млн. у Інстаграме. Акрамя таго, немагчыма палічыць усе яго прамовы, пасланьні і лісты, а таксама ўсіх тых мужчынаў, жанчынаў і дзяцей ва ўсім сьвеце, з якімі ён сустракаўся і якіх туліў да сябе.
 
Адметнасьці пантыфікату
 
Першы Папа-езуіт, першы прадстаўнік амерыканскага кантыненту, першы, які выбраў сабе імя асізскага бедняка Францішка, 265-ы наступнік сьв. Пятра жадае бачыць Царкву з адчыненымі дзьвярыма, якая кожнаму чалавеку абвяшчае радасьць і сьвежасьць Евангельля.
 
Царква, у якой ёсьць месца для кожнага чалавека з яго нялёгкім жыцьцём; Царква, якая не ператвараецца ў мытню, што кантралюе ласку замест таго, каб яе прапускаць.
 
Папа Францішак заклікае даць сябе зьдзівіць Сьвятому Духу, сапраўднаму Правадыру Царквы, які не перастае прамаўляць і казаць новыя рэчы.
 
Больш «надзейна» лічыць, што праўда ў тым, каб мець прыгожа аформлены пакунак з дактрынамі, якім можна добра распараджацца, чым самім належаць праўдзе: Сьвяты Дух вядзе да поўнай праўды. Хрысьціянам належыць даведацца яшчэ шмат новага, бо Дух працягвае прамаўляць у Царкве.
 
Гэты Сьвяты Айцец разьвівае культуру дыялогу у экуменічным, міжрэлігійным вымярэньні, у грамадзка-палітычных адносінах і на звычайным чалавечым узроўні. Ён імкнецца да еднасьці без аднастайнасьці, з захаваньнем адрозьненьняў і тоеснасьці.
 
Ён адыграў заўважную ролю ў пацяпленьні адносінаў паміж Злучанымі Штатамі і Кубай, у мірным урэгуляваньні ў Калумбіі і ў Цэнтральнаафрыканскай рэспубліцы, а 12 лютага 2016 г. у Гаване адбылася першая ў гісторыі сустрэча Папы Рымскага з Маскоўскім Патрыярхам.
 
У той жа час ён рашуча асуджае перасьлед хрысьціянаў, выступае супраць усіх формаў выкарыстаньня чалавека чалавекам, якія называе сучаснымі формамі рабаўладаньня.
 
Цэнтральным словам у пантыфікаце Папы Францішка зьяўляецца «міласэрнасьць». Бог бязьмежна любіць кожнае з сваіх стварэньняў, і ёсьць толькі адна мяжа: сапсаванасьць.
 
Сапсаваны той, хто ня ўмее быць міласэрным, хто адкідае Божую міласэрнасьць.
 
Бог не навязвае Сябе: застаецца Апошні Суд. Пасьля заканчэньня зямнога жыцьця адбудзецца суд адносна любові. У сувязі з гэтым Папа часта цытуе 25-ы разьдзел з Евангельля паводле Мацьвея: «Я быў галодны, і вы далі Мне есьці…»
 
Папа Францішак непрыхільна ставіцца да праяваў клерыкалізму, таму што пастыр павінен служыць і «пахнуць сваімі авечкамі». Ён лічыць, што вернікам варта ўсё больш адкрываць сваю ролю ў Царкве і ня быць у баку ад прыняцьця рашэньняў: мінуў час «біскупаў-правадыроў».
 
Сьвяты Айцец падкрэсьлівае важнасьць ролі жанчыны, але перадусім у сьвятле яе вышэйшага прызначэньня, а ня функцыяў. Гаворка ня ідзе пра змаганьне за ўладу або выкананьне такіх немагчымых заданьняў, як сьвятарства.
 
Важна зразумець сапраўднае значэньне жанчыны і яе значнасьць, таму што Марыя — вышэй за апосталаў. Пантыфік заклікае таксама моладзь быць больш актыўнай і сваімі творчымі ініцыятывамі «варушыць» пастыраў.
 
Жыцьцёвае і пастырскае «крэда» Папы Францішка добра адлюстроўваюць ягоныя ўласныя словы: «Калі мне ўдасца дапамагчы хоць аднаму чалавеку жыць лепш, гэтага ўжо дастаткова, каб апраўдаць дар майго жыцьця».
 
Паводле: Сэрджо Чэнтафанці, Vatican News.
Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў, Catholic.by.
Гл. таксама:
04.04.2018
Папа: Хрыстова ўваскрасеньне — магчымасьць адкрываць брацтва
07.12.2015
Папа Францішак: бяз просьбы аб прабачэньні шлях да еднасьці немагчымы
12.07.2014
Кампанія Ватыкану за мір і твіт Папы з нагоды завяршэньня Чэмпіянату сьвету па футболе
10.07.2014
Папа — ахвярам сэксуальнага злоўжываньня духавенства: “Прашу прабачэньня і плачу разам з вамі”
25.10.2013
Навучаньне Папы Францішка: чаму Царква зьяўляецца апостальскай