Пошук
Навіны
31.03.2018
Папа пра значэньне велікодных сьвятаў
 
Вялікдзень — гэта самае важнае сьвята літургічнага году, таму што гэта ёсьць успамін сьмерці і ўваскрасеньня Ісуса Хрыста, адзначыў Сьвяты Айцец Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая адбылася 28 сакавіка 2018 году на плошчы сьв. Пятра ў Ватыкане. Сваю катэхезу Рымскі Архірэй прысьвяціў значэньню велікодных сьвятаў.
 
Сьвяты Айцец заўважыў, што Пасхальны Трыдуум, які пачынаецца Імшой Вячэры Госпада ў Вялікі чацьвер і завяршаецца Нешпарамі Нядзелі Ўваскрасеньня Госпада, хрысьціяне пакліканы перажываць як «матрыцу» ўсяго асабістага і супольнаснага жыцьця. «Сьвяты не заканчваюцца на пасхальным кулічы, яйках і сьвяточных застольлях. Гэта ўсё цудоўна, паколькі гаворка ідзе пра сямейнае сьвята, але ўсё не завяршаецца на гэтым. Тут пачынаецца шлях місіі, абвяшчэньня таго, што Хрыстос уваскрос. Гэтая вестка, да якой вядзе Трыдуум, рыхтуючы нас да яе прыняцьця, зьяўляецца цэнтрам нашай веры і нашай надзеі, сутнасьцю, керыгмай, якая пастаянна евангелізуе Царкву і якая сама паклікана евангелізаваць», — сказаў Папа Францішак.
 
Біскуп Рыму заўважыў, што падчас Пасхальнай вігіліі ўдзеліць сьв. Тайну хросту васьмі дарослым асобам, якія толькі пачынаюць шлях свайго хрысьціянскага жыцьця. У сувязі з гэтым ён нагадаў, што ахрышчаныя пакліканыя заўсёды глядзець ўвышыню, пашыраць свае гарызонты. З хростам вернікі паміраюць для рэчаў і логікі гэтага сьвету і адраджаюцца як новае стварэньне, што павінна канкрэтным чынам праяўляцца ў жыцьці — у пазьбяганьні амаральнасьці і асабліва ў клопаце аб тых, хто мае патрэбу.
 
«Адзіны, Хто прымушае нас нарадзіцца звыш, — гэта Ісус Хрыстос. Ніхто больш. За гэта ня трэба нічога плаціць, таму нашае апраўданьне, дзякуючы якому мы становімся праведнымі, ня мае цаны. Менавіта ў гэтым і ёсьць веліч любові Ісуса: Ён бескарысна аддае Сваё жыцьцё, каб зрабіць нас сьвятымі, абнавіць і прабачыць. У гэтым ёсьць сутнасьць пасхальнага Трыдуума. Трэба бліжнім дарыць любоў, якую Бог падарыў нам. Сьвет становіцца месцам нашага новага жыцьця як асобаў, што ўваскрэсьлі. Мы ўваскрэсьлі з Ісусам, і таму, стоячы з узьнятай галавой, мы можам разам з Ім стаць прыладай адкупленьня і надзеі, знакам жыцьця і ўваскрасеньня для тых, хто сёньня перажывае пакуты, знаходзіцца ў нястачы, самоце, стаіць перад абліччам сьмерці, сказаў Папа.
 
Сьвяты Айцец нагадаў пра існуючы ў некаторых краінах велікодны звычай, згодна з якім, калі гучаць званы ў храмах, маці або бабулі абмываюць вадой вочы сваім дзецям ці ўнукам, каб маглі ўбачыць новыя справы, учыненыя Ісусам. «Абмыем у гэтую Пасху нашыя душы, абмыем вочы душы, каб бачыць прыгажосьць і рабіць дабро» — заклікаў ён вернікаў.
 
«Дарагія браты і сёстры, падрыхтуемся да добрага перажываньня ўжо блізкага Сьвятога Трыдуума, каб як мага глыбей увайсьці ў таямніцу Хрыста, Які за нас памёр і ўваскрос. Няхай нам у гэтым духоўным пілігрымаваньні спадарожнічае Найсьвяцейшая Дзева Марыя, якая ішла за Ісусам падчас Яго мукі – была там, глядзела і пакутавала — якая прысутнічала і зьядналася з Ім пад Яго крыжам, а таксама прыняла ў сваім матчыным сэрцы радасьць уваскрасеньня. Няхай яна выпрасіць для нас ласку глыбокага ўдзелу ў сьвяткаваньні дзён, што надыходзяць, каб нашае сэрца і нашае жыцьцё былі імі па-сапраўднаму перамененыя», — сказаў Францішак.
 
На заканчэньне агульнай аўдыенцыі Папа прывітаў прысутных на плошчы сьв. Пятра рымлянаў і пілігрымаў з розных куткоў сьвету і пажадаў усім радаснага і сьвятога Вялікадня.

Паводле матэрыялаў беларускай і расейскай рэдакцыяў Ватыканскага радыё.
Гл. таксама:
04.04.2018
Папа: Хрыстова ўваскрасеньне — магчымасьць адкрываць брацтва
04.05.2017
Папа ягіпецкім католікам: «ня бойцеся адкрыць свае сэрцы», будзьце будаўнікамі мастоў, дыялогу і згоды
02.07.2016
Папа папрасіў свайго пасланьніка прывітаць ад яго імя беларусаў у Будславе
24.06.2016
Папа адправіўся з візітам у першую хрысьціянскую краіну
27.03.2016
Слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі на сьвята Пасхі Гасподняй 2016 году