Пошук
Навіны
04.04.2018
Папа: Хрыстова ўваскрасеньне — магчымасьць адкрываць брацтва
 
Брацтва і еднасьць, якія адчуваем у гэтыя велікодныя дні, павінны стаць нашым ладам жыцьця і духам нашых адносінаў, падкрэсьліў Сьвяты Айцец Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве «Regina Coeli», якая адбылася 2 красавіка 2018 году на плошчы сьв. Пятра ў Ватыкане.
 
«Панядзелак пасьля Пасхі называецца “панядзелкам Анёла”, згодна з вельмі прыгожай традыцыяй, якая адпавядае старажытным біблійным крыніцам аб уваскрасеньні. Сапраўды, Евангельлі апавядаюць (пар. Мц 28,1-10; Мк 16,1-7; Лк 24, 1-12), што калі жанчыны ішлі да магілы, убачылі яе адчыненай. Яны баяліся, што ня змогуць увайсьці, бо магіла была зачынена з дапамогай вялікага камня, але яна аказалася адчыненай, а голас знутры сказаў ім, што Ісуса тут няма, Ён уваскрос.
 
Упершыню былі прамоўленыя словы: “Ён уваскрос”. Евангелісты паведамляюць нам, што гэта першае абвяшчэньне зрабілі анёлы, гэта значыць Божыя пасланцы. У гэтай анёльскай прысутнасьці ёсьць сэнс: як аб уцелаўленьні Слова абвясьціў анёл Габрыэль, так і для першага абвяшчэньня аб уваскрасеньні не было дастаткова чалавечага слова. Патрабавалася вышэйшая істота, каб пераказаць настолькі надзвычайную, нават неверагодную рэчаіснасьць, аб якой, напэўна, ніводны чалавек не асьмеліўся бы сказаць. Пасьля гэтага першага абвяшчэньня, супольнасьць вучняў пачала паўтараць: “Госпад сапраўды ўваскрос і зьявіўся Сымону” (Лк 24,34), але самае першае абвяшчэньне патрабавала здольнасьці, вышэйшай за чалавечую.
 
Сёньняшні дзень зьяўляецца днём сьвяткаваньня і зьбіраньня за сьвяточным сталом, які звычайна праходзіць у сям’і. Гэта сямейны дзень. Пасьля сьвяткаваньня Вялікадня адчуваецца патрэба сабрацца яшчэ з блізкімі і сябрамі, каб зрабіць сьвята. Таму што брацтва — гэта плён Пасхі Хрыстовай, які Сваёй сьмерцю і ўваскрасеньнем перамог грэх, што адзяляў чалавека ад Бога, чалавека ад самога сябе, чалавека ад яго братоў.
 
Нам вядома, што грэх заўсёды разьдзяляе, стваварае варожасьць... Ісус зьнішчыў мур падзелу паміж людзьмі і аднавіў мір, пачынаючы ткаць сетку новага брацтва. Вельмі важна ў гэты наш час адкрыць нанова брацтва, як ім жылі першыя хрысьціянскія супольнасьці. Адкрыць нанова, як даць месца Ісусу, Які ніколі не разьдзяляе, але заўсёды яднае. Ня можа быць сапраўднай еднасьці і клопату аб супольным дабры і сацыяльнай справядлівасьці бяз брацтва і дзяленьня дабротамі. Бяз брацкага дзяленьня немагчыма рэалізаваць сапраўдную царкоўную ці грамадзкую супольнасьць: так могуць існаваць толькі асобныя індывідуумы, якія кіруюцца ўласнымі інтарэсамі. Але брацтва — гэта ласка, якую дае Ісус.
 
Пасха Хрыстова выклікла ў сьвеце таксама штосьці іншае: выбух навізны дыялогу і адносінаў, навізны, якая для хрысьціянаў стала адказнасьцю. Сапраўды, Ісус сказаў: “Па тым усе пазнаюць, што вы вучні Мае, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго”. Вось чаму мы ня можам закрыцца ў нашым прыватным жыцьці, у нашай групе, але пакліканыя дбаць пра супольнае дабро, клапаціцца пра братоў, асабліва самых слабых і маргіналізаваных. Толькі брацтва можа гарантаваць трывалы мір, можа перамагчы беднасьць, пагасіць напружанасьць і войны, выкараніць карупцыю і злачыннасьць. Анёл, які нам кажа: “Ён уваскрос”, няхай навучыць нас жыць брацтвам і навізной дыялогу, адносінаў і клопату пра супольнае дабро.
 
Няхай Дзева Марыя, якую ў гэты пасхальны час называем “Уладаркай Неба”, падтрымлівае нас сваёй малітвай, каб брацтва і еднасьць, якія адчуваем у гэтыя велікодныя дні, магло стаць нашым ладам жыцьця і духам нашых адносінаў».
 
Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.
Гл. таксама:
31.03.2018
Папа пра значэньне велікодных сьвятаў
17.03.2018
5 гадоў з Папам Францішкам: статыстыка і адметнасьці пантыфікату
04.05.2017
Папа: праца дае моладзі магчымасьць марыць
30.06.2016
Ватыканскія архівы адкрылі новыя зьвесткі пра Скарыну
24.06.2016
Папа адправіўся з візітам у першую хрысьціянскую краіну