Пошук
Навіны
15.05.2018
У Косаве ў дзень парафіяльнага фэсту адкрылі помнік Касьцюшку
 
12 траўня 2018 году ў мястэчку Косава (Івацэвіцкі р-н) ў Траецкім касьцёле адбыўся парафіяльны фэст з нагоды ўспаміну Маці Божай Ласкавай.
 
Ва ўрачыстасьцях у косаўскай парафіі бралі ўдзел і грэка-католікі з Івацэвічаў, Горадні, Берасьця, Менску. Грэка-каталіцкія сьвятары а. Віталь Быстроў з івацэвіцкай парафіі Маці Божай Жыровіцкай і а. Андрэй Крот з парафіі Маці Божай Фацімскай у Горадні саслужылі Імшу з мясцовымі рыма-каталіцкімі сьвятарамі.
 
У галоўным алтары цяперашняга косаўскага касьцёлу (1877 г.), які паўстаў на месцы ранейшага драўлянага, знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай Ласкавай. Многія стагоддзі перад ім праз заступніцтва Багародзіцы ўзносілі свае малітвы мясцовыя вернікі і шматлікія пілігрымы, выпрошваючы для сябе і сваіх родных Божыя ласкі.
 
У гэты дзень у Марачоўшчыне каля Косава адбылася адметная для ўсёй Беларусі падзея, зьвязаная з касьцёлам Сьвятой Тройцы і мястэчкам. Ля сядзібы Касьцюшкаў быў урачыста адкрыты першы за часы незалежнай Беларусі помнік Тадэвушу Касьцюшку. Як сьведчыць запіс у кнізе хростаў Косаўскай парафіі, нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і Амерыкі, ганаровы грамадзянін Францыі Андрэй Тадэвуш Банавентура Касьцюшка быў ахрышчаны ў касьцёле Сьвятой Тройцы 12 лютага 1746 г. На ўрачыстасьці адкрыцьця помніка славутаму земляку прысутнічалі шматлікія прадстаўнікі беларускай грамадзкасьці з розных куткоў краіны, вядомыя дзеячы культуры, дыпламаты з Польшчы, ЗША, Францыі, Украіны і Расеі, прадстаўнікі мясцовых уладаў.

Да ўрачыстасьцяў у гонар Касьцюшкі далучыліся таксама і грэка-каталікі разам з сваімі сьвятарамі. Варта адзначыць, што маці Тадэвуша Касьцюшкі — Тэкля з Ратомскіх — была ўніяткай. Калі памёр бацька Тадэвуша Людвік Касьцюшка, у яго адпяваньні паводле жаданьня памерлага бралі ўдзел ўніяцкія сьвятары. Наогул род Касьцюшкаў паходзіў з праваслаўных русінаў, а пазьней, калі яны сталі рыма-каталікамі, яны былі фундатарамі і апекунамі ўніяцкіх цэркваў у сваіх родавых мясьцінах у Сяхновічах. Свой Ордэн Цынцыната, атрыманы ад Дж. Вашынгтона за баявыя заслугі ў вайне за незалежнасьць ЗША, Тадэвуш Касьцюшка ахвяраваў уніяцкай царкве ў вёсцы Даўгаліскі ў Прыбужжы, якую наведвалі і дзе маліліся яго маці, якая жыла ў дачкі Ганны, і сам Тадэвуш разам з былой каханай дзяўчынай Людвікай Сасноўскай.
Гл. таксама:
04.07.2014
Сьвята грэка-католікаў Берасьця — пад апекай Маці Божай Берасьцейскай
29.06.2014
У Бэтлееме грэка-католікі маліліся за хрысьціянаў Беларусі
23.06.2014
Нунцый узначаліў парафіяльныя ўрачыстасьці грэка-католікаў у Менску
22.06.2014
Апостальскі Візітатар БГКЦ: дыялог ня можа адбывацца праз выключэньне аднаго з партнёраў
10.06.2014
Румынскі грэка-каталіцкі ярарх гасьціў у менскіх грэка-католікаў