Пошук
Навіны
25.05.2018
Апостальскі нунцый: праз некалькі месяцаў мы зможам убачыць канкрэтныя крокі па ўпарадкаваньні жыцьця грэка-каталіцкай супольнасьці
 
Мінула два гады, як 13 траўня 2016 году Папа Рымскі Францішак прызначыў вянгерскага каталіцкага сьвятара і ватыканскага дыпламата Габара Пінтэра новым Апостальскім нунцыем у Рэспубліцы Беларусь. З гэтай нагоды журналісты хрысьціянскага інфармацыйнага парталу Krynica.info сустрэліся з прадстаўніком Сьвятога Пасаду ў Беларусі для таго, каб узяць інтэрв’ю і абмеркаваць ўражаньні Ўладыкі Габара ад краіны за гэты час, дачыненьні Царквы з беларускімі ўладамі і некаторыя ўнутрыцаркоўныя праблемы.
 
На пачатку гутаркі архібіскуп Габар Пінтэр адзначыў, што да прызначэньня яго прадстаўніком Сьвятога Айца ў Беларусі нашая краіна і ўся тэрыторыя былога Савецкага Саюзу былі амаль цалкам невядомыя яму, хоць сам ён паходзіць з Венгрыі і жыў у часы, калі там быў падобны камуністычны рэжым. Цяпер, паводле яго словаў, ён ведае, што тут было зусім інакш. Згадаўшы пра цудоўную прыроду ў Беларусі, прыгожыя і добра арганізаваныя гарады з вельмі добрай інфраструктурай, дзе ён сустрэў вельмі прыемных і гасьцінных людзей, Апостальскі нунцый сказаў, што быў вельмі зьдзіўлены, бо ўбачыў у Беларусі шмат веры.
«Я не разумею, як гэтыя людзі здолелі захаваць яе ў такі жорсткі атэістычны перыяд. Падаецца, што ключом гэтага была сям’я. Вера захавалася не Касьцёлам, які як інстытут быў практычна зьнішчаны, а ў сем’ях і праз сем’і. Гэта дзіўная зьява», — адзначыў прадстаўнік Сьвятога Айца.
 
Вядома ж, ня ўсё ідэальна ў нашай краіне, заўважыў пры гэтым архібіскуп Габар Пінтэр, і «мы тут жывем не ў раі». Існуе нямала рэчаў і праблемаў, якія патрабуюць свайго вырашэньня як у Царкве, так і ў палітычным жыцьці ды ў эканоміцы краіны. Але агулам, на думку ватыканскага дыпламата, сітуацыя як у грамадзтве, так і ў Царкве вельмі станоўчая. Ён выказаў таксама спадзяваньне, што Беларусь стане больш вядомай для сьвету і больш адкрытай.
 
Адносна магчымасьці візіту Рымскага Архірэя ў Беларусь, якую яшчэ ніколі не наведваў ніводзін папа, архібіскуп Габар Пінтэр адзначыў, што праца для гэтага візіту — гэта адзін з прыярытэтаў у ягонай дзейнасьці. Сустрэўшыся і паразмаўляўшы за час свайго двухгадовага служэньня ў Беларусі з многімі людзьмі, у тым ліку з праваслаўнымі і прадстаўнікамі дзяржаўнай улады, Уладыка Габар упэўніўся, што
«сапраўды, уся краіна жадае, каб Папа прыехаў сюды».
Але, нягледзячы на тое, што ў краіне шмат католікаў, Папа не прыедзе сюды бяз згоды Праваслаўнай Царквы дзеля павагі да яе, бо большасьць насельніцтва краіны ўсё ж праваслаўныя. «Паколькі Беларуская Праваслаўная Царква зьяўляецца часткай Рускай, а яе зьверхнікам зьяўляецца Патрыярх Маскоўскі Кірыл, то без яго згоды, візіт не адбудзецца, — падсумаваў ватыканскі ярарх. — Наша задача — арганізаваць візіт у згодзе і каардынацыі з Праваслаўнай Царквой».
 
Што да падпісаньня канкардату паміж Беларусьсю і Ватыканам, падрыхтоўка якога пачалася амаль 10 гадоў таму, Апостальскі нунцый канстатаваў, што сапраўды, актыўная праца над дакументам у апошнія тры-чатыры гады фактычна прыпынілася. На яго думку — праз нейкае непаразуменьне, хоць працэс ідзе і сёньня. Пры гэтым ватыканскі дыпламат удакладніў, што ў апошнія дзесяцігоддзі Ватыкан наогул не заключае канкардаты, хоць гэты тып міжнародных дакументаў і не адменены. У нашыя дні, калі жыцьцё ўвесь час ускладняецца, амаль немагчыма заключыць комплекснае пагадненьне, якое б рэгулявала кожную дэталь узаемадзеяньня паміж Царквой і дзяржавай, — заўважыў ярарх. «Тое, што мы рыхтуем, называецца рамачным пагадненьнем. Мы спрабуем ахапіць як мага большую частку пытаньняў, але, магчыма, неўзабаве зьявіцца новая праблема, і мы будзем вымушаныя разгледзець ужо яе. У гэтым выпадку будзе рыхтавацца новае пагадненьне».
 
А пакуль няма рамачнага пагадненьня паміж Ватыканам і Беларусьсю, існуюць пэўныя дадатковыя ініцыятывы, паведаміў нунцый, і перадусім — ініцыятыва Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў, каб заключыць дамову па шэрагу важных пытаньняў паміж мясцовай Царквой і дзяржавай і такім чынам урэгуляваць некаторыя пытаньні яшчэ да таго, як будзе заключанае рамачнае пагадненьне.
 
Закраналася ў інтэрв’ю з Апостальскім нунцыем і праблема замежных сьвятароў і норма, паводле якой сьвятарам, што прыязджаюць у Беларусь на кароткі час, каб адслужыць нават адну літургію, неабходна загадзя атрымліваць дазвол ад уладаў на рэлігійную дзейнасьць, хоць яны маюць правіла служыць літургію штодня. Ватыканскі ярарх прызнаў, што «праблема існуе, мы ня можам хаваць яе» і яна зьяўляецца вынікам сьпецыфічнай сітуацыі Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Ён адзначыў, што закон дзяржавы, які рэгулюе, як іншаземцы могуць прыязджаць і працаваць, Каталіцкая Царква паважае. «Гэта нават не абмяркоўваецца, — падкрэсьліў архібіскуп Габар Пінтэр. — Але ёсьць сітуацыі, калі ўжываньне закону не зразумелае. Чаму так, а ня так? Чаму гэта, а ня тое? Ёсьць пытаньні, якія мы павінны праясьніць». Як паведаміў ватыканскі дыпламат, апошняя вельмі важная сустрэча па гэтым пытаньні адбылася ў Міністэрстве замежных спраў 27 красавіка 2018 году і працягвалася яна некалькі гадзінаў. Ярарх сказаў, што ўдалося абмеркаваць многія дэталі, якія былі незразумелыя ці невядомыя абодвум бакам. «Мы таксама дамовіліся, што пэўныя правілы ды пытаньні будуць перагледжаныя», — паведаміў Апостальскі нунцый.
 
Пэўная частка інтэрв’ю журналіста хрысьціянскага парталу Krynica.info Максіма Гацака з прадстаўніком Апостальскай Сталіцы ў Беларусі архібіскупам Габарам Пінтэрам датычыла жыцьця і праблемаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Асабліва павінны заінтрыгаваць грэка-католікаў словы прадстаўніка Сьвятога Пасаду пра тое, што праз пару месяцаў трэба чакаць пэўных крокаў па ўпарадкаваньні жыцьця грэка-каталіцкай супольнасьці Беларусі. Нагадаем, на 22–23 верасьня 2018 году запланаваны візіт Папы Рымскага Францішка ў Літву, а 24 і 25 верасьня Сьвяты Айцец будзе знаходзіцца ў Латвіі і Эстоніі. У Вільні Рымскі Архірэй будзе мець сустрэчу з моладдзю. Ці не плануцецца абвясьціць пра пэўныя зьмены ў БГКЦ менавіта падчас ці напярэдадні гэтага візіту Папы Рымскага ў старажытную сталіцу былога Вялікага Княства Літоўскага? Пра гэта даведаемся на пачатку восені. А ніжэй падаем цалкам гэтую частку размовы з Апостальскім нунцыем пра БГКЦ.
 
— У Беларусі існуе ня толькі Рыма-Каталіцкая Касьцёл, але і Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква. Тым ня менш, яна ня мае свайго біскупа. У чым прычына гэтага? Як мы ведаем, існуюць нават меншыя Ўсходнія Каталіцкія Цэрквы, якія маюць свайго біскупа.
 
— Гэта таксама цяжкае пытаньне. Перадусім, неабходна падкрэсьліць важнасьць Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Яе традыцыя ўзыходзіць да самога пачатку грэка-каталіцтва. Раней грэка-каталікоў тут было нашмат больш, яны мелі свае япархіі і біскупаў. Таму, кажучы пра традыцыйныя хрысьціянскія Цэрквы ў краіне, мы заўсёды ўзгадваем тры: Праваслаўную, Рыма-Каталіцкую і Грэка-Каталіцкую. Гэтыя тры Царквы паказваюць рэальнасьць хрысьціянскай традыцыі і хрысьціянскай супольнасьці ў краіне. Мы ня можам і ніколі ня будзем пра гэта забываць. У савецкі час Грэка-Каталіцкая Царква была фактычна скасавана, і сьвятары былі высланыя на пакуты ў ГУЛАГ. Савецкі ўрад не хацеў наогул прызнаваць грэка-каталікоў.
 
Пасьля зьменаў, якія пачаліся 30 гадоў таму, грэка-каталіцкай супольнасьці давялося шукаць сваю ўласную ідэнтычнасьць. Яны павінны былі прыйсьці да сябе. Сёньня можна пацьвердзіць, што яны знайшлі ідэнтычнасьць, хоць іх колькасьць да канца няясная. Вельмі строгія статыстычныя дадзеныя кажуць аб 3,000. Большыя рэальныя сьведчаць аб 15,000-17,000. Калі ж улічваць усе сем’і, дзе маці або бацька зьяўляюцца грэка-каталікамі, гаворка можа ісьці да 30,000. Рэальнасьць жа недзе паміж 3,000 і 30,000.
 
Гэта вельмі вызначаная супольнасьць. Яны прысутнічаюць практычна ва ўсёй краіне, асабліва ў буйных гарадах. У іх 15 сьвятароў. Адказвае за грэка-каталіцкую супольнасьць архімандрыт Сяргей Гаек, які прызначаны Сьвятым Пасадам у якасьці візітатара і адказны непасрэдна перад Ватыканам. Яму даручана арганізаваць усё жыцьцё супольнасьці, каардынаваць пастырскую працу.
Гэта азначае, што грэка-каталікі маюць пэўную незалежнасьць. Яны не падначальваюцца рыма-каталіцкім біскупам, але прысутнічаюць падчас усіх нацыянальных падзей Каталіцкай Царквы. І робяць гэта як грэка-каталікі.
 
Што ж тычыцца таго, чаму яны ня маюць свайго біскупа, то па многіх крытэрах яны маглі б мець яго. Але ёсьць некаторыя іншыя ўмовы, якія яшчэ не выкананыя.
Ні я, ні Папа — мы не забываем пра грэка-каталікоў. Мы сочым за працэсам пошуку імі сваёй ідэнтычнасьці, іх роляй у грамадзтве і ў Царкве Беларусі. Ёсьць шмат пазітыўных зрухаў, нават калі яны ня вельмі бачныя.
 
З часу майго прыбыцьця ў Беларусь, адным з маіх прыярытэтаў было ўбачыць, як ідзе гэты працэс. Я размаўляў пра гэта і з Папам, калі быў у апошні раз у Рыме ў лістападзе. Я размаўляў і з кардыналам-дзяржсакратаром Паралінам, бо гэтае пытаньне таксама залежыць ад яго. Я размаўляў і з кардыналам Сандры, які адказвае за Кангрэгацыю Ўсходніх Цэркваў. Мы ўсе працуем над гэтым пытаньнем.
 
Але я ня думаю, што мы зможам вельмі хутка даць адказ. Мы павінны разглядаць гэтае пытаньне паступова.
Спадзяюся, што праз некалькі месяцаў мы зможам убачыць нейкія канкрэтныя крокі па ўпарадкаваньні жыцьця грэка-каталіцкай супольнасьці. Ці будзе гаворка ісьці пра біскупа ці не, я не магу зараз сказаць. Гэта было б занадта канкрэтна.
 
— Некаторыя аналітыкі кажуць, што грэка-каталікі ня маюць біскупа па геапалітычных прычынах…
 
— Я б не сказаў, што гэта палітычнае пытаньне. Калі б гэта было так, яно б ужо было вырашанае. Гэтае пытаньне значна больш складанае. Вядома, у грамадзтве ўсё ідзе разам. Мы ня можам выключыць вернікаў і Царкву з грамадзтва. Царква зьяўляецца часткай грамадзтва, а праз гэта і часткай палітыкі. З іншага боку, грамадзтва ня можа адмаўляць існаваньне Царквы, як гэта спрабавалі зрабіць камуністы.
 
Таму наяўнасьць у грэка-каталікоў біскупа не зьяўляецца палітычным ці па-запалітычным пытаньнем. Яны таксама частка грамадзтва. Але мы ня можам забываць, што большасьць беларускага грамадзтва — праваслаўныя. А для Праваслаўнай Царквы існаваньне грэка-каталіцкай супольнасьці зьяўляецца тым, з чым яны згаджаюцца, але ня могуць да канца прыняць. На шчасьце, гэта не праблема паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і беларускай грэка-каталіцкай супольнасьцю. Гэта больш тэарэтычнае пытаньне.
 
Фота Эльвіры Гарошка, Krynica.info.
Гл. таксама:
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
09.03.2017
Вярхоўны архібіскуп УГКЦ Сьвятаслаў Шаўчук: я ня ведаю, чаму Ватыкан не дае біскупа грэка-католікам у Беларусі, я дзіўлюся гэтаму
29.06.2014
У Бэтлееме грэка-католікі маліліся за хрысьціянаў Беларусі
23.06.2014
Нунцый узначаліў парафіяльныя ўрачыстасьці грэка-католікаў у Менску
05.05.2012
Душпастырская праграма візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў