Пошук
Навіны
19.06.2018
Быць Усходняй Каталіцкай Царквой сёньня
 
У Італіі 14-17 чэрвеня 2018 году распачалася ХХІ Сустрэча ўсходніх каталіцкіх ярархаў Еўропы (Conventus Hierarchorum Catholicorum Europae). Сёлетняя штогадовая сустрэча ярархаў адбываецца ў г. Лунгра, што ў Калабрыі, на запрашэньне ўладыкі Даната Алівэрыё, які ўзначальвае каталіцкую япархію Лунгра для італа-албанцаў на тэрыторыі кантынентальнай Італіі.
 
Сустрэча зьяўляецца часткай падрытоўкі да адзначэньня 100-годдзя заснаваньня япархіі Лунгра, якое адбылося на падставе постальскай канстытуцыі «Catholici fideles», выдадзенай Папам Бенядыктам XV 13 лютага 1919 году.
 
Гэтым разам ярархі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў будуць разважаць над постацьцю біскупа, у прыватнасьці ў кантэксьце пэўных асьпектаў новага шлюбнага працэсу, сярод іншых тэмаў — Літургія, яе абнаўленьне ў адпаведнасьці з ідэнтычнасьцю Ўсходніх Каталіцкіх Царкваў, між’епархіяльнае партыкулярнае права і ўклад Італа-Албанскай Царквы ў экуменічны працэс і іншыя.
 
У Сустрэчы ярархаў прымаюць удзел біскупы і духавенства — прадстаўнікі дванаццаці Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы. Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву прадстаўляе Апостальскі Візітатар Архімандрыт Сяргей (Гаек).
 
Паседжаньні ярархаў у Лунгра распачаліся з урачыстай Вячэрні ў катэдральным храме сьв. Мікалая з Мір. Затым была інаўгурацыйная сэсія, на якой выстпіў кардынал Леанарда Сандры, прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, кардынал Анджэла Баньяска, Старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцыяў Еўропы (ССЕЕ), і архібіскуп Эміль Поль Чэрыг, Апостальскі нунцый у Італіі. Разам з прадстаўнікамі мясцовай супольнасьці ў інаўгурацыйнай сэсіі прынялі ўдзел больш за пяцьдзясят усходніх каталіцкіх біскупаў.
 
«Гэтая сустрэча, што адбываецца падчас падрыхтоўкі да першага 100-годдзя Япархіі Лунгра (13 лютага 2019 г.), зьяўляецца падзеяй несумненнай вагі, таму што тут зьбіраюцца разам усе зьверхнікі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў, прысутных у Еўропе, каб лепей зразумець, што чакае ўся Царква ад усходніх хрысьціянаў, якія жывуць у поўнай еднасьці з Апостальскім Пасадам», — сказаў італа-албанскі ўладыка Даната Аліверыё, тлумачачы мэту сустрэчы.
 
«Чым больш нашыя Ўсходнія Каталіцкія Цэрквы будуць самімі сабой, тым больш пераканаўчым будзе нашае сьведчаньне. Чым больш яснай будзе нашая прыналежнасьць да хрысьціянскага Ўсходу, тым больш плённай і каштоўнай будзе нашая камплементарнасьць адносна заходняй традыцыі і тым больш заўважным будзе скарб хрысьціянскага Ўсходу ў сэрцы Царквы». Менавіта такія выклікі «ў духу Другога Ватыканскага Сабору і ў адпаведнасьці з Кодэксам канонаў Усходніх Цэркваў» сфармуляваў ярарх — паведамляе Svjazep.org.
 
Як мяркуе ўладыка Даната Алівэрыё, «гэтыя сустрэчы ўзбагачаюць усіх нас і ўмацоўваюць нас як Усходнія Каталіцкія Цэрквы, а менавіта — у тым, каб яшчэ лепш акрэсьліць наш сьпецыфічны ўклад, нашую тоеснасьць у экуменічным кантэксьце, у надзеі, што гэта прывядзе да пераадоленьня непаразуменьняў і напружаньняў».
 
Сустрэча завершыцца ў нядзелю, 17 чэрвеня 2018 году Боскай Літургіяй у катэдральным храме сьв. Мікалая з Мір у Лунгра.
 
Нагадаем, што ва ўлоньні Каталіцкай Царквы існуюць памесныя Цэрквы, якія называюць таксама Цэрквамі свайго права (або абраду), якія знаходзяцца ў поўнай сулучнасьці з Рымскай Царквой, але якія адрозьніваюцца ад лацінскай Каталіцкай Царквы рознымі формамі літургічнага культу і народнай пабожнасьці, сакраментальнай дысцыплінай (удзяленьнем Сьвятых Тайнаў) і кананічнай дысцыплінай (юрыдычнымі прадпісаньнямі), тэрміналогіяй і багаслоўскімі традыцыямі.
 
Сьпіс Цэркваў свайго права (“sui iuris”), якія прадстаўленыя на Сустрэчы ярархаў у Лунгра (Італія):
- Італа-Албанская Царква (япархія Лунгра і япархія П’яна для албанцаў у Італіі)
- Царква візантыйска-славянскага абраду ў Балгарыі
- Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква
- Грэка-Каталіцкая Царква ў Чэхіі
- Апостальскі Экзархат для католікаў візантыйскага абраду ў Грэцыі
- Грэка-Каталіцкая Царква ў Казахстане
- Мукачаўская Грэка-Каталіцкая Царква
- Грэка-Каталіцкая Царква ў Румыніі
- Грэка-Каталіцкая Царква ў Сербіі і Чарнагорыі
- Славацкая Грэка-Каталіцкая Царква
- Украінская Грэка-Каталіцкая Царква (Украіна, Велікабрытанія і Ірландыя, Нямеччына, Італія, украінскія супольнасьці ў сьвеце)
- Грэка-Каталіцкая Царква ў Венгрыі
- Мельхіцкая Грэка-Каталіцкая Царква
- Армянская Каталіцкая Царква (Еўропа)
- Сірыйска-Малабарская Царква ў Вялікабрытаніі
- Сірыйска-Каталіцкая Царква ў Еўропе
 
Першая Сустрэча ўсходніх каталіцкіх ярархаў Еўропы адбылася ў 1997 годзе ў япархіі Гайдудораг (у г. Ньірэдзьгаза, Венгрыя) пры падтрымцы і спрыяньні кардынала Акіле Сільвестрыні, тагачаснага прэфекта Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, які хацеў стварыць прастору, у якім біскупы гэтых Цэркваў, якія былі асабліва зраненыя атэістычным рэжымам, «шукалі з кожным разам большай яснасьцю сваю ролю ў сёньняшняй Еўропе і цешыліся любоўю і пашанаю за іхнюю гісторыю вернасьці Царкве і Папе, якую яны аплацілі высокай цаной» (з Уступнага слова кардынала Акіле Сільвестрыні для публікацыі Актаў першай сустрэчы).
 
Пачынаючы з 2009 году гэтыя Сустрэчы ўсходніх каталіцкіх ярархаў Еўропы (CHOCE) праходзяць пад патранатам Рады Біскупскіх Канферэнцыяў Еўропы (ССЕЕ).

Фота: 2018 - Meeting of the Eastern Catholic Bishops of Europe.
Гл. таксама:
20.05.2014
Монтэ Касіна. Памяць пра мужных жаўнераў з Беларусі
06.05.2014
Сімпозіюм на тэму ўсходняга кананічнага права ў Рыме
24.11.2013
Зьверхнікі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў сустрэліся з Рымскім Архірэем
06.07.2013
Наладжваньне стасункаў з праваслаўнымі на месцах — найбольшае заданьне для ўсходніх католікаў сёньня
20.11.2010
Завяршылася штогадовая сустрэча ўсходніх каталіцкіх ярархаў Еўропы