Пошук
Навіны
13.07.2018
Першаярарх УГКЦ: нашая еднасьць з Сьвятым Айцом не базуецца на нейкай палітычнай выгадзе
 
Украінская Грэка-Каталіцкая Царква — Царква Ўладзімеравага Хрышчэньня, якая была, ёсьць і будзе душою свайго народу, а еднасьць грэка-католікаў з Сьвятым Айцом не базуецца на палітычнай выгадзе або геапалітычнай міжнароднай кан’юнктуры. Гэта ёсьць частка веры Царквы часоў князя Ўладзімера. Грэка-католікі — гэта ня частка Лацінскага патрыярхату, як некаторыя кажуць, УГКЦ будуе свой, як памесная Царква свайго права.
 
Пра гэта сказаў Першаярарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук) у Жоўкве, у храме сьвятога сьвятамучаніка Язафата, на Львоўшчыне падчас чыну архірэйскага нарачэньня ўладыкі Пятра (Лазы) 11 ліпеня 2018 году — паведамляе Дэпартамент інфармацыі УГКЦ.
 
На думку Вярхоўнага Архібіскупа УГКЦ, чын архірэйскага нарачэньня, тры ягоныя элементы — вызнаньне веры, прысяга на вернасьць і паслушэнства Сьвятому Айцу Папе Рымскаму ды прысяга на вернасьць, паслушэнства Першаярарху УГКЦ — навучаюць нас таму, якой ёсьць Грэка-Каталіцкая Царква: гэта Царква Ўладзімеравага Хрышчэньня, якая знаходзіцца ў сулучнасьці (еднасьці) з Усяленскім Архірэем і зьяўляецца Царквой свайго права, гэта значыць памеснай.
 
Украінскі архірэй зьвярнуў увагу на момант, калі ўсе прысутныя на гэтай урачыстай падзеі бачылі, як новапрызначаны біскуп прамаўляў вызнаньне сваёй веры. Паводле яго словаў уладыка гаварыў Сымбаль веры ня толькі ад свайго імя, як прыватная асоба, ён у гэты момант стаў вуснамі усяго свайго народу. Больш за тое, ён вызнаў тую самую веру, такімі ж словамі, як гэта рабіў 1030 гадоў таму князь Уладзімер каля сьценаў Херсанэсу ў Крыму. Ён зрабіў тое ж вызнаньне апостальскай веры адзінай сьвятой паўсюднай Царквы, якое прамовілі над водамі Дняпра прабацькі ў водах сьвятога Хрышчэньня, 1030-гадовы юбілей якога адзначаецца сёлета. «Нашая Царква ёсьць спадкаемцай Царквы Ўладзімеравага Хрышчэньня. Мы зьяўляемся спадкаемцамі Кіеўскага хрысьціянства першага тысягоддзя. Мы ёсьць сьведкамі веры непадзеленай Хрыстовай Царквы. Бо мы ведаем, што ўсе падзеі, падзелы і расколы хрысьціянстве сталіся значна пазьней. Мы з вамі — Царква, якая ёсьць правапераемніцай Кіеўскага хрысьціянства», — сказаў Першаярарх УГКЦ. Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук) падкрэсьліў таксама, што Грэка-Каталіцкая Царква доўгі час была голасам свайго народу, які яшчэ ня меў сваёй дзяржавы.
 
Каментуючы момант, калі новапрызначаны дапаможны біскуп Сакальска-Жоўкваўскай япархіі а. Пятро Лаза складаў прысягу на вернасьць Папе Рымскаму, Першаярарх УГКЦ сказаў: «Вера ў тое, што наступнік апостала Пятра ёсьць стрыжнем, зарукаю еднасьці Хрыстовай Царквы, належыць да тоеснасьці Кіеўскага хрысьціянства».
 
Украінскі архірэй адзначыў, што вельмі вымоўна гучала гэтае вызнаньне веры ў храме, прысьвечаным сьвятому Язафату, калі ўдзельнікі вячэрні малітоўна зьвярталіся да сьвятых мучанікаў XX стагоддзя — мучанікаў за еднасьць Кіеўскай Царквы з наступнікам апостала Пятра нашых дзён. Ён падкрэсьліў: «Нашая еднасьць з Сьвятым Айцом не базуецца на нейкай палітычнай выгадзе ці геапалітычнай міжнароднай кан’юнктуры. Гэта есьць частка веры Царквы князя Ўладзімера. Веры, якую мы здолелі зьберагчы і засьведчыць кроўю нашых мучанікаў. За нейкі палітычны праект нехта мог даць адно толькі нейкія зямныя даброты. А за еднасьць з Сьвятым Айцом мы заплацілі крывёю мучанікаў і вызнаўцаў».
 
Кажучы пра прысягу вернасьці Зьверхніку Царквы, Яго Блаславенства Сьвятаслаў адзначыў: «Мы з вамі як члены УГКЦ ня належым да іншых патрыярхатаў. Мы знаходзімся ў еднасьці з наступнікам апостала Пятра, таксама, як і ў першым тысячагоддзі з ім у еднасьці былі Канстанцінопальскі, Ерусалімскі, Антыяхійскі, Александрыйскі патрыярхі. Мы не зьяўляемся членамі Лацінскага патрыярхату, як часам некаторыя кажуць, мы будуем свой, як памесная Царква свайго права», — патлумачыў Зьверхнік УГКЦ.
 
І гэта ёсьць тры кароткія вызнаньні веры, якія вельмі шмат кажуць пра грэка-католікаў.
 
Напрыканцы Першаярарх УГКЦ адзначыў, што на сучасным гістарычным этапе Грэка-Каталіцкая Царква так шмат мае чаго сказаць, у тым ліку і нашым незьяднаным братам, якія так шукаюць сёньня еднасьці між сабою, унутры сусьветнага праваслаўя. «Нашым заданьнем ёсьць сказаць, што слугою еднасьці Хрыстовай Царквы ня ёсьць патрыярх або нейкі зямны ўладар. Стрыжнем, слугою, скалою, бачным знакам еднасьці ў Царкве Хрыстовай, у адпаведнасьці з запаветам нашага Збаўцы, ёсьць Сьвяты Айцец Папа Рымскі. Таму нашыя продкі вучылі: там, дзе ёсьць Папа, там ёсьць праўдзівая Царква, і там ёсьць фундамент еднасьці — Царквы і народу. Няхай міласэрны Госпад дапаможа нам зьберагчы нашую спадчыну, не растраціць яе па дарозе, каб ім узбагаціць усіх хрысьціянаў Украіны. І, такім чынам, дачакацца таго дня, калі ўсе будуць адно, калі будзе адзін пастыр, адзін статак, у еднасьці адзінай сьвятой паўсюднай і апостальскай Царквы, бачным знакам прысутнасьці якой ва Ўкраіне ёсьць Ўкраінская Грэка-Каталіцкая Царква», — сказаў Першаярарх УГКЦ Вярхоўны Архібіскуп Сьвятаслаў (Шаўчук).
 
Хіратонія рэдэмптарыста а. Пятра Лазы на дапаможнага біскупа Сакальска-Жоўкваўскай япархіі адбылася ў Жоўкве на настпны дзень, у сьвята Вярхоўных апосталаў Пятра і Паўла паводле юльянскага календара. Падчас яе Зьверхнік УГКЦ таксама адзначыў: «Мы ўвялі яго ў калегію спадкаемцаў апосталаў, яго прызналі адным з нас. Важна, што тут прысутнічаюць таксама ўладыкі лацінскага абраду. Таму сёньня ўладыка Пятро ўвайшоў у сулучнасьць з усімі спадкаемцамі апосталаў у Паўсюднай Царкве, якія знаходзяцца ў еднасьці з спадкаемцам апостала Пятра нашых дзён. Мы сёньня бачылі жывую ікону Паўсюднай Царквы».

Фота: а. Раман Гантарык, Медіаресурс УГКЦ.
Гл. таксама:
08.10.2018
Зьверхнік УГКЦ: «Экуменізм трэба забраць з рук дыпламатаў»
07.07.2018
Папа Францішак падзякаваў УГКЦ за «экуменічную адкрытасьць» і назваў беспадстаўнымі абвінавачаньні яе ва ўніятызьме
12.06.2013
Візіт ва Ўкраіну старшыні Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў
11.06.2013
Кардынал Курт Кох: Папа адчувае адказнасьць за дыялог паміж Усходнімі Каталіцкімі і Праваслаўнымі Цэрквамі
19.04.2013
Дэлегацыя УГКЦ на Сьвятой Зямлі