Пошук
Навіны
05.09.2018
У БГКЦ і ў супольнасьці рэдэмптарыстаў распачаў служэньне новы дыякан
 
Дыяканскія сьвячаньні на сьвята Перамяненьня Госпада Ісуса Хрыста паводле юльянскага календара (19 жніўня 2018 году) атрымаў беларускі рэдэмптарыст візантыйскага абраду бр. Сяргей Ганчароў.
 
Сьвячаньні яму ўдзяліў дапаможны біскуп Львоўскай архіяпархіі УГКЦ уладыка Ўладзімір Груца. Гэтая падзея ў супольнасьці рэдэмптарыстаў адбылася ў Львове, у царкве сьв. Язафата.
Уладыка Ўладзімір Груца ўдзяляе дыяканскія сьвячаньні манахам-рэдэмптарыстам.
Разам з беларусам бр. Сяргеем Ганчаровым, які паходзіць з Менску, дыяканскія сьвячаньні атрымаў яшчэ адзін рэдэмптарыст — бр. Васіль Чавага з Украіны.
 
Перад гэтым бр. Сяргей Ганчароў склаў вечныя зарокі паслушэнства, чысьціні і ўбоства. Адбылося гэта 12 жніўня 2018 г. у царкве сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ў г. Наваявараўску Львоўскай вобл. (Украіна), дзе служаць рэдэмптарысты. Пры складаньні вечных зарокаў манахі-рэдэмптарысты па традыцыі, якую распачаў сьвяты заснавальнік і Настаўнік Царквы Альфонс Лігуоры, складаюць таксама прысягу вытрываласьці ў Кангрэгацыі да сьмерці. Гэтыя абяцаньні яго і сабрата Васіля Чавагі прыняў протаігумен Львоўскай правінцыі рэдэмптарыстаў а. Андрэй Рак.
 
Манах-рэдэмптарыст з Беларусі Сяргей Ганчароў складае вечныя зарокі.
На працягу наступных месяцаў дыякан Сяргей Ганчароў будзе выконваць сваё служэньне ў парафіях у Беларусі, Бельгіі і Ўкраіне. Беларускія грэка-католікі жадаюць яму Божага блаславеньня і руплівасьці на царкоўнай ніве.
 
У міжваенны час украінскаму грэка-каталіцкаму біскупу-рэдэмптарысту Мікалаю Чарнецкаму было даручана ў якасьці Апостальскага візітатара апекавацца каталіцкімі парафіямі славяна-бізантыйскага абраду на тэрыторыі Валыні, Падляшша і Палесься. Суполкі Архібрацтва Маці Божай Нястомнай Дапамогі, якое было заснавана манахамі з Кангрэгацыі Найсьвяцейшага Адкупіцеля (рэдэмптарыстамі) дзейнічалі на Палесьсі, ва ўніяцкіх парафіях у Альпені і Гарадной (Столінскі раён Берасьцейскай вобласьці). Менавіта біскупа-рэдэмптарыста Мікалая Чарнецкага Кіева-Галіцкі мітрапаліт ГКЦ Андрэй Шаптыцкі прызначыў 17 верасьня 1939 году часовым кіраўніком Беларускага экзархату Грэка-Каталіцкай Царквы, створанага ім на падставе паўнамоцтваў, наданых яму папам Піем Х.
 
Сёньня рэдэмптарысты візантыйскага абраду — духоўныя пасьлядоўнікі блаславёнага Мікалая Чарнецкага зноў распачалі служэньне сярод беларускага народу, які моцна пацярпеў ад палітыкі савецкага атэізму, каб прапаведаваць тут «вялікае Адкупленьне» і ідэал еднасьці Царквы Хрыстовай. З 2012 году беларускія манахі-рэдэмптарысты а. Антон Нікалаеў і а. Зьміцер Чарнель вялі пастырскае служэньне ў грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску (зав. Сьнежны, 7).
 
Супольнасьць беларускіх рэдэмптарытаў візантыйскага абраду сёньня складаецца з двух сьвятароў, аднаго дыякана і яшчэ адзін беларус праходзіць манаскую фармацыю ў навіцыяце рэдэмптарыстаў.
 
Фота: cssr lviv і CSsR BY.
Гл. таксама:
20.02.2016
Тэлепраграма «Існасьць». Пра Грэка-Каталіцкую Царкву ў Беларусі
20.06.2015
Беларускія грэка-каталікі маюць новага сьвятара
10.06.2014
Румынскі грэка-каталіцкі ярарх гасьціў у менскіх грэка-католікаў
01.09.2009
Новыя душпастыры ў сталічнай парафіі
28.08.2009
Дэкан БГКЦ айцец А.Абламейка будзе студыяваць у Аўстрыі