Пошук
Пра Газету "Царква"
"ЦАРКВА" - беларуская рэлігійная культурна-асьветніцкая газета, квартальнік.

Газета асьвятляе жыцьцё грэка-каталіцкіх супольнасьцяў у Беларусі і ў іншых краінах сьвету, зьмяшчае афіцыйныя дакументы Царквы, удзяляе ўвагу праблемам экуменізму і хрысьціянскай еднасьці, друкуе матэрыялы па гісторыі Ўніяцкай Царквы і іншую рэлігійна-асьветніцкую інфармацыю.

Выдавец: Грэка-каталiцкая парафія сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў г.Берасьці

Пасьведчаньне аб рэгістрацыі: № 1055 ад 28.10.2008 г.

Галоўны рэдактар: а. Ігар Кандрацьеў

Царкоўны асістэнт: а. Андрэй Абламейка, STM

Адказны рэдактар: а. Андрэй Крот, STL

Выпускны рэдактар: Ігар Бараноўскі

Беларуская грэка-каталіцкая газета “Царква” заснавана менскімі грэка-каталіцкімі парафіямі ў 1995 годзе. Першы нумар газеты выйшаў на Вялікі пост, 20 сакавіка 1995 году. Рэдакцыя тады месьцілася ў Полацку, а першым галоўным рэдактарам газеты быў ераманах Валеры Алексійчук (з 1999 г. - ераманах Бенядыкт, ігумен Сьвята-Ўсьпенскай Уніўскай Лаўры; на пачатку жніўня 2010 г. наменаваны дапаможным біскупам Львоўскай архіяпархіі УГКЦ). Над выпускам першых нумароў газеты (да № 7-8 за 1996 г.) працавала менская моладзь і супрацоўнікі выдавецтва “Унія”.

Пачынаючы ад № 7-8, 1996 г., прысьвечанага 400-гадоваму юбілею Берасьцейскай Уніі, газета “Царква” ствараецца ў Берасьці намаганьнямі вернікаў мясцовай парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя, а з 27 лістапада 1997 году, пасьля перарэгістрацыі выданьня, берасьцейская грэка-каталіцкая парафія зьяўляецца таксама заснавальнікам і выдаўцом газеты “Царква”.

Газета “Царква” выходзіць раз на квартал, яе заўсёды можна набыць ва ўсіх грэка-каталіцкіх парафіях і асяродках Беларусі, а таксама ў многіх рыма-каталіцкіх касьцёлах. Ад моманту заснаваньня газеты на яе можна таксама падпісацца праз каталог “Белпошты” ў любым аддзяленьні сувязі Беларусі (з 2-га паўгоддзя 2010 г. магчымасьць падпіскі праз “Белпошту” часова адсутнічае). Шмат асобнікаў газеты “Царква” мы рэгулярна дасылаем таксама ў розныя гарады і краіны сьвету нашым чытачам, вернікам і сябрам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, якія жывуць у Польшчы, Украіне, Расеі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Італіі, Чэхіі, Нямеччыне.

Наклад газеты за часы яе існаваньня ў сярэднім складаў 1500-2500 асобнікаў, аднак адзін з першых нумароў газеты і нумары, што выйшлі ў канцы 2006 году, мелі наклад да 7500 асобнікаў. У 2007-2009 гадах газета “Царква” выдавалася накладам 2500-4000 асобнікаў.

ПАДПІСКА НА ГАЗЕТУ "ЦАРКВА" – добры падарунак Вашым блізкім, сябрам і бібліятэкам.

Газета "Царква" выходзіць 1 раз на квартал. 

Кошт падпіскі на квартал – 1000 руб., на паўгоддзе – 2000 руб.

Падпіска на газету прымалася ва ўсіх аддзяленьнях сувязі Беларусі ДА 1-га ПАЎГОДДЗЯ 2010 г. уключна. Пакуль часова падпіскі на газету праз “Белпошту” няма. Таму чытачы ў Беларусі газету “Царква” могуць стала набываць ва ўсіх грэка-каталіцкіх парафіях, а таксама ў многіх рыма-каталіцкіх касьцёлах краіны.

Чытачы па-за межамі Беларусі могуць падпісацца на газету "Царква" праз Рэдакцыю.

Газета выдаецца на ахвяраваньні.

Наш разьліковы рахунак для ахвяраваньняў:

№ 3015220710013 у ЦБУ ЗАТ “Абсалютбанк” у г.Берасьці, МФО 153001898, УНП 200558013

Закрыць