Пошук
Сьвятло Ўсходу
24.12.2017
Сустрэча з Ісусам Хрыстом дазваляе зразумець вартасьць супрацоўніцтва і адзінства
 
Заклік да еднасьці, супрацоўніцтва і салідарнасьці — такі галоўны акцэнт сёлетняга пастырскага пасланьня на сьвята Нараджэньня Хрыстовага Апостальскага Візітатара БГКЦ архім. Сяргея Гаека.
 
«Сустрэча з Ісусам Хрыстом дазваляе нам глыбей разумець вартасьць супрацоўніцтва і адзінства з усімі людзьмі добрай волі», — нагадвае вернікам словы Апостальскага нунцыя ў Беларусі архібіскупа Габара Пінтэра Архімандрыт Сяргей (Гаек).
 
Будучы сьведкамі і вестунамі радасьці ды маючы сваім фундаментам Слова Божае, любоў да Бога і ўзаемную любоў, хрысьціяне павінны несьці гэтае сьвятло іншым людзям, каб аднавіць так жаданае Богу адзінства сярод людзей, адзначае ў сваім пасланьні на сьвята Раства Хрыстовага Апостальскі Візітатар беларускіх грэка-католікаў. Ніжэй прапануем поўны тэкст гэтага пасланьня.

Пастырскае Слова
Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі
на сьвята Раства Хрыстовага 2017 году
 
Пачэсныя Айцы сьвятаслужыцелі!
Дарагія Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты!
Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!
 
1. «Слава на вышынях Богу, і на зямлі супакой людзям добрай волі».
 
Гэтыя словы Анёлы сьпявалі ў Бэтлееме, дзе ў ясьлях нарадзіўся Спрадвечны Сын Божы — Госпад і Збаўца наш Ісус Хрыстос. А мудрацы, якія з Усходу прыбылі ў Бэтлеем, сьведчылі, што для ўсіх людзей уласьціва жаданьне пазнаць Бога.
 
Мы разумеем, што пазнаньне Бога дасягае паўнаты ў сьвятой Царкве, якая навучае, што Хрыстос нараджаецца, каб у сэрцах людзей «аднавіць раней адпалы вобраз Божы». Таму тая ж сьвятая Царква Хрыстовая заахвочвае нас супрацоўнічаць з усімі людзьмі добрай волі на полі сапраўднага дабра чалавека: міру, справядлівасьці, салідарнай дапамогі найбольш патрабуючым – у матэрыяльнай і духовай сферы.
 
2. Крыніцай нашай духовай салідарнасьці зьяўляецца сустрэча з Ісусам Хрыстом, нашым Збаўцам і Госпадам. Папа Рымскі Францішак, на шляху падрыхтоўкі да сьвята Божага Нараджэньня, зьвярнуў увагу, што «хрысьціянін, які сустрэўся з Ісусам, становіцца сьведкам і вестуном радасьці» (Папа Францішак, 17 сьнежня 2017 году, падчас малітвы «Анёл Гасподні»). І далей Сьвяты Айцец падкрэсьліў, што «радавацца, маліцца і дзякаваць — гэта тры паставы, якія падрыхтоўваюць нас да таго, каб належным чынам перажыць Божае Нараджэньне».
 
3. Сустрэча з Ісусам Хрыстом дазваляе нам глыбей разумець вартасьць супрацоўніцтва і адзінства з усімі людзьмі добрай волі, як пра гэта нагадаў нам, беларускім грэка-католікам, у рамках юбілейнай Літургіі 2 сьнежня гэтага году ў Берасьці Апостальскі Нунцый у Беларусі Архібіскуп Габар Пінтэр.
 
Ён зьвярнуў нашую ўвагу, што такім чынам гэтыя салідарнасьць і адзінства, якія «надзейным фундаментам маюць Слова Божае, любоў Ісуса да нас і нашую ўзаемную любоў да Яго і братоў, стануцца маленькай цаглінкай у справе будаваньня так жаданага Богам адзінства сярод людзей».
 
Таму ў гэты сьвяточны час хочам скарыстацца словамі малітвы Апостальскага Нунцыя і маліцца да Госпада:
 
- за еднасьць паміж сужонкамі, у сем’ях, з роднымі,
- за еднасьць Божага народу ў нашай краіне і нашых парафіях,
- каб кожнае з гэтых месцаў сталася рэалізацыяй Евангельля, «дасьледчай лабараторыяй» на шляху экуменізму, адзінства ўсіх людзей добрай волі.
 
4. У нашай малітве хочам асабліва памятаць пра нашую Бацькаўшчыну Беларусь, пра ўсіх яе жыхароў розных канфесіяў. Разумеем, што моцную, квітнеючую Беларусь магчыма пабудаваць толькі на фундаменце веры ў Бога. І гэта заданьне для вернікаў усіх хрысьціянскіх Цэркваў у Беларусі.
 
Няхай блаславеньне Ісуса Хрыста — Збаўцы кожнага чалавека — дойдзе да ўсіх вас, да ўсіх вернікаў нашай Царквы ў Беларусі і ў замежжы, да нашых Братоў і Сёстраў рыма-католікаў, праваслаўных, пратэстантаў і да ўсіх людзей добрай волі ў нашай Бацькаўшчыне.
 
Усіх вас шчыра віншую з Раством Хрыстовым:
Хрыстос нарадзіўся — Славім Яго!
 
Менск, Раство Хрыстова 2017 г.
 
+ Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі
Гл. таксама:
22.12.2016
Апостальскі Візітатар БГКЦ павіншаваў вернікаў з сьвятам Раства Хрыстова
05.06.2015
За прымірэньне паміж хрысьціянамі і народамі
06.07.2014
У Хайфе ўшанавалі памяць блаславёнага Мікалая (Чарнецкага)
04.07.2012
Сьвята Еднасьці пад апекай Маці Божай Берасьцейскай
24.01.2011
Трэба маліцца і дзейнічаць, каб Бог учыніў нас здольнымі імкнуцца да еднасьці