РАЗЬДЗЕЛЫ:
[1] [2] [3] [4] [5] [6] [7] [8]

Найвышэйшая Песьня Саламонава

<< Назад
РАЗЬДЗЕЛ 5
1. Увайшоў я ў мой сад, сястрыца, нявеста, сабраў маёй міры з бальзамам, паеў сотаў зь мёдам маім, напіўся віна майго з малаком маім. Ежце, сяброве, пеце і наядайцеся, родныя!
2. Я сплю, а сэрца маё чувае; вось, голас каханага, які стукаецца: «Адчыні мне, сястрыца, каханая, мая беспахібная, чыстая горлінка, бо галава мая - абрасілася, мае кучары - ў начной вільгаці».
3. Я хітон свой зьняла - як жа зноў надзяваць мне яго?
4. Каханы прасунуў руку сваю ў дзьверы, маё цела зайшлося ад радасьці.
5. Устала я, каб адчыніць майму любаму, і з рук маіх капала міра, і з пальцаў маіх міра капала на клямку ў дзвярах.
6. Адчыніла каханаму я, а каханы пайшоў, не вярнуўся. Душа мая ўпала ад слоў ягоных; я шукала яго, не знайшла, я клікала - ён не азваўся.
7. Спаткалі мяне дазорцы, што абыходзілі горад; паранілі мяне, пабілі мяне; дазорцы сьцен гарадскіх сарвалі зь мяне маё покрыва.
8. Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі: як сустрэнецца вам мой каханы, што яму скажаце вы? Скажэце, што я зьнемагла ад каханьня.
9. Чым мілейшы твой любы за іншых, прыгажуня з усіх прыгажунь? Чым любейшы твой мілы за іншых, што заклінаеш нас?
10. Каханы мой белы, румяны, з тысяч самы найлепшы.
11. Галава ў яго - чыстае золата; яго кучары - гронкі пальмавыя, чорныя, быццам вораны,
12. вочы ў яго - галубкі пры патоках вады, купаюцца ў малацэ, сядзяць у дагодзе,
13. шчокі ў яго, бы кветкі пахучых расьлін, духмяныя пахі, губы ў яго - лілеі, зь якіх цячэ міра;
14. рукі ў яго - жазлы залатыя, абсыпаныя тапазамі, жывот у яго - як выява зслановае косьці, абкладзеная сапфірамі,
15. ногі ў яго - слупы мармуровыя, пастаўленыя на залатыя апоры, абліччам каханы - Ліван, велічны, нібыта кедры.
16. Вусны ў яго - гэта слодыч, і ўвесь ён - уцеха! Вось хто мой мілы, вось хто мой сябар, Ерусалімскія дочкі!
Далей >>
Іншыя кнігі
Закрыць