РАЗЬДЗЕЛЫ:
[1] [2] [3] [4] [5] [6] [7] [8] [9] [10] [11] [12] [13] [14] [15] [16] [17] [18] [19] [20] [21] [22] [23] [24] [25] [26] [27] [28] [29] [30] [31] [32] [33] [34]

Другі закон

<< Назад
РАЗЬДЗЕЛ 17
1. Ня прынось у ахвяру Госпаду, Богу твайму, вала, альбо авечкі, на якой будзе загана, альбо што-небудзь благое, бо гэта агіда Госпаду, Богу твайму.
2. Калі знойдзецца сярод цябе ў якім-небудзь селішчы тваім, што Гасподзь, Бог твой, дае табе, мужчына альбо жанчына, хто зробіць ліхое прад вачыма Госпада, Бога твайго, пераступіўшы запавет Бога,
3. і пойдзе і пачне служыць іншым багам, альбо паклоніцца ім, альбо сонцу, альбо месяцу, альбо ўсяму войску нябеснаму, чаго я не загадаў,
4. і табе абвешчана будзе, і ты пачуеш, дык ты добра пашукай: і калі гэта чыстая праўда, калі зроблена мярзота гэтая ў Ізраіле,
5. дык выведзі мужчыну таго, альбо жанчыну тую, якія ўчынілі ліха гэта, да варотаў тваіх і пабі іх камянямі да сьмерці.
6. Па словах двух сьведкаў, альбо трох сьведкаў, павінен памерці засуджаны на сьмерць: нельга аддаваць сьмерці па словах аднаго сьведкі;
7. рука сьведкаў павінна быць на ім раней за ўсё, каб забіць яго, потым рука ўсяго народа; і так вынішчы ліха спасярод сябе.
8. Калі ў тваім судзе цяжка будзе табе рассудзіць паміж крывёю і крывёю, паміж судом і судом, паміж пабоямі і пабоямі, і будуць нязгодныя меркаваньні ў варотах тваіх, дык устань і ідзі на месца, якое выбера Гасподзь, Бог твой,
9. і прыйдзі да сьвятароў лявітаў і да судзьдзі, які будзе ў тыя дні, і спытайся ў іх, і яны скажуць табе, як рассудзіць;
10. і зрабі паводле слова, якое яны скажуць табе, на тым месцы, якое выбера Гасподзь, і пастарайся выканаць усё, чаму яны навучаць цябе;
11. паводле закона, якому яны навучаць цябе, і паводле вызначэньня, якое яны скажуць табе, зрабі і ня ўхіляйся ні направа, ні налева ад таго, што яны скажуць табе.
12. А хто зробіць так дзёрзка, што не паслухаецца сьвятара, які стаіць там на служэньні прад Госпадам, Богам тваім, альбо судзьдзі, той павінен памерці, -і так вынішчы зло зь Ізраіля;
13. і ўвесь народ пачуе і збаіцца, і ня будзе болей паводзіцца дзёрзка.
14. Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, і авалодаеш ёю, і аселішся на ёй, і скажаш: «пастаўлю я над сабою цара, як і ў іншых народаў, якія вакол мяне»,
15. дык пастаў над сабою цара, якога выбера Гасподзь, Бог твой; спасярод братоў тваіх пастаў над сабою цара; ня можаш паставіць над сабою іншаземца, які ня брат табе.
16. Толькі каб ён ня множыў сабе коней і не вяртаў народа ў Егіпет дзеля памнажэньня сабе коней, бо Гасподзь сказаў вам: «не вяртайцеся больш дарогаю гэтай»;
17. і каб не памнажаў сабе жонак, каб не разбэсьцілася сэрца ў яго, і каб срэбра і золата ня множыў сабе празьмерна.
18. Але калі ён сядзе на троне царства твайго, павінен сьпісаць сабе сьпіс закона гэтага з кнігі, якая ў сьвятароў лявітаў,
19. і няхай ён будзе ў яго, няхай ён чытае яго ва ўсе дні жыцьця свайго, каб вучыцца баяцца Госпада, Бога свайго, і стараўся выконваць усе словы закона гэтага і пастановы гэтыя;
20. каб не надзімалася сэрца ягонае перад братамі ягонымі, і каб ня ўхіляўся ён ад закона ні направа, ні налева, каб доўгія дні заставаўся на царстве сваім ён і сыны ягоныя сярод Ізраіля.
Далей >>
Іншыя кнігі
Закрыць