РАЗЬДЗЕЛЫ:
[1] [2] [3] [4] [5] [6] [7] [8] [9] [10] [11] [12] [13] [14] [15] [16] [17] [18] [19] [20] [21] [22] [23] [24] [25] [26] [27] [28] [29] [30] [31] [32] [33] [34]

Другі закон

<< Назад
РАЗЬДЗЕЛ 25
1. Калі будзе цяжбіна паміж людзьмі, дык няхай прывядуць іх у суд і рассудзяць іх, чыя праўда, таго хай апраўдаюць, а вінаватага засудзяць;
2. і калі вінаваты варты будзе, каб яго білі, дык судзьдзя няхай загадае пакласьці яго і біць пры сабе, гледзячы на віну ягоную, на разьлік;
3. сорак удараў можна даць яму, а ня больш, каб ад многіх удараў брат твой ня быў зьнявечаны перад вачыма тваімі.
4. Ня кілзай мызу валу, калі ён малоціць.
5. Калі браты жывуць разам і адзін зь іх памрэ, ня маючы сына, дык жонка памерлага не павінна выходзіць на бок за чалавека чужога, а дзевер яе павінен увайсьці да яе і ўзяць яе сабе за жонку і жыць зь ёю, -
6. і першынец, якога яна народзіць, застанецца зь імем брата ягонага памерлага, каб імя ягонае ня згладзілася ў Ізраіле.
7. Калі ж ён не захоча ўзяць браціху сваю, дык браціха ягоная пойдзе да брамы да старэйшынаў і скажа: «дзевер мой адмаўляецца аднавіць імя брата свайго ў Ізраіле, ня хоча жаніцца са мною»;
8. тады старэйшыны горада ягонага павінны паклікаць яго і ўгаворваць яго, і калі ён стане і скажа: «не хачу браць яе»,
9. браціха ягоная хай пойдзе да яго на вачах у старэйшынаў, і здыме бот ягоны з нагі яго, і плюне яму ў твар, і скажа: «так робяць чалавеку, які ня будуе дома брату свайму»;
10. і дадуць яму імя ў Ізраіле: дом разутага.
11. Калі б'юцца паміж сабою мужчыны, і жонка аднаго падыдзе, каб адабраць мужа свайго з рук таго, хто яго б'е, і, працягнуўшы руку сваю, схопіць яго за сарамату,
12. дык адсячы руку ёй: хай ня літуе вока тваё.
13. У мяху тваім не павінны быць дваякія гіры, вялікія і меншыя;
14. У доме тваім не павінна быць дваякая эфа, большая і меншая;
15. гіра ў цябе павінна быць дакладная і правільная, і эфа ў цябе павінна быць дакладная і правільная, каб падоўжыліся дні твае на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе;
16. бо агідны прад Госпадам, Богам тваім, кожны, хто ўчыняе крыўду.
17. Памятай, як зрабіў з табою Амалік у дарозе, калі вы ішлі зь Егіпта:
18. як ён сустрэў цябе па дарозе і пабіў за табою ўсіх аслабелых, калі ты зьнямогся і стаміўся, і не пабаяўся ён Бога;
19. дык вось, калі Гасподзь, Бог твой, супакоіць цябе ад усіх ворагаў тваіх зусіх бакоў, на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку, каб авалодаць ёю, сатры з памяці Амаліка з-пад неба; не забудзься.
Далей >>
Іншыя кнігі
Закрыць