РАЗЬДЗЕЛЫ:
[1] [2] [3] [4] [5] [6] [7] [8] [9] [10] [11] [12] [13] [14] [15] [16] [17] [18] [19] [20] [21] [22] [23] [24] [25] [26] [27] [28] [29] [30] [31] [32] [33] [34]

Другі закон

<< Назад
РАЗЬДЗЕЛ 27
1. І наказаў Майсей і старэйшыны сыноў Ізраілевых народу, кажучы: выконвайце ўсе запаведзі, якія наказваю вам сёньня.
2. І калі пяройдзеце за Ярдан у зямлю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, тады пастаў сабе вялікія камяні і абмаж іх вапнаю;
3. і напішы на камянях гэтых усе словы закона гэтага, калі пяройдзеш Ярдан, каб уступіць у зямлю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, у зямлю, дзе цячэ малако і мёд, як казаў табе Гасподзь, Бог бацькоў тваіх.
4. Калі пяройдзеце Ярдан, пастаўце камяні тыя, як я загадваю вам сёньня, на гары Гевал і абмажце іх вапнаю;
5. і зладзь там ахвярнік Госпаду, Богу твайму, ахвярнік з камянёў, не падымаючы на іх жалеза;
6. з камянёў цэлых зладзь ахвярнік Госпада, Бога твайго, і ўчыняй на ім цэласпаленьні Госпаду, Богу твайму,
7. і прынось ахвяры мірныя, і еж там, і радуйся прад Госпадам, Богам тваім;
8. і напішы на камянях усе словы закона гэтага вельмі выразна.
9. І сказаў Майсей і сьвятары лявіты ўсяму Ізраілю, кажучы: уважай і слухай, Ізраіле; у дзень гэты ты зрабіўся народам Госпада, Бога твайго;
10. дык вось, слухайся голасу Госпада, Бога твайго, і выконвай запаведзі Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія наказваю табе сёньня.
11. І наказаў Майсей народу ў той дзень, кажучы:
12. гэтыя павінны стаць на гары Гарызім, каб дабраслаўляць народ, калі пяройдзеце Ярдан: Сымон, Лявій, Юда, Ісахар, Язэп і Веньямін;
13. а гэтыя павінны стаць на гары Гевал, каб праклінаць: Рувім, Гад, Асір, Завулон, Дан і Нэфталім.
14. Лявіты абвесьцяць і скажуць усім Ізраільцянам гучным голасам:
15. пракляты, хто зробіць разьбёнага альбо вылітага балвана, мярзоту прад Госпадам, твор рук мастака, і паставіць яго ў патайнай мясьціне! Увесь народ абвесьціць і скажа: амін.
16. Пракляты той, хто ліхасловіць бацьку свайго і маці сваю! І ўвесь народ скажа: амін.
17. Пракляты той, хто парушае мяжу блізкага свайго! І ўвесь народ скажа: амін.
18. Пракляты, хто сьляпога зьбівае з дарогі! І ўвесь народ скажа: амін.
19. Пракляты, хто крыва судзіць прыхадня, сірату і ўдаву! І ўвесь народ скажа: амін.
20. Пракляты, хто ляжа з жонкаю бацькі свайго, бо ён адкрыў край вопраткі бацькі свайго! І ўвесь народ скажа: амін.
21. Пракляты, хто ляжа зь якім-небудзь быдлам! І ўвесь народ скажа: амін.
22. Пракляты, хто ляжа зь сястрою сваёю, з дачкою бацькі свайго, альбо з дачкою маці сваёй! І ўвесь народ скажа: амін.
23. Пракляты, хто ляжа зь цешчаю сваёю! І ўвесь народ скажа: амін.
24. Пракляты, хто таемна забівае блізкага свайго! І ўвесь народ скажа: амін.
25. Пракляты, хто бярэ хабар, каб забіць душу і праліць кроў нявінную! І ўвесь народ скажа: амін.
26. Пракляты, хто ня выконвае слоў закона гэтага і ня будзе рабіць паводле яго! І ўвесь народ скажа: амін.
Далей >>
Іншыя кнігі
Закрыць