Памер шрыфту
Чытаньне памёрлым:


1-е пасланьне да Карынцянаў 15.47-57

47. Першы чалавек - зь зямлі, і зямны; другі чалавек - Гасподзь - зь неба.
48. Які зь зямлі, такія зямныя; і які нябесны, такія і нябесныя;
49. і як мы насілі вобраз зямнога, так будзем насіць і вобраз нябеснага.
50. Але тое скажу вам, браты, што плоць і кроў ня могуць успадкаваць Царства Божага, і тленьне ня спадкуе нятленьня.
51. Я кажу вам тайну, ня ўсе мы памрэм, але ўсе пераменімся;
52. раптам, у імгненьне вока, пры апошняй трубе; бо затрубіць, і мёртвыя ўваскрэснуць нятленьнымі, а мы пераменімся;
53. бо тленнае гэтае мае апрануцца ў нятленнае, і сьмяротнае гэтае - апрануцца ў несьмяротнасьць.
54. Калі ж тленьне гэтае апранецца ў нятленнасьць і сьмяротнае гэтае апранецца ў несьмяротнасьць, тады збудзецца слова напісанае: «паглынута сьмерць перамогаю.
55. Сьмерць! дзе тваё джала? пекла! дзе твая перамога?».
56. А джала сьмерці - грэх; а сіла грэху - закон.
57. Дзякаваць Богу, Які даў нам перамогу Госпадам нашым Ісусам Хрыстом.

Евангельле паводле Яна 5.24-30

24. Праўду, праўду кажу вам: хто слухае слова Маё і верыць у Таго, Хто паслаў Мяне, мае жыцьцё вечнае, і на суд ня прыходзіць, а перайшоў ад сьмерці ў жыцьцё.
25. Праўду, праўду кажу вам: настае час, і настаў ужо, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага і пачуўшы, ажывуць.
26. Бо як Айцец мае жыцьцё ў Самім Сабе, так і Сыну даў мець жыцьцё ў Самім Сабе;
27. і даў яму ўладу правіць і суд, бо Ён ёсьць Сын Чалавечы.
28. Ня зьдзіўляйцеся з гэтага: бо настае час, калі ўсе, хто ў магілах, пачуюць голас Сына Божага,
29. і выйдуць тыя, што тварылі дабро на ўваскрэсеньне жыцьця, а што ліха чынілі - на ўваскрэсеньне асуды.
30. Я нічога не магу тварыць Сам ад Сябе. Як чую, так і суджу, і суд Мой справядлівы, бо ня шукаю Маёй волі, а волі Айца, Які паслаў Мяне.