Чытаньне Айцам:


Пасланьне да Габрэяў 13.7-16

7. Спамінайце настаўнікаў вашых, якія дабравесьцілі вам слова Божае, і, гледзячы на канец іхняга жыцьця, пераймайце іхнюю веру.
8. Ісус Хрыстос учора і сёньня і навекі Той самы.
9. Вучэньнямі рознымі і чужымі не захапляйцеся; бо добра мілатою мацаваць сэрцы, а ня прысмакамі, ад якіх не атрымалі карысьці тыя, што іх спажывалі.
10. Мы маем ахвярнік, зь якога ня маюць права карміцца слугі скініі.
11. Бо целы жывёлін, кроў зь якіх, на ачышчэньне грэху, уносіцца першасьвятаром у сьвяцілішча, спальваюцца за табарам, -
12. дык і Ісус, каб асьвяціць людзей Крывёю Сваёю, пацярпеў па-за брамаю.
13. Дык выйдзем жа да Яго за табар, нясучы Яго паганьбеньне;
14. бо ня маем тут сталага горада, а шукаем будучага.
15. Дык будзем жа празь Яго няспынна прыносіць Богу ахвяру хвалы, гэта значыцца, плод вуснаў, якія славяць імя Ягонае.
16. Не забывайце таксама дабрачыннасьці і шчырай супольнасьці, бо такія ахвяры падабаюцца Богу.

Евангельле паводле Яна 17.1-13

1. Пасьля гэтых словаў Ісус узьвёў вочы Свае да неба і сказаў: Войча! прыйшла гадзіна: праславі Сына Твайго, каб і Сын Твой праславіў Цябе,
2. бо Ты даў Яму ўладу над усякаю плоцьцю, каб усяму, што Ты даў Яму, даў Ён жыцьцё вечнае:
3. а гэта ёсьць жыцьцё вечнае, каб спазналі Цябе, адзінага, сапраўднага Бога, і пасланага Табою Ісуса Хрыста.
4. Я праславіў Цябе на зямлі, выканаўшы ўсё, што Ты даручыў Мне зрабіць;
5. І сёньня праславі Мяне Ты, Войча, у Цябе Самога славаю, якую Я меў у Цябе раней стварэньня сьвету.
6. Я адкрыў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне ад сьвету; яны былі Твае, і Ты даў іх Мне, і яны выканалі слова Тваё;
7. цяпер уразумелі яны, што ўсё, што Ты даў Мне, ад Цябе ёсьць;
8. бо словы, якія Ты даў Мне, Я перадаў ім, і яны прынялі і ўразумелі ў праўдзе, што Я зыйшоў ад Цябе, і ўверавалі, што Ты паслаў Мяне.
9. Я малю за іх: не за ўвесь сьвет малю, а за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае;
10. і ўсё Маё - Тваё, і Тваё - Маё; і Я праславіўся ў іх.
11. Я ўжо ня ў сьвеце, а яны ў сьвеце, а Я да Цябе іду. Войча Сьвяты! аслані іх у імя Тваё, тых, каго Ты Мне даў, каб яны былі адзіныя як і Мы.
12. Калі Я быў зь імі ў сьвеце, Я асланяў іх у імя Тваё; тых, каго Ты даў Мне, Я захаваў, і ніхто зь іх не загінуў, апрача сына пагібелі, каб збылося Пісаньне.
13. А цяпер да Цябе іду, і гэта кажу ў сьвеце, каб яны мелі ў сабе радасьць Маю поўную.