Пошук
Абвесткі
Дыск «Песьні Духа»

Яшчэ ня вельмі багатая на здабыткі беларуская хрысьціянская дыскаграфія нядаўна папоўнілася новым дыскам — “Песьні Духа вялікіх містыкаў Кармелю”, які запісалі берасьцейскія грэка-католікі з супольнасьці “Маран ата”.

Гэты дыск (наклад яго — 1000 ас.) уяўляе сабой цэльную музычную кампазіцыю з 14 песьняў у спалучэньні з урыўкамі з Сьвятога Пісаньня, агульны час гучаньня яго больш за гадзіну. Дыск стаў ня толькі першым для музыкантаў гэтай харызматычнай супольнасьці ў Берасьці, але і першым музычным праектам, зьдзейсьненым у Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве.
 
Каардынатарам гэтага музычнага праекту зьяўляецца рэгент хору берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя спн. Вольга Граськова. Яна (расіянка!) зрабіла пераклад на беларускую мову вершаў вялікіх містыкаў Кармелю – сьв. Яна ад Крыжа, сьв. Тэрэзы Авільскай і сьв. Тэрэзы з Лізье, а таксама зьяўляецца аўтарам музыкі і аранжыроўкі да шэрагу песьняў, што гучаць на дыску. Як адзначаюць сябры гэтай грэка-каталіцкай супольнасьці, духоўнасьць манахаў-кармялітаў і іх вялікіх сьвятых па сваёй прыродзе блізкая да ўсходняй і моцна паўплывала на духоўнасьць самой “Маран аты”. Песьні ў выкананьні грэка-католікаў з Берасьця выклікалі захапленьне ў беларускіх кармялітаў і яны таксама аказалі сваю падтрымку ў выданьні гэтага дыску.
 
У гэтым музычным праекце акрамя Вольгі Граськовай (клавішы, сінтэзатар — разам з Віталём Усьцямчуком), бралі ўдзел таксама Сяргей Карнялюк (гітара, вакал), Вольга Дрык (скрыпка), Натальля Амельянюк, Марына Гаўрута і Вераніка Тарасюк.
 
Варта таксама адзначыць, што тэксты песьняў на словы кармяліцкіх сьвятых ня так простыя для разуменьня. Яны вельмі глыбокія па сваім зьмесьце, бо насычаныя рознымі біблійнымі вобразамі, метафарамі і параўнаньнямі. Дзеля гэтага тэксты песьняў з дыску сабраныя і выдадзеныя асобнай 16-старонкавай кніжачкай, якая ўкладзена ў кампакт-дыск, што дае магчымасьць слухачу дыска самастойна паразважаць над духоўнай паэзіяй кармяліцкіх сьвятых.
 
Адносна набыцьця кампакт-дыску “Песьні Духа вялікіх містыкаў Кармелю” гурту “Maran atha” можна зьвяртацца да а. Ігара Кандрацьева ня яго e-mail: a.ihar@tut.byі па тэлефонах: (+375 162) 24-74-82, (+375 29) 724-74-82.

Дыск можна набыць таксама і ў парафіях, дзе працуюць айцы-кармяліты.

Праслухаць песьні з дыску можна у суполцы берасьцейскіх грэка-католікаў УКантакце:
УНІЯ|UNIA. Грэка-католікі Берасьця і сябры.

Гл. таксама:
27.11.2018
У Берасьці ўшанавалі памяць ахвяраў Галадамору ва Ўкраіне
18.10.2016
Мітрапаліт Кандрусевіч: жыць у поўнай царкоўнай еднасьці — каштоўны дар Божы
14.01.2016
Гурт «Балцкі Субстрат» сьпяваў у грэка-католікаў Берасьця
27.07.2010
Парафіяльны фэст у Лучаі
18.06.2009
«Мой Улюбёны — нібы гор вышыні»