Пошук
Абвесткі

“У наступным годзе ў Ерусаліме”

Перад Каляднымі сьвятамі і Новым 2012 годам выйшаў другі дыск з песьнямі харызматычнай супольнасьці “Maran atha”, якая існуе ў берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя. Новы музычны праект “Маран аты” атрымаў назву “У наступным годзе ў Ерусаліме”.
   
Пасьля запісу ў 2009 годзе свайго першага дыску “Песьні Духа” з музычнымі творамі на вершы вялікіх містыкаў Кармелю музыканты з “Маран аты” вырашылі сабраць разам і запісаць габрэйскія песьні. Да габрэйскіх сьпеваў, заснаваных на старазапаветных тэкстах, і мелодыяў зьвярталіся ў сваёй творчасьці такія вядомыя хрысьціянскія выканаўцы (каталікі і пратэстанты) як польскі гурт “2 Tm 2, 3”, беларускі “Новы Ерусалім”, аднак, хіба ўпершыню габрэйскія сьпевы загучалі яшчэ і па-беларуску. Праца над гэтым праектам вялася больш за два гады, яго ўдзельнікам давялося добра папрацаваць над вымаўленьнем габрэйскіх словаў, за што іх пахвалілі знаўцы гэтае мовы.

“У наступным годзе ў Ерусаліме” – такімі словамі ў надзеі на Найвышэйшую Справядлівасьць заканчваюць многія свае малітвы і пажаданьні пабожныя габрэі. На новым дыску зьмешчаны 22 кампазіцыі. Гэта 1,5 гадзіны габрэйскіх песьняў і музыкі па-беларуску і па-габрэйску. Пераважная большасьць песьняў створаная паводле старазапаветных тэкстаў і псальмаў. І гэта сьведчыць пра агульныя карані юдаізму і хрысьціянства, вызнаўцы якіх вераць у адзінага Бога.

Выхаду гэтага дыску вельмі паспрыяла высокая ацэнка песень і ўсяго праекту з боку спачылага ўжо рыма-каталіцкага мітрапаліта Люблінскага архібіскупа Юзафа Жыціньскага
. Ён аказаў фінансавую падтрымку для выданьня дыску з габрэйскім песьнямі пасьля знаёмства з праграмай, якую грэка-католікі з супольнасьці “Maran аtha” прадставілі ў канцы лістападу 2010 году на штогадовым музычным фэсьце хрысьціянскай музыкі “Cecylianka”  у Мітрапалічай духоўнай семінарыі ў Любліне падчас дня юдаізму.

Першымі з новым дыскам “Маран аты” “У наступным годзе ў Ерусаліме” змаглі пазнаёміцца Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці і беларускія грэка-каталіцкія сьвятары, якія прысутнічалі на сьвятарскай перадкаляднай сустрэчы ў Полацку. А на габрэйскае сьвята Ханука музыкаў з “Маран аты” запрасілі выступіць з іх новым музычным праектам прадстаўнікі Берасьцейскага габрэйскага грамадзкага аб’яднаньня “Брыск”. На вялікі ханукальны канцэрт, які сабраў сотні гасьцей і які ладзіўся ў залі абласнога грамадзка-культурнага цэнтру, былі запрошаны прадстаўнікі розных нацянальнасьцяў горада, шэраг музычных калектываў, у тым ліку вядомы хрысьціянскі гурт “Спасеніе”. Выступ грэка-католікаў з “Маран аты” быў сустрэты з вялікай прыхільнасьцю і ўдзячнасьцю.
 
У сацыяльнай сетцы "У Кантакце" у суполцы "УНІЯ|UNIA. Грэка-католікі Берасьця і сябры" у разьдзеле "АЎДЫЁЗАПІСЫ" можна будзе пазнаёміцца з песьнямі з дыску “У наступным годзе ў Ерусаліме”. На працягу Калядаў, штодзень, паступова будуць выкладзены ўсе песьні з гэтага дыску.

Гл. таксама:
14.01.2016
Гурт «Балцкі Субстрат» сьпяваў у грэка-католікаў Берасьця
07.10.2015
Саракавіны ў Берасьці па Алесю Чаркашыну
05.12.2012
Грэка-католікі ў Берасьці адзначылі сваё патранальнае сьвята ў гонар апостала Андрэя
24.09.2009
Евангелізацыйны канцэрт-праслаўленьне на плошчы Незалежнасьці
18.06.2009
«Мой Улюбёны — нібы гор вышыні»