Пошук
Бібліятэка
Адважны Вінцук. Унія на Палесьсі.— Берасьце, 2004.— 44 с. — (Бібліятэка Старога Гораду: Палескі куфэрак, 2).

Гэта першае перавыданьне вершаванага твору «Унія на Палесьсі» выдатнага беларускага каталіцкага сьвятара-марыяніна ўсходняга абраду Язэпа Германовіча (1890-1978), вядомага пад літаратурным псеўданімам Вінцук Адважны. Твор гэты сёньня практычна невядомы, як і ўся творчая спадчына а. Язэпа Германовіча. Адзіны з вядомых выдаўцам асобнікаў «Уніі на Палесьсі» Вінцука Адважнага сёньня захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі Бібліятэкі Нацыянальнай Акадэміі Навук Рэспублікі Беларусь імя Я.Коласа.

Перавыданьне прымеркавана да 105-ых угодкаў з дня нараджэньня а. Вячаслава Аношкі і 525-ых угодкаў в. Альпень Столінскага раёну.

«Унія на Палесьсі» напісана ў 1932 годзе цалкам на аснове рэальных падзеяў, што адбываліся ў далёкім закутку Палесься, у в.Альпень Столінскага раёну. Тут вёў актыўную душпастырскую, місійную і культурна-асьветніцкую працу выдатны беларускі каталіцкі сьвятар усходняга абраду а. Вячаслаў (Вацлаў) Аношка (1899-1966), які пазьней стаў сябрам Рады Беларускага Экзархату Грэка-Каталіцкай Царквы.

Значная частка твору пабудавана ў выглядзе дыскусіі паміж прадстаўнікамі розных канфесіяў: уніяцкім сьвятаром (без сумніву, гэта а. Вячаслаў Аношка), праваслаўным ераманахам і рыма-каталіцкім ксяндзом (вельмі верагодна, што ў гэтай дыскусіі браў удзел выдатны рыма-каталіцкі сьвятар Пётр Татарыновіч, якога добра ведалі і любілі ў Альпені, дзе ён ня раз выступаў з казаньнямі, і які якраз у той час пачаў сваю працу ў Століне). Гэтая дыскусія ня ёсьць адно мясцовай спрэчкай — яна закранае галоўныя пытаньні хрысьціянскай еднасьці, многія з якіх застаюцца актуальнымі і сёньня.

Значнай падзеяй для альпенцаў стала візітацыя парафіі Апостальскім візітатарам для каталіцкіх парафіяў славяна-візантыйскага абраду на Валыні, Падляшшы і Палесьсі біскупам Мікалаем Чарнецкім. Гэтая адметная падзея не засталася па-за ўвагай Вінцука Адважнага і таксама знайшла адлюстраваньне ў творы, бо шчырасьць і палымяныя словы Ўладыкі Мікалая па-сапраўднаму закранулі сэрцы многіх альпенцаў. Варта адзначыць, што гэты выдатны ярарх Грэка-Каталіцкай Царквы пазьней прайшоў праз зьдзекі і катаваньні ў савецкіх турмах і канцлагерах, але ня быў зломлены, ня здрадзіў сваёй веры. А ў 2001 годзе, падчас візіту ва Ўкраіну, Папа Рымскі Ян Павел II урачыста абвясьціў яго блаславёным сьвятамучанікам.

Упершыню твор Вінцука Адважнага «Унія на Палесьсі» быў выдадзены ў 1932 годзе Таварыствам Ісуса ў Альбярціне (езуітамі з Усходняй місіі), а наклад кнігі быў надрукаваны ў друкарні Францішка Скарыны ў Вільні.

"Unija na Palessie.pdf"

Гл. таксама:
09.03.2017
Вярхоўны архібіскуп УГКЦ Сьвятаслаў Шаўчук: я ня ведаю, чаму Ватыкан не дае біскупа грэка-католікам у Беларусі, я дзіўлюся гэтаму
24.09.2014
Прадстаўнік РПЦ сустрэўся з прэфектам Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
20.09.2014
Маскоўскі патрыярхат заклікае багасловаў зноў абмеркаваць “праблему уніі”
08.07.2014
Полацкая трагедыя 1705 году
06.07.2014
У Хайфе ўшанавалі памяць блаславёнага Мікалая (Чарнецкага)