Пошук
Бібліятэка
Марозава Сьвятлана. Дзейнасьць Уніяцкай Царквы па кансалідацыі беларускага народу. — Берасьце-Горадня: Рэдакцыя газеты «Царква», 2001. — 24 с.

У навуковай працы вядомай дасьледчыцы гісторыі Уніі Сьвятланы Марозавай разглядаецца дзейнасьць Уніяцкай Царквы па кансалідацыі беларускага народу. Гэтая праца дагэтуль — адна з нешматлікіх сёньня ў Беларусі спробаў даць усебаковую і аб’ектыўную ацэнку дзейнасьці Ўніяцкай Царквы. Аналізуючы складаныя ўмовы, у якіх давялося існаваць Уніяцкай Царкве (да якой у XVIII ст. належала да 3/4 насельніцтва Беларусі), аўтар адзначае асноўныя здабыткі і выдаткі, якія прынесла Унія.

«Берасьцейская Унія была прынята зусім не пасьпешна і бяздумна, а пасьля працяглых роздумаў і шматлікіх сустрэчаў (падрыхтоўка доўжылася 5 гадоў) і была заключана толькі тады, калі яе арганізатары дамагліся ад Ватыкану і польскага караля гарантыяў выкананьня артыкулаў-умоваў аб’яднаньня (іх усяго 33). Складальнікі берасьцейскіх артыкулаў — праграмнага дакументу ўніятаў — пасьлядоўна праводзілі ў жыцьцё ўласную царкоўную і нацыянальную лінію. Забясьпечвалася багаслоўская, літургічная і арганізацыйная самабытнасьць зьяднанай Царквы. З дзіўнаю годнасьцю і сьмеласьцю спалучыліся ў іх элементы старога і новага, мінулага і будучага, айчыннага і замежнага», — піша вядомы гісторык, дасьледчыца Уніі праф. Сьвятлана Марозава пра тое, як нашымі продкамі закладаліся падмуркі для аднаўленьня хрысьціянскай еднасьці на беларускіх землях.

«Ва ўніяцтве вырасла і было выхавана 12 пакаленьняў беларусаў. За два з паловай стагоддзі народ прызвычаіўся да веры, якая шмат у чым адпавядала ягоным нацыянальна-культурным памкненьням і сацыяльнаму статусу», — адзначае доктар гістарычных навук з Горадні спн. С. Марозава. — «Скансалідаванасьць народу ўніяцтвам, прывязанасьць да яго найбольш выявілася тады, калі над іх Царквой навісла пагроза зьнішчэньня. Сучасьнікі падзеяў 1839 году адзначалі закаранеласьць уніятаў у сваёй веры. Многія з абурэньнем сустрэлі так званае «ўзьяднаньне»: бачылі ў ім вялікую несправядлівасьць — лічылі, што іх вера прададзена, а пастыры здрадзілі. Іхні пратэст падаўляўся адміністрацыйнымі мерамі, а, бывала, і карнымі аперацыямі.
Невыпадкова, відаць, прадвесьнікамі і пачынальнікамі беларускага адраджэньня ў ХІХ ст. сталі выдатныя вучоныя Віленскага ўніверсітэту М. Баброўскі, І. Даніловіч, П. Сасноўскі, І. Анацэвіч, Я. Ярашэвіч, А. Марціноўскі — пераважна сыны ўніяцкіх сьвятароў з вясковых парафіяў. Яны ж заклалі падмурак нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі. Іхняя навуковая спадчына спрыяла паўстаньню і разьвіцьцю беларускай самасьвядомасьці і была тым падмуркам, на якім грунтаваўся пазьнейшы сьвядомы беларускі нацыянальны рух».

Гэтае выданьне разьлічана на ўсіх, хто хоча даведацца пра сапраўднае месца і ролю Ўніяцкай Царквы ў працэсе фармаваньня беларускай нацыі.

"Dz-pa-kans-bel_S.Marozava.pdf"

Гл. таксама:
09.04.2018
Моладзь і рэлігія
14.10.2016
«Быць сьведкамі Евангельля любові для кожнага чалавека»
29.06.2015
Беларуская эліта — з сем’яў уніяцкіх сьвятароў
13.03.2015
Унія. Адроджаная беларуская Царква
13.12.2012
Каб стварыць беларускую царкву ў Лондане, кітаец вывучыў нашу гісторыю