Пошук
Царква і Грамадзтва
14.01.2014
Украінскія ўлады пагражаюць спыніць рэгістрацыю УГКЦ праз прысутнасьць сьвятароў на Еўрамайдане
 
Першаярарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Сьвятаслаў (Шаўчук) 13 студзеня 2014 году прадставіў грамадзкасьці і пракаментаваў ліст Міністэрства культуры Ўкраіны пра магчымае спыненьне дзейнасьці рэлігійных арганізацыяў на падставе іх актыўнасьці на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве — паведамляе рэлігійна-інфармацыйная служба РІСУ.
 
Прэс-канферэнцыя Зьверхніка УГКЦ.
На Сьвяты вечар перад Раством, 6 студзеня 2014 году, грэка-каталіцкае духавенства Ўкраіны атрымала афіцыйны ліст ад 03.01.2014 №1/3/13-14 ад Міністэрства пра «сістэматычнае ігнараваньне заканадаўства з боку асобных ярархаў на Майдане Незалежнасьці, што нібы падтрымліваецца сьвятаначальлем УГКЦ».
 
Паводле зьвестак дзяржаўнай установы, прадстаўнікі УГКЦ парушалі патрабаваньні заканадаўства пра свабоду сумленьня і рэлігійныя арганізацыі, зьдзяйсьняючы рэлігійную дзейнасьць на Майдане ў Кіеве ў сьнежні 2013 году і напачатку новага 2014 году. На гэта, сьцьвярджаецца ў лісьце, дазволу мясцовай дзяржадміністрацыі яны ня мелі.
 
У адказ на такую інфармацыю ад Мінкульту Першаярарх УГКЦ Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук) заявіў на прэс-канферэнцыі ў Кіеве, што Царква не зьяўляецца ўдзельнікам палітычных падзеяў, аднак яна «ня можа стаяць убаку, калі яе вернікі просяць пра духоўную апеку», а таму прысутнічае на Майдане.
 
«Гэтай місіі, даручанай ёй самім Хрыстом Збаўцам, нашая Царква заўсёды была верная і застанецца вернай у будучыні, нягледзячы на ўсе пагрозы. Мы думалі, што час рэпрэсіяў ужо мінуў, аднак падобныя лісты прымушаюць задумацца. Мы не саромімся сваёй прысутнасьці на Майдане і будзем заставацца там», — падкрэсьліў Зьверхнік УГКЦ.
 
Адзначаецца, што пра атрыманьне падобных лістоў з папярэджаньнем іншымі Цэрквамі і рэлігійнымі арганізацыямі Ўкраіны нічога невядома. Кіраўніцтва УГКЦ адрэагавала на яго тым, што апублікавала гэты ліст ад уладаў і сваю Заяву ў адказ.
 
Апошні раз Царкву ўкраінскіх грэка-католікаў здымалі з рэгістрацыі ў сакавіку 1946 году, падчас сталінскіх рэпрэсіяў.
Гл. таксама:
27.09.2019
У грэка-католікаў Горадні пабывалі міністранты з Шчучына
10.01.2019
Першаярарх УГКЦ: няма тэндэнцыяў пераходу грэка-католікаў у Праваслаўную Царкву Ўкраіны
24.04.2018
Першаярарх УГКЦ: «Мы пазітыўна ацэньваем намаганьні дзеля прызнаньня адзінай Праваслаўнай Царквы Ўкраіны»
26.06.2014
Зьверхнік УГКЦ распавёў Сьвятому Айцу пра “боль ўкраінскага народу”
15.01.2014
Заява Зьверхніка УГКЦ з нагоды ліста-папярэджаньня ад уладаў