Пошук
Царква і Грамадзтва
25.02.2014
Зьверхнік УГКЦ падзякаваў католікам Беларусі за малітоўную салідарнасьць і падтрымку
 
Першаярарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук) прыбыў 23 лютага 2014 году ў Рым для ўдзелу ў пасяджэньнях Рады Сіноду Біскупаў.
 
Вярхоўны Архібіскуп УГКЦ Сьвятаслаў Шаўчук.
Ва ўкраінскім грэка-каталіцкім саборы Сьвятой Сафіі ў Рыме ў нядзелю, 23 лютага, Зьверхнік УГКЦ адслужыў Архірэйскую Боскую Літургію і Паніхіду за душы загінулых на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве, якую саслужылі з ім Уладыка Глеб (Ланчына) з Лондану, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) і ўкраінскія грэка-каталіцкія душпастыры Італіі. У Літургіі ўдзельнічала некалькі соцень украінскіх грэка-католікаў ды група італійскіх рыма-католікаў.
 
Як адзначае Дэпартамент інфармацыі УГКЦ, напрыканцы Архірэйскай Боскай Літургіі ў саборы Сьвятой Сафіі Вярхоўны Архібіскуп УГКЦ Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук) зьвярнуўся да Апостальскага Візітатара БГКЦ Архімандрыта Сяргея (Гаека) з просьбай “перадаць шчырыя словы падзякі ярархам, духавенству і вернікам Каталіцкай Царквы ў Рэспубліцы Беларусь за малітоўную салідарнасьць і падтрымку ў рамках агульнабеларускага Дня посту і малітвы за Ўкраіну, які абвясьціла Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі”.
 
Пасьля набажэнства Першаярарх УГКЦ правёў сустрэчу з вернікамі і распавёў пра сітуацыю ва Ўкраіне.
 
“Ад самага пачатку супрацьстаяньня ва Ўкраіне мы намагаліся зрабіць усё для таго, каб не дапусьціць кровапраліцьця, аднак з кожным днём сітуацыя абвастралася”, — адзначыў Зьверхнік УГКЦ. Усе храмы і манастыры ў Кіеве адкрылі свае дзьверы для таго, каб прыезджыя маглі там спыніцца. У Патрыяршым саборы Ўваскрасеньня Хрыстова начавала да 1000 чалавек, а ўжо калі зьявіліся першыя параненыя, якіх трактавалі як злачынцаў і забіралі з бальніц ва ўчасткі, храмы Кіева мабілізаваліся яшчэ больш, каб стварыць падпольную сетку аказаньня дапамогі”, — распавёў Яго Блаславенства Сьвятаслаў. Прадстаўнікі Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў, паводле яго словаў, выступілі пасярэднікамі паміж уладай і пратэстоўцамі: “У той час, калі ўлада ўжо была гатовая ўводзіць надзвычайнае становішча ў краіне, мы пераканалі апазіцыю ісьці да прэзідэнта на перамовы. Тады прадстаўнікі рэлігійнага асяроддзя пайшлі на Майдан, каб растлумачыць людзям, чаму апазіцыя аднавіла перамовы”. Такім чынам, ааводле словаў Яго Блаславенства Сьвятаслава, удалося пазьбегнуць “крывавай бойні”.
 
24 лютага, пасьля абеду, у саборы Сьвятога Пятра ў Ватыкане Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук), Зьверхнік УГКЦ ўзначаліў малебен за мірную і саборную Ўкраіну. Малітва адбылася па ініцыятыве Пасольства Ўкраіны пры Сьвятым Пасадзе з удзелам прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу і ўкраінскай грамады Рыму. На малітву за Ўкраіну прыйшлі пасол Польшчы, Славакіі, Славеніі, Чэхіі, Венгрыі, Аўстрыі, Харватыі, Літвы, Кіпруа і Вялікабрытаніі.

Словы асаблівай падзякі Першаярарх УГКЦ Сьвятаслаў Шаўчук выказаў амбасадарам Польшчы, Францыі і Германіі — краінаў, пры дапамозе якіх ва Ўкраіне адбылося падпісаньне мірнай дамовы з уладамі.
 
Гл. таксама:
07.07.2018
Папа Францішак падзякаваў УГКЦ за «экуменічную адкрытасьць» і назваў беспадстаўнымі абвінавачаньні яе ва ўніятызьме
24.04.2018
Першаярарх УГКЦ: «Мы пазітыўна ацэньваем намаганьні дзеля прызнаньня адзінай Праваслаўнай Царквы Ўкраіны»
06.01.2015
У БГКЦ — Дні малітвы за хрысьціянаў Блізкага Ўсходу
04.12.2013
Пілігрымка беларускіх грэка-католікаў у Рым
28.05.2013
Ушанаваньне памяці Апостала Палесься