Пошук
Царква і Грамадзтва
08.03.2014
Заява Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў Украіны адносна правакацыйных дзеяньняў расейскага кіраўніцтва
 
Усеўкраінская Рада Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў заклікала ўлады Расеі адмовіцца ад ваеннага і іншага ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Ўкраіны. “Расейскія ўлады павінны ўсьвядоміць сваю адказнасьць перад Богам і перад чалавецтвам за магчымыя непапраўныя наступствы ваеннага канфлікту на ўкраінскай зямлі”, — гаворыцца ў заяве, прынятай гэтай міжцаркоўнай арганізацыяй 2 сакавіка 2014 году.
 
Раней (22 лютага 2014 году) УРЦіРА ўжо выказвалася адносна пагрозы сепаратызму ва Ўкраіне. У супольнай заяве прадстаўнікі Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў аднадушна катэгарычна асудзілі любую дыскусію адносна магчымага падзелу Ўкраіны і любыя спробы сепаратызму, якія нясуць пагрозу адзінству і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, ды заклікалі жыхароў усіх рэгіёнаў Украіны да брацкага паяднаньня.
 
На фоне інфармацыйнай вайны, разгорнутай многімі расейскімі СМІ, вернікам і ўсім людзям добрай волі варта прыслухацца да голасу Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў Украіны, каб разабрацца ў той няпростай сітуацыі, што склалася сёньня ў нашых суседзяў.
 
Усеўкраінская Рада Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў — гэта аўтарытэтны прадстаўнічы міжканфесійны кансультацыйна-дарадчы орган, які дзейнічае ва Ўкраіне з 1996 году. У склад УРЦіРА ўваходзяць 18 Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў (і 1 міжцаркоўная рэлігійная арганізацыя), якія разам прадстаўляюць больш за 95% рэлігійнай прасторы Ўкраіны і ўсе асноўныя канфесіі Ўкраіны: праваслаўнага, грэка-каталіцкага, рыма-каталіцкага і пратэстанцкага (евангельскага) веравызнаўчых напрамкаў хрысьціянства, а таксама асноўных веравызнаньняў юдаізму і ісламу.
 
Ніжэй прапануем поўны тэкст Заявы Ўсеўкраінскай Рады Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў з нагоды вайсковага ўмяшальніцтва і іншых правакацыйных дзеяньняў кіраўніцтва Расеі, падпісаны ад імя УРЦіРА афіцыйным прадстаўніком Украінскай Правслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату, які цяпер старшынствуе ў ёй.
 
Заява
Ўсеўкраінскай Рады Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў
у сувязі з рашэньнем Савету Федэрацыі Федэральнага Сходу
Расейскай Федэрацыі ад 1 сакавіка 2014 году
 
 
1 сакавіка 2014 Савет Федэрацыі Федэральнага Сходу РФ на прапанову Прэзідэнта Расеі даў згоду на выкарыстаньне расейскіх войскаў ва Ўкраіне. Увядзеньне вайсковых сілаў іншай дзяржавы на тэрыторыю Ўкраіны зьяўляецца пагрозай ня толькі для нашай краіны, але і для міру і спакою на Еўрапейскім кантыненце ў цэлым.
 
Мы заклікаем улады Расеі адмовіцца ад ваеннага і іншага, не прадугледжанага міжнародным правам і двухбаковымі дамовамі ўмяшаньня ва ўнутраныя справы Ўкраіны. Расейскія ўлады павінны ўсьвядоміць сваю адказнасьць перад Богам і перад чалавецтвам за магчымыя непапраўныя наступствы ваеннага канфлікту на ўкраінскай зямлі.
 
Украінскі народ мае сяброўскія, братэрскія пачуцьці да расейскага народу. Грамадзяне Ўкраіны не жадаюць распальваньня варожасьці. Мы хочам і ў далейшым будаваць з Расеяй братэрскія адносіны як суверэнная, незалежная дзяржава.
 
Яшчэ раз пацьвярджаем прызнаньне легітымнымі сфармаваных Вярхоўнай Радай Украіны органаў дзяржаўнай улады і прызначаных Старшынём Вярхоўнай Рады Ўкраіны, в.а. Прэзідэнта Ўкраіны А. Турчынавым і Ўрадам Украіны службовых асобаў.
 
Мы зьвяртаемся да міжнароднай супольнасьці з просьбай зрабіць усё магчымае для захаваньня міру ва Ўкраіне і захаваньня тэрытарыяльнай цэласнасьці, суверэнітэту і недатыкальнасьці межаў Украінскай дзяржавы. Падрыў міру і стабільнасьці ва Ўкраіне пагражае разбурыць усю сучасную сістэму сусьветнай бясьпекі. Таму належыць ужыць усе захады, каб ва Ўкраіне з прычыны ўвядзеньня іншаземных войскаў не разгарэлася вайна.
 
Цэрквы і рэлігійныя супольнасьці Ўкраіны — з украінскім народам. Заклікаем усіх да ўзмоцненай малітвы за нашу Бацькаўшчыну.
 
Няхай Гасподзь беражэ ўсіх нас!
 
+ Ануфрый
Старшыня УРЦіРА,
Мітрапаліт Чарнавіцкі і Букавінскі УПЦ,
Месцаахоўнік Кіеўскай мітрапалічай катэдры
2 сакавіка 2014 году
Гл. таксама:
27.09.2019
У грэка-католікаў Горадні пабывалі міністранты з Шчучына
11.07.2014
Цэрквы Ўкраіны заклікаюць сепаратыстаў скласьці зброю і вызваліць усіх закладнікаў
21.02.2014
У Беларусі 23 лютага — Дзень малітвы за Ўкраіну
05.05.2012
Душпастырская праграма візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
24.03.2011
Украінскія ярархі зрабілі выбар новага Зьверхніка Царквы