Пошук
Царква і Грамадзтва
22.05.2013
Папа: пляткарства ўтрымлівае ў сабе «дух Каіна»
 
Ня быць хрысьціянамі з добрымі манерамі і дрэннымі звычкамі заклікаў Сьвяты Айцец Францішак падчас сьв. Літургіі ў капліцы Дома сьв. Марты 18 траўня 2013 году, паведамляе каталіцкае інфармацыйнае агенцтва KAI. Сваю прамову Папа прысьвяціў распаўсюджанай нават сярод хрысьціянаў спакусе «улазіць у жыцьцё іншых» і пляткарыць.
 
Сьвяты Айцец Францішак зьвярнуў увагу на два спосабы недарэчнага ўмяшальніцтва ў жыцьцё іншых людзей. Найперш гэта параўнаньне, якое вядзе да незадаволенасьці і нават зайздрасьці. Іншы спосаб, у які праяўляецца гэтая спакуса — плёткі. Пачынаецца ўсё з «выхаваўчага тону», а потым даходзіць да «перамываньня костак бліжняга».
 
Сьвяты Айцец адзначыў, што плёткамі людзі наносяць вялікую шкоду адзін аднаму. Замест таго, каб самім расьці, прыніжаюць сваіх бліжніх і самыя пачуваюцца пры гэтым вялікімі. Папа параўнаў звычку распаўсюджваньня плётак з спажываньнем цукерак: «бярэш адну, затым другую, наступную і яшчэ адну, а потым пачынае балець жывот». Таксама і з плёткамі: «соладка напачатку, а потым яны зьнішчаюць цябе, зьнішчаюць тваю душу». «Пляткарства ў Царкве зьяўляецца разбуральным, яно вельмі дэструктыўнае», — падкрэсьліў Сьвяты Айцец. Паводле яго словаў, плёткі нясуць у сабе «дух Каіна» – жаданьне «забіць брата словам».
 
Папа таксама зьвярнуў увагу, што ёсьць тры шляхі распаўсюджваньня плётак. «Мы ствараем дэзінфармацыю: кажам толькі палову праўды, якая нас задавальняе, але не пра іншую. Ня кажам пра іншую, бо яна нязручная для нас. Некаторыя ўсьміхаюцца..., ну гэта ж праўда, ці ня так? Бачыш, што сталася? І гэта ідзе ў сьвет. Іншы — гэта ачарненьне: калі нейкі чалавек сапраўды мае хібы, зрабіў нешта сур’ёзнае — імкнемся паўсюль распавесьці пра гэта, “пагуляцца ў журналіста”... А годнасьць гэтага чалавека ўжо зьнішчана. І трэці шлях — гэта паклёп: казаць рэчы, якія ня ёсьць праўдай. Гэта ўласна азначае забіць брата! Усе тры — дэзінфармацыя, ачарненьне і паклёп – зьяўляюцца грахом! Усё гэта грэх! Гэта ёсьць аплявуха Ісусу ў абліччы Яго дзяцей, Яго братоў», — падкрэсьліў Сьвяты Айцец.
 
Папа Францішак нагадаў словы Ісуса: «Што табе да гэтага? Ты ідзі за Мною», якія Збаўца скіраваў да сьв. Пятра, калі той цікавіўся асобай здрадніка і пытаўся ў сувязі з гэтым пра апостала Яна. «Не займайцеся фантазіямі, думаючы, што ацаленьне — у параўнаньні з іншымі і ў плётках», — заклікаў Сьвяты Айцец і дадаў, што збаўленьне ў тым, каб ісьці за Хрыстом. «Папросім сёньня Госпада, каб даў нам ласку ня ўлазіць у жыцьцё іншых, не станавіцца хрысьціянамі з добрымі манерамі і дрэннымі звычкамі, а насьледаваць Ісуса, ісьці за Ім па Ягоным шляху. І гэтага дастаткова!» — сказаў Папа.
Гл. таксама:
08.07.2017
Папа паведаміў пра царкоўную сулучнасьць з новаабраным мелхіцкім патрыярархам
22.05.2016
Папу Францішку падаравалі дыск з сьпевамі візантыйскай літургіі па-беларуску
03.03.2016
Беларускія грэка-католікі пра сумесную Дэкларацыю Папы і Патрыярха
25.06.2014
Быць Царквою – несьці Божае блаславеньне ўсім людзям
22.05.2013
Папа: пляткарства ўтрымлівае ў сабе «дух Каіна»