Пошук
Царква і Грамадзтва
17.05.2014
Як сын пракурора загаварыў па-беларуску і пачаў маліцца за каралеву
 
Школьнік з Івацэвічаў купіў за 2 рублі ў шапіку «Саюздруку» часопіс, які моцна паўплываў на лёс маладзёна ў пачатку 90-ых гадоў. З таго часу шмат што зьмянілася – хлопец стаў сьвятаром, выехаў у Лондан і будуе там царкву, што мае стаць помнікам па Чарнобыльскай бядзе.
 
Айцец Сяргей Стасевіч.
Як усё пачыналася?
Хлопец-падлетак доўга стаяў ля газетнага шапіку ў невялікім беларускім гарадку Івацэвічы. Прыглядаўся праз запыленую шыбу да сьвежых часопісаў, мяў у кішэні 2 рублі. Ягоны зрок спыніўся на адным з асобнікаў «Уніі» – часопісу, які ў першай палове 90-ых гадоў выдавалі беларускія грэка-каталікі. Купіўшы выданьне, хлопец прачытаў яго на адным дыханьні – гэтак ён даведаўся пра гісторыю ўніяцтва ў Беларусі. Набыты часопіс выклікаў у Сяргея Стасевіча (так звалі нашага героя з Івацэвічаў) нязьведаную дагэтуль прагу – імкненьне стаць грэка-каталіком, а потым і сьвятаром.
 
Захапляючыся сярэднявечнаю гісторыяй, шмат чытаючы пра рыцараў і крыжовыя паходы, рымскіх папаў і еўрапейскіх каралёў, старшакласьнік Сяргей, ужо раней адкрыў для сябе каталіцтва. «Мы з адным аднакласьнікам, з якім мы хадзілі разам яшчэ ў дзіцячы садок, вельмі пасябравалі ў старэйшых класах. Нас аб’яднала агульнае захапленьне гісторыяй. Мы былі летуценьнікі, якіх ядналі і рэлігійныя моманты ў гісторыі. Неяк мы вырашылі наведаць каталікоў. Нехта нам параіў: «Ідзіце ў клуб лесазаводу – там палякі моляцца (усе каталікі былі для нашых людзей палякамі)». Мы і пайшлі, каб распытаць пра крыжовыя паходы ды інквізіцыю. Ксёндз і манашка, якіх мы засталі, аслупянелі ад нашых пытаньняў і спрабавалі неяк няўпэўнена і вінавата нешта распавесьці – мы, аднак, былі незадаволеныя з адказаў. Але ўсё ж з гэтага часу пачалі рэгулярна хадзіць на імшу, якая тады была па-польску і толькі часткова па-расейску і па-беларуску», – узгадаў наш суразмоўнік першыя крокі на шляху да сьвятарства.
 
«Унія» адкрыла перад хлопцамі новую дарогу – каталіцтва, але ў родным усходнім абрадзе, такім самым, як у праваслаўнай царкве. Праз некаторы час ня толькі Сяргей Стасевіч абярэ для сябе шлях грэка-каталіцкага сьвятара, але і ягоны школьны сябра – Андрэй Крот – адчуе ў сабе такое ж пакліканьне.
 
Бацькі, дзяды і бабуля-«калхозьніца»
Бацькі Сяргея – адзінага дзіцяці ў сям’і – ніколі не перашкаджалі ягоным захапленьням і цанілі ягоную вольнасьць. «Мая маці ўсё жыцьцё працавала ў раённай пракуратуры ў Івацэвічах. Даслужылася да пасады пракурора раёну. Бацька ж быў спачатку камсамольскім лідарам, намесьнікам старшыні Івацэвіцкага райвыканкаму, потым працаваў у кіраўніцтве прыборабудаўнічага заводу, пазьней, калі іхны шлюб з маці распаўся, займаўся бізнэсам», – згадаў мінулае сьвятар.
 
Дзяды айца Сяргея з абодвух бакоў жылі ў Пружанскім раёне. З боку маці ўсё жыцьцё размаўлялі на палескай гаворцы. Бабуля па бацьку была родам з цэнтральнай Беларусі – з Зэмбіну – яна раней партызаніла на Барысаўшчыне, а потым выйшла замуж за жаўнера Чырвонай Арміі, які прывёз яе дахаты ў Пружанскі раён. Яна была для іх савецкая, гаварыла не па-іхнаму і мясцовыя казалі: «Што, калхозьніца, нашым хлебам прыехала ад’ядацца?»
 
Родныя будучага сьвятара не былі рэлігійныя людзі, але некалькі разоў звадзілі яго ў царкву. «Малым я гуляў у тым ліку і ў бацюшку, убіраўся ў «рызы» і нават спраўляў нейкія «абрады». Мяркую, што ў дзіцячай зацікаўленасьці да рэлігіі праявілася маё пакліканьне. Мой шлях да сьвятарства ішоў праз мае захапленьні», – заўважыў айцец Сяргей.
 
Па-беларуску пачаў размаўляць «дзеля прыколу»
Айцец Сяргей паходзіў з расейскамоўнай сям’і, але на першую палову 90-ых гадоў, калі ён вучыўся ў сярэдняй школе, прыпала хваля беларусізацыі. «У нас была вельмі патрабавальная і рэзкая настаўніца беларускай мовы. Яна сама па жыцьці была расейскамоўная, але ўвесь час страшыла: «Ня будзеце вучыць беларускай мовы – нікуды не паступіце». Дзякуючы ёй я цяпер ведаю родную мову. Тады ж на ўроках было адно, а на перапынках усе гаварылі па-расейску. Неяк я са сваім сябрам Андрэем паспрабаваў гаварыць па-беларуску і па-за ўрокамі. Тут не было ніякай адмысловай прычыны – загаварылі проста так, «дзеля прыколу», як нам, падлеткам, тады падавалася. Пэўна, тут было жаданьне супрацьставіцца асяроддзю.
Айцец Сяргей Стасевіч і айцец Аляксандар Надсан моляцца за спачылых беларусаў.
Паступова родная мова станавілася для нас усё больш важнаю і нам хацелася гаварыць толькі на ёй».
 
Па навуку ў вялікі сьвет
Айцец Сяргей прызнаўся, што пасьля школы вельмі хацеў паступіць у сталічны ўніверсітэт і выбраў БДУ. «Мая маці была прынцыповым чалавекам і, хоць мела сувязі, якія, напэўна, маглі мне дапамагчы паступіць на нейкі прэстыжны факультэт, сказала: «Паступай туды, куды зможаш сам». У 1994-ым у БДУ акурат адкрывалася новае аддзяленьне – культуралогія на філасофска-эканамічным факультэце. Туды ня трэба было здаваць матэматыкі, з якою ў мяне былі вечныя праблемы, і спатрэбіліся мае веды з беларускай гісторыі, мовы і літаратуры. Паступаючы, я ўжо ведаў, што насамрэч хачу стаць не культуролагам, а грэка-каталіцкім сьвятаром».
 
Будучы ў Менску, маладзён з Івацэвічаў уліўся ў грэка-каталіцкую суполку. Скончыўшы аддзяленьне культуралогіі ў Менску, вучыўся яшчэ ў Рыме і Лондане. У сталіцы Вялікай Брытаніі малады беларус атрымаў дыяканскія і сьвятарскія сьвячэньні з рук біскупа Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, бо беларускія ўніяты дагэтуль ня маюць свайго біскупа. Пасьля гэтага пачаў дапамагаць айцу Аляксандру Надсану ў рэлігійнай і грамадзкай дзейнасьці сярод беларусаў-эмігрантаў пры Беларускай каталіцкай місіі.
 
Царква – як сымбаль Беларусі
Малады і энэргічны сьвятар ужо зьдзейсьніў рэканструкцыю легендарнага «Марыйнага дому» – сядзібы Беларускага рэлігійнага і культурнага цэнтру ў сталіцы Вялікай Брытаніі, а цяпер рэалізуе праект пабудовы сапраўднай беларускай царквы. «Мы молімся ў грамадзкай зале ў будынку, па якім цяжка пазнаць звонку, што тут ёсьць царква. Як мне здаецца, людзі неахвотна ідуць на нашыя службы ў звычайны дом – ім патрэбнае адчуваньне сакральнасьці прасторы, неба на зямлі», – заўважыў айцец Сяргей.
 
Праект беларускай грэка-каталіцкай царквы ў Лондане. Фота Кастуся Лашкевіча.
Царква, паводле сьвятара, – гэта духоўны цэнтар і неад’емная частка краявіду шмат якіх беларускіх вёсак і мястэчак, таму і ў «сымбалічнай лонданскай Беларусі» мусіла б быць свая асобная бажніца.
 
З архітэктурным праектам будучай царквы сьвятару дапамог малады лонданскі архітэктар кітайскага паходжаньня Цзыўай (Тшўай) Рафаэлем Со, які раней зацікавіўся беларускаю культураю і гісторыяй ды прыняў хрост ад беларускіх грэка-каталікоў у Лондане. Каб як мага лепш перадаць асаблівасьці беларускага дойлідзтва ў сваім праекце, маладзён перагартаў цэлыя стосы кніг і наведаў Беларусь, каб на свае вочы пабачыць сьвятыні нашай зямлі. У выніку прапанаваў праект у беларускіх традыцыях: аднавежавая базыліка з дрэва, з гонтавым дахам, але ў сучаснай версіі – у бажніцы ня будзе вокнаў як такіх, а сьвятло ў яе будзе трапляць праз адмысловыя шкляныя сегменты ў драўляных сьценах. «Яна будзе нібы гарэць сьвятлом знутры. Царква стане помнікам па Чарнобыльскай трагедыі, як сымбвалі сучаснай Беларусі, суадноснаму з японскаю Хірасімаю. Усе беларусы – дзеці Чарнобылю, – падкрэсьліў айцец Сяргей. – Мы спадзяемся, што з цягам часу нашую царкву ўнясуць у гіды па Лондане. Дзякуючы гэтаму беларуская прысутнасьць у Лондане стане больш заўважная».
 
Каралева Альжбета, Маргарэт Тэтчэр і беларусы
Беларускія грэка-каталікі моляцца ў Лондане за каралеву Альжбету ІІ. «Малітвы за ўлады, войска і каранаваных асобаў – уласьцівасьць візантыйскай літургіі.
Беларускі біскуп Часлаў Сіповіч (другі зьлева) і Маргарэт Тэтчэр.
Мы шмат разоў узгадваем імя каралевы Альжбеты падчас багаслужбы, бо яна з ласкі Божае валадарыць у той краіне, у якой мы жывем. Гэтую традыцыю завялі тут яшчэ да мяне», – заўважыў айцец Сяргей.
 
Сама брытанская каралева пакуль не была ў гасьцях у лонданскіх беларусаў, але, да прыкладу, ранейшы кіраўнік Беларускай місіі біскуп Часлаў Сіповіч меў нагоду спаткацца і паразмаўляць з легендарным брытанскім прэм’ерам Маргарэт Тэтчэр.
 
Пра геяў
У беларускую царкву прыходзяць самыя розныя людзі, якія жывуць на чужыне. Сярод іх ёсьць асобы з гомасэксуальнаю арыентацыяй, да якіх у беларускай суполцы ставяцца талерантна. «Шлюбаў мы ім не даем, але і ў нікога з тых, хто прыходзіць да нас, мы не пытаемся пра ягоную арыентацыю. Нашая царква адчыненая для кожнага чалавека, які шукае Бога ў гэтым складаным сьвеце», – расказаў уніяцкі сьвятар. Геі для нас тут – гэта не нейкая абстракцыя, а перадусім канкрэтныя людзі, якіх мы ўсе добра ведаем. Я сустракаў сярод іх толькі добрых і прыстойных людзей, да таго ж cьвядомых беларусаў. Усе людзі – геі ці не – аднолькавыя перад абліччам Божым, бо ўсе мы – грэшнікі».
 
Як успрымаюць Беларусь у Вялікай Брытаніі?
Шмат хто з брытанцаў глядзіць на Беларусь, як на нейкую частку Расеі, заўважыў беларускі сьвятар. Некаторыя асацыююць Беларусь з белагвардзейцамі, мяркуючы, што беларусы – гэта расейцы, якія супрацьпаставіліся камунізму і стварылі сваю краіну. «Наш прыхаджанін кітайскага паходжаньня, да прыкладу, думаў, што Беларусь – гэта частка Расеі, якая адпала ад яе паводле палітычных матываў, як Тайвань адпаў ад Кітаю, або нешта накшталт падзеленых Паўднёвай і Паўночнай Карэі».
 
«Купальле ў гонар Янкі Купалы?»
У Беларускім культурным цэнтры, што існуе пры місіі, эмігранты ладзяць беларускія народныя сьвяты – Каляды, Купальле, адзначаюць важныя для беларускай гісторыі памятныя даты. На гэтыя сьвяты прыходзяць беларусы, якія звычайна зусім не наведваюць царквы. «З часам нашае Купальле ператварылася ў гарэлачна-шашлычную тусоўку, – распавёў айцец Сяргей. – Але з маёй ініцыятывы фармат зьмяніўся, шашлык і гарэлка зьніклі з праграмы. Сёньня гэта – этнаграфічнае сьвята з праграмаю для дарослых і дзяцей. У гэтым годзе ў нас у гасьцях будзе дудар Яўген Барышнікаў».
 
Некаторыя беларусы, паводле сьвятара, самі нават ня ведаюць, што такое Купальле. «Гэта ўрачыстасьць у гонар Янкі Купалы?», – пытаюцца яны. Калі ж сьвятар прыйшоў у расе, нехта запытаўся, ці гэта ўсур’ёз, ці ён таксама, як і іншыя, «пераапрануўся», бо ўсе навокал былі ў народных строях. «Я – сапраўды сьвятар», – адказаў. «А што гэта такое?» – пачуў у адказ. «Ці праўда, што скокамі праз купальскі агонь адпускаюцца ўсе грахі?», – пыталіся таксама ўдзельнікі этнаграфічнага сьвята. «Мы ладзім Купальле, каб прапагандаваць нашую культурную спадчыну, а ніякага магічнага ці язычніцкага зьместу ў абрады не ўкладаем. Мы – беларусы і хрысьціяне», – падкрэсьліў айцец Сяргей.
 
Пра характар беларусаў
Аднаго лета айцец Сяргей разам з групаю беларускіх грэка-католікаў адправіўся ў «брытанскія Жыровічы» – санктуарый Маці Божай ва Ўолсінгем. Калі ж пілігрымы прыбылі на месца, дык проста аслупянелі – першым ў шэрагу іншых, што віселі перад алтаром у алфавітным парадку, іх вітаў афіцыйны чырвона-зялёны сьцяг Беларусі.
Айцец Сяргей Стасевіч моліцца на варшаўскіх могілках. Фота belsat.eu
«Я падышоў і папрасіў, каб яны зьнялі той сьцяг. Але мне раздражнёна адказалі: «Гэта той сьцяг, які лічыцца дзяржаўным беларускім. Купілі, што было ў продажы. Ня вы вешалі, ня вам і здымаць». Мы, вядома ж, не пагадзіліся і папрасілі іх на наступны год павесіць бел-чырвона-белы сьцяг. Я нават адмыслова выслаў яго арганізатарам поштаю на іхную ж просьбу. Калі ж мы прыехалі ў наступным годзе, на сваім месцы зноў лунаў чырвона-зялёны сьцяг. Пілігрымы родам з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, чыю прысутнасьць арганізатары таксама «ўшанавалі» сьцягам суседняй дзяржавы з падобнаю назваю, урэшце зьдзерлі яго сярод агульнага замяшаньня, калі набажэнства скончылася, відаць, не пытаючыся дазволу. Беларусам такое не прыйшло б у галаву. Мы – культурная нацыя».
 
«Якімі б ні былі беларусы – гэта мой народ, – распавёў сьвятар. – Сярод гэтага народу мне даў Бог нарадзіцца, і я хачу працаваць дзеля ягонага духоўнага дабра. Я бачу гэтае дабро перадусім ў дасягненьні рэлігійнага адзінства беларусаў. За яе трэба змагацца, трэба шмат такту і цярпеньня, каб разбураць тыя перагародкі, што стаяць паміж праваслаўнымі і каталікамі. Служэньне ў такіх абставінах – гэта дадатковы крыж для грэка-каталіцкага сьвятара. Але я прымаю гэты крыж з пакораю».
 
Віктар Шукеловіч, belsat.eu
Гл. таксама:
16.09.2015
Як разьвіваўся беларускі біблійны пераклад?
18.04.2015
Айцец Аляксандар Надсан: «Чакаю, калі Беларусь стане больш беларускай»
17.04.2015
Пра айца Аляксандра Надсана: як працаваць з надзеяй у безнадзейны час
17.04.2015
Памёр айцец Аляксандар Надсан
05.10.2013
У Лондане пачнецца будаўніцтва новай беларускай царквы