Пошук
Царква і Грамадзтва
15.06.2014
Кардынал Маркс: хрысьціяне павінны браць удзел у стварэньні больш справядлівага грамадзтва
 
Шырокая дыскусія на тэму “Хрысьціянства — зарука гуманізму ў глабалізацыі?” з удзелам вядомых каталіцкіх багасловаў адбылася 10 чэрвеня 2014 году ў Каледжы бернардынаў у Парыжы — паведамляе французская каталіцкая газета “La Croix”.
 
У гэтай дыскусіі бралі ўдзел тры ўплывовыя постаці Каталіцкай Царквы ў сучаснай Еўропе — каардынатар ватыканскай Рады па эканамічных пытаньнях і старшыня нямецкага епіскапату кардынал Райнхард Маркс Reinhard Marx), французскі кардынал Андрэ Вэн-Труа (André Vingt-Trois), архібіскуп Парыжу, і заснавальнік Супольнасьці сьв. Эгідзія з Італіі Андрэа Рыкардзі (Andrea Riccardi).
 
Багасловы на працягу двух гадзінаў разважалі пра месца і ролю хрысьціянаў у сьвеце, які часам здаецца ім чужым. Выступоўцы падзяліліся багатым асабістым досьведам, праз які былі паказаныя тры вялікія еўрапейскія культуры і тры шляхі Царквы ў падобных супольнасьцях, але розных паводле формы.
 
Кардынал Вэн-Труа распавёў пра секулярызацыю ў Францыі. Ён адзначыў, што гэтая зьява ня ёсьць у Францыі нечым новым. Ярарх згадаў вельмі жорсткае супрацьстаяньне ў XIX стагоддзі і ў 1-й палове XX стагоддзя, якое мела месца паміж Каталіцкай Царквой і сьветам грамадзкіх і палітычных эліт.
 
Секулярызацыя ёсьць паўсюль, дадаў Андрэа Рыкардзі, які быў міністрам міжнароднага супрацоўніцтва і інтэграцыі ва ўрадзе Монці (2011-2013) у Італіі. Глабалізацыя зьяўляецца рэлігіяй росквіту, сапраўднага культу чалавека-эгаіста, які жыве для сябе. У выніку чалавек хоча мець як можна менш трывалыя стасункі і мы маем крызіс сям’і. Пры гэтым, хрысьціяне схільныя зьбегчы, схавацца за сьцяной уласных прынцыпаў, адзначыў заснавальнік Супольнасьці сьв. Эгідзія. Аднак іншыя, а гэта нашыя дзеці, нашыя бацькі, нашыя браты і сёстры, яны застаюцца сам на сам.
 
Кардынал Райнхард Маркс.
Кардынал Маркс адзначыў і нават асудзіў настальгію па “хрысьціянскай Еўропе”. “Гэта ўласна ў XX стагоддзі адбыўся страшны маральны крызіс, — падкрэсьліў нямецкі ярарах. — Сёньня сітуацыя здаецца лепшай. Нават калі, як сказаў кардынал Люсьціжэ, хрысьціянства ў Еўропе ўсё яшчэ знаходзіцца ў дзіцячым садочку”.
 
Цалкам хрысьціянскае грамадзтва не магчымае — заўважыў Андрэа Рыкардзі. Можна сказаць, што каталіцкая дзяржава магчыма толькі ў Валадарстве Нябесным і ў Ватыкане — дадаў ён з усьмешкай.
 
Французскі кардынал Вэн-Труа сказаў, што хрысьціяне павінны быць насеньнем новага сьвету. “Сьвет і Царква знаходзяцца ў адной лодцы, але іх узаемная аўтаномія была акрэсьлена Другім Ватыканскім Саборам”, — дадаў ярарах. Бог мог выказаць Сваё адасабленьне праз аддзяленьне ад сьвету. Але Ён прыйшоў у яго. Сын прыходзіць і кажа, што не прыйшоў валадарыць на зямлі, а проста пачынае новы сьвет. Хрысьціяне ёсьць насеньне ў гэтым новым сьвеце, жывая мадэль у гісторыі чалавецтва, лічыць ярарх.
 
Кардынал Райнхард Маркс адзначыў неабходнасьць “еўрапейскага гуманізму ў ХХІ стагоддзі”. Да гэтага падштурхоўваюць глабальныя выклікі, такія як міграцыя, зьнішчэньне навакольнага асяроддзя, беднасьць і несправядлівае разьмеркаванне рэсурсаў. “Задача хрысьціянаў заключаецца ў стварэньні больш справядлівага грамадзтва і быць знакам іншага сьвету”, — сказаў нямецкі ярарх.
 
Царква ня мае рашэньняў для ўсіх праблемаў. Але ў яе ёсьць прынцыпы, і гэтыя прынцыпы могуць быць прымальныя для ўсіх тых, хто шукае першапрычынаў. Хрысьціяне павінны адрадзіць гуманізм, адкрыты для супрацоўніцтва з іншымі хрысьціянамі і нехрысьціянамі, вернікамі і няверуючымі. Мы павінны жыць разам і імкнуцца арганізаваць грамадзтва ў адпаведнасьці з прынцыпамі розуму і этыкі.
 
“Хрысьціяне не павінны паддавацца спакусе выйсьці з грамадзкіх справаў”, — сказаў нямецкі ярарх. Наадварот, удзел у будаваньні дабра глабальнага грамадзтва павінен быць неад’емнай часткай хрысьціянскага жыцьця. Каталіцкая Царква прапаноўвае праз сваю паўсюднасьць вялікія магчымасьці, дапамагаючы пераадольваць моўныя і культурныя межы, патлумачыў кардынал Маркс. Такім чынам, гэта павінна спрыяць абмену ідэямі на еўрапейскім і міжнародным узроўнях. Для пераадоленьня межаў трэба мацней выкарыстоўваць экуменічны і міжрэлігійны дыялог. Як прыклад, кардынал Маркс прывёў мірную ініцыятыву Папы Францішка для Сьвятой Зямлі.
Гл. таксама:
09.04.2018
Моладзь і рэлігія
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
16.09.2015
Як разьвіваўся беларускі біблійны пераклад?
19.07.2014
Ірак: апошнія хрысціянскія сем’і пакідаюць Масул
05.05.2012
Душпастырская праграма візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў