Пошук
Царква і Грамадзтва
12.07.2014
Кампанія Ватыкану за мір і твіт Папы з нагоды завяршэньня Чэмпіянату сьвету па футболе
 
“Мундыяль спрычыніўся да сустрэчы людзей, якія належаць да розных народаў і рэлігіяў. Няхай жа спорт заўсёды спрыяе культуры сустрэчы”, — такое пажаданьне напісаў 12 ліпеня 2014 году ў Твітары Папа Францішак, напярэдадні фінальнага паядынку Чэмпіянату сьвету па футболе ў Бразіліі.
 
Да тэмы Чэмпіянату сьвету па футболе Папа зьвяртаўся з першага дня спаборніцтваў, адзначыўшы, што футбол гэта школа будаваньня міру і згоды паміж народамі. “Я жадаю ўсім цудоўнага футбольнага Мундыялю, спаборніцтваў у духу сапраўднага братэрства”, — напісаў ён месяц таму ў сваім Твітары. Больш яскрава ён выказаўся ў сваім відэа-пасланьні, якое паказала бразільскае тэлебачаньне. Сьвяты Айцец пажадаў адмовіцца ад эгаізму, расізму і нецярпімасьці. Ён нагадаў, што футбол зьяўляецца “школай умацаваньня культуры сустрэчы, згоды і міру паміж народамі”.
 
Менавіта ў гэтым духу дыялогу і міру Папская Рада па культуры з нагоды фіналу Чэмпіянату запусьціла 12 ліпеня ў сацыяльных сетках Твітар і Facebook хэштэг «#PAUSEforPeace» — «Паўза за мір». Ідэя заключаецца ў тым, каб шырока распаўсюдзіць заклік, каб перад пачаткам футбольнага паядынку правесьці хвіліну цішы ў намеры міру, успамінаючы таксама і загінулых у выніку ўзброеных канфліктаў ва ўсім сьвеце. Фінальны матч паміж камандамі Аргентыны і Нямеччыны адбудзецца ў гэтую нядзелю, 13 ліпеня на стадыёне “Маракана” ў Рыа-дэ-Жанейра.
 
Каментуючы для Радыё Ватыкану гэтую прапанову «#PAUSEforPeace» — «Паўза за мір», намесьнік сакратара Папскай Рады па культуры а. Мэльхор Санчэс дэ Тока-і-Аламэда,
Намесьнік сакратара Папскай Рады па культуры а. Мэльхор Санчэс дэ Тока-і-Аламэда распавядае пра ініцыятыву Ватыкану «#PAUSEforPeace».
які таксама зьяўляецца кіраўніком спартыўнай секцыі ў гэтай ватыканскай дыкастэрыі, нагадаў пра звычай спыняць войны, які існаваў яшчэ ў старажытных грэкаў падчас тагачасных Алімпійскіх гульняў.
 
Намесьнік сакратара Папскай Рады па культуры заўважыў, што Царква заклікае правесьці хвіліну цішы перад пачаткам фінальнага матчу, карыстаючыся нагодай гэтай па-сапраўднаму глабальнай падзеі, калі мільёны аматараў футболу з усяго сьвету зьбяруцца перад тэлеэкранамі. “Вядома, што гэта ёсьць знак маўчаньня гарматаў і спыненьня войнаў, і ня толькі на працягу хвіліны, але назаўжды. Планета сапраўды мае патрэбу ў міры, і ініцыятыва Ватыкану скіравана на тое, каб усе людзі добрай волі былі салідарныя ў гэтым імкненьні. І, вядома, хацелася б таксама, каб Міжнародная федэрацыя футболу арганізавала хвіліну цішы перад апошнім матчам гэтага чэмпіянату, у імя міру”, — сказаў сьвятар.
 
Паводле матэрыялаў польскай, расейскай і беларускай рэдакцыяў Радыё Ватыкану.
Гл. таксама:
10.07.2014
Папа — ахвярам сэксуальнага злоўжываньня духавенства: “Прашу прабачэньня і плачу разам з вамі”
27.06.2014
Папа: быць хрысьціянінам — быць прыналежным да Царквы
02.05.2014
Папа Францішак пра тры рысы хрысьціянскай супольнасьці
10.01.2014
Папа: хрысьціянская любоў – гэта не каханьне з тэлесерыялаў
25.10.2013
Навучаньне Папы Францішка: чаму Царква зьяўляецца апостальскай