Пошук
Царква і Грамадзтва
19.07.2014
Ірак: апошнія хрысціянскія сем’і пакідаюць Масул
 
Апошнія хрысьціянскія сем’і, якія яшчэ заставаліся ў іракскім горадзе Масул, пакідаюць свае дамы і накіроўваюцца ў Эрбіль, Дахук і ў іншыя, больш бясьпечныя мясьціны іракскага Курдыстану. Пра гэта паведамілі каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву «Fides» прадстаўнікі мясцовай халдэйскай супольнасьці.
 
Хрысьціяне пакідаюць Масул. Фота Getty.
Новы масавы зыход хрысьціянаў паскорыўся ў апошнія дні пасьля таго, як суніцкія паўстанцы і баявікі самаабвешчанага ісламскага халіфату сталі пазначаць надпісамі дамы хрысьціянаў і мусульманаў-шыітаў, каб затым адабраць іх у законных уладальнікаў.
 
Як паведамляе мясцовы інтэрнэт-сайт www.Ankawa.com, эвакуацыя апошніх хрысьціянаў зьвязана таксама з узмацненьнем бамбаваньняў з боку ўрадавых узброеных сілаў у многіх раёнах гораду, асабліва ў начны час. Для многіх паселішчаў Ніневійскай раўніны асноўнай праблемай цяпер зьяўляецца спыненьне падачы вады, што зрабіла пражываньне там яшчэ больш невыносным з-за высокіх тэмператураў.
 
“Колькасьць хрысьціянаў, якіх Ісламская дзяржава Іраку і Леванта змушае пакідаць уласныя дамы і пакідаць горад, вагаецца ад 50 да 100 сем’яў, — заявіў халдэйскі вікарый Багдаду манс. Шлеймун Вардуні. —
Халдэйская каталіцкая царква ў Іраку ў г. Аль-Куш (al-Qoush). (AP Photo).
На кантрольна-прапускных пунктах пры выездзе з гораду іх спыняюць і канфіскуюць у іх літаральна ўсё: грошы, маёмасьць і нават аўтамабілі, кажучы, каб яны адпраўляліся далей пешшу”.
 
“Мы ня можам размаўляць, для нас гэта занадта небясьпечна”, — гэта ёсьць адзіныя словы, сказаныя карэспандэнту каталіцкага агенцтва «Sir» адным з хрысьціянаў Масула перад тым, як перапыніць гутарку. Хрысьціянская меншасьць, якая ўсё яшчэ застаецца ў Масуле, жыве ў атмасферы страху. Ісламскія баявікі кажуць ім рыхтавацца да сьмерці, калі ня прымуць іслам або ня будуць плаціць. Іншая мясцовая крыніца наогул сьцьвярджае, што ў Масуле больш ужо не засталося хрысьціянаў.
 
У інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву «AsiaNews» Зьверхнік Халдэйскай Каталіцкай Царквы Патрыярх Луіс Рафаэль I Сака з горыччу заявіў пра немагчымасьць любых формаў дыялогу з ісламістамі, якія зацята паўтараюць, што “паміж намі існуе толькі меч”. “Я прасіў біскупаў, — сказаў халдэйскі Патрыярх, — каб яны раілі хрысьціянскаму насельніцтву зьехаць”.
Халдэйскі патрыярх Луіс Рафаэль I Сака.
Некалькі дзён таму, адзначае халдэйскі першаярарх, хрысьціяне, што яшчэ заставаліся, пачалі выязджаць з кватэраў, і цяпер там засталося вельмі мала людзей — самыя бедныя сярод хрысьціянаў, якія ня маюць сродкаў, каб выехаць з гораду. Усе ўцекачы з Масула, паводле яго словаў, “знаходзяць прыстанак у манастырах і ў вёсках”. З ранку 18 ліпеня 2014 году, працягнуў Патрыярх Луіс Рафаэль I Сака, “аўтамабілі, абсталяваныя гучнаўзмацняльнікамі, кружылі па горадзе, патрабуючы ад хрысьціянаў уцякаць”.
 
У гэтым драматычным кантэксьце паляваньня на хрысьціянаў, адзначае Патрыярх, цяжка ўявіць якія-небудзь формы дыялогу ці перамоваў. “Тут няма ўлады, да якой можна было б зьвярнуцца, няма нікога, — падкрэсьліў Першаярарх Халдэйскай Каталіцкай Царквы, — мы ня ведаем, адкуль яны і чаго яны хочуць насамрэч. Цэнтральны ўрад тут ня мае кантактаў і цяпер пачынае паветранае бамбаваньне”. Кажучы пра мясцовых радыкальных ісламістаў, Яго Блаславенства Луіс Рафаэль I Сака параўнаў іх з “сьцяной”, з якой немагчыма ўсталяваць “ніякай формы дыялогу”.
 
Паводле апошняй інфармацыі, баявікі самаабвешчанага ісламскага халіфату спалілі сірыйска-каталіцкую біскупскую рэзідэнцыю ў Масуле. Пра гэта паведаміў Патрыярх Сірыйскай Каталіцкай Царквы Ігнат Язэп III Юнан. Паводле словаў гэтага Патрыярха, пасьля апошніх пагрозаў радыкальных ісламістаў у Масуле больш не засталося хрысьціянаў.
 
Паводле Расейскай службы Радыё Ватыкану.
Гл. таксама:
16.09.2014
Прававы стан Уніяцкай Царквы ў Расейскай імперыі ў XIX ст. і эвалюцыя царскай палітыкі (ч. 2)
12.09.2014
Прававы стан Уніяцкай Царквы ў Расейскай імперыі ў XIX ст. і эвалюцыя царскай палітыкі (ч. 1)
05.08.2014
Кардынал Кох пра стан экуменічнага дыялогу і новыя выклікі для хрысьціянства
12.07.2014
Кампанія Ватыкану за мір і твіт Папы з нагоды завяршэньня Чэмпіянату сьвету па футболе
10.07.2014
Папа — ахвярам сэксуальнага злоўжываньня духавенства: “Прашу прабачэньня і плачу разам з вамі”