Пошук
Царква і Грамадзтва
13.12.2014
Ватыканскі ярарх: каталіцка-праваслаўны саюз ня можа быць ваяўнічым
 
Старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў кардынал Курт Кох у інтэрв’ю польскаму Каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву пракаментаваў прапанову Маскоўскага Патрыярхату аб стварэньні стратэгічнага саюзу з Каталіцкай Царквой дзеля абароны хрысьціянскіх каштоўнасьцяў у сьвеце.
 
Кардынал Курт Кох.
Найперш ватыканскі ярарх адзначыў, што ў цэлым ён пазітыўна ацэньвае адносіны паміж Рыма-Каталіцкай Царквой і Расейскай Праваслаўнай Царквой.
 
«Вядома, на нашыя цяперашнія адносіны кладзецца цень канфлікту ва Ўкраіне», — сказаў ватыканскі ярарах і ўдакладніў, што «Патрыярхат па-ранейшаму робіць сур’ёзныя закіды на адрас Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, якія, зрэшты, паўтараюцца даўно і з прычыны якіх, у прыватнасьці, ня можа адбыцца сустрэча Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірылы з Сьвятым Айцом Францішкам».
 
У такой сітуацыі, каб узаемныя адносіны сталі лепшымі, на думку кардынала Коха, палітыкам трэба размаўляць адно з адным не праз сродкі масавай інфармацыі, але асабіста. «Спадзяюся, што Цэрквы ва Ўкраіне менавіта так і робяць», — сказаў ён. Старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў адзначыў, што з боку зьверхніка УГКЦ, Вярхоўнага архібіскупа Кіева-Галіцкага Сьвятаслава (Шаўчука), ён адчувае вялікае жаданьне і гатоўнасьць распачаць асабістыя перамовы з Маскоўскім Патрыярхатам адносна існуючых праблемаў. «Гэтак трэба рабіць у кожным выпадку. Было б вялікай стратай для Цэркваў ва Ўкраіне, калі б зьнешні канфлікт пераносіўся на ўнутрыцаркоўны грунт», — сказаў кардынал Курт Кох, бо «Цэрквы пакліканы спрыяць грамадзкаму паяднаньню, а не для распальваньня канфліктаў».
 
Што да прапановы Мітрапаліта Іларыёна (Алфеева), кіраўніка Аддзелу зьнешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату, адносна стварэньня стратэгічнага праваслаўна-каталіцкага саюзу перад пагрозай ваяўнічага атэізму і рэлятывізму, старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў заўважыў, што яна для яго мае «занадта ваяўнічы тон». «Тое, што ў гэтай ідэі ёсьць здаровае, і што я падзяляю — гэта супольнае сьведчаньне ў Еўропе і ў сьвеце прыгажосьці веры і хрысьціянскіх каштоўнасьцяў. Аднак мы ня можам рабіць гэта ў ваяўнічай паставе, але, каб быў давер», — сказаў ватыканскі ярарх.
 
Кардынал Курт Кох удакладніў, што каталіцка-праваслаўны саюз ня можа быць скіраваны супраць пратэстантаў. Наадварот, трэба таксама і іх запрасіць да ўдзелу ў ім. Гэта павінен быць сумесны шлях і сьведчаньне Цэркваў — і католікаў, і праваслаўных, і евангельскіх вернікаў, лічыць кардынал Кох.
Гл. таксама:
02.11.2014
Ярархі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў: разьдзяленьне Царквы Хрыстовай — анамалія, якую нельга лічыць нормай жыцьця
05.08.2014
Кардынал Кох пра стан экуменічнага дыялогу і новыя выклікі для хрысьціянства
06.07.2013
Наладжваньне стасункаў з праваслаўнымі на месцах — найбольшае заданьне для ўсходніх католікаў сёньня
12.06.2013
Візіт ва Ўкраіну старшыні Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў
11.06.2013
Кардынал Курт Кох: Папа адчувае адказнасьць за дыялог паміж Усходнімі Каталіцкімі і Праваслаўнымі Цэрквамі