Пошук
Царква і Грамадзтва
23.01.2015
У Чырвоным касьцёле адбылася цырымонія разьвітаньня з гісторыкам Анатолем Грыцкевічам
 
Службу за спачын душы нябожчыка паводле грэка-каталіцкага абраду правёў Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек).
 
Пахаваньне гісторыка Анатоля Грыцкевіча ў Менску.
У касьцёле сьвятых Сымона і Алены ў Менску 22 студзеня 2015 году адбылася цырымонія разьвітаньня з гісторыкам, навукоўцам і грамадзкім дзеячам Анатолем Грыцкевічам, які памёр 20 студзеня на 86-м годзе жыцьця.
 
Анатоль Грыцкевіч (1929-2015) — аўтар шасьці манаграфіяў, дзясяткаў кніг і больш за тысячу навуковых публікацыяў, прысьвечаных гісторыі, у тым ліку часоў ВКЛ і Беларусі перыяду барацьбы за незалежнасьць. Ён вельмі годна рэпрэзэнтаваў беларускую гістарычную навуку на розных міжнародных навуковых канферэнцыях у Еўропе і сьвеце.
 
У апошні шлях гісторыка-адраджэнца прыйшлі правесьці калегі-навукоўцы, выкладчыкі, былыя студэнты, палітыкі, мастакі, пісьменьнікі і грамадзкія дзеячы, а таксама звычайныя беларусы, для якіх Анатоль Грыцкевіч адкрываў гісторыю Бацькаўшчыны, у тым ліку і гісторыю Ўніяцкай Царквы. Людзі прыходзілі да труны рупліўца беларушчыны з бел-чырвона-белымі кветкамі і сьвечкамі.
 
Анатоль Грыцкевіч — адкрывальнік многіх невядомых старонак з гісторыі хрысьціянства ў Беларусі, адзін з аўтараў сьпецкурсу для ўніверсітэтаў па гісторыі Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Таксама ён быў сярод тых, хто пачынаў адраджэньне грэка-каталіцкай супольнасьці ў Менску, быў у аргкамітэце па сьвяткаваньні 400-годдзя Берасьцейскай царкоўнай Уніі, спрычыніўся да прыняцьця рашэньня пра адбудову адной з пярлінаў Менску — былой уніяцкай царквы Сьвятога Духа.
 
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архім. Сяргей Гаек разам з грэка-каталіцкімі сьвятарамі адслужыў пахавальную паніхіду па спачылым, а затым у памяць Анатоля Грыцкевіча была адсужана сьв. Імша ў рыма-каталіцкім абрадзе.
 
Айцец Сяргей Гаек і ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, які адпраўляў імшу, прамовілі таксама колькі словаў пра дасьледчыцкую, навуковую дзейнасьць Анатоля Грыцкевіча. Яны адзначылі ягоныя заслугі перад народам Беларусі, а таксама ягоную дзейнасьць на ніве хрысьціянства, на ніве разьвіцьця духоўнасьці і веры, паведамляе .
 
Прамаўляючы да прысутных, якія прыйшлі разьвітацца з Анатолем Грыцкевічам, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі а. Сяргей Гаек сказаў: «Хто штосьці ведае аб працах брата Анатоля, той можа асэнсаваць каштоўнасьць ягонага жыцьцёвага подзьвігу. Подзьвігу, які меў карані яшчэ ў савецкія часы, калі непамысна нават было думаць, што хтосьці яшчэ жыве на гэтай зямлі і гэты “хтосьці” — беларусы. У той час усе павінны былі быць савецкімі на савецкай зямлі. І тое, што з гэтай няволі наш народ пачаў выходзіць — гэта заслуга, вынік змаганьня нашых шматлікіх братоў і сясьцёр у мінулых стагоддзях, сярод якіх і брат Анатоль».
 
Прадстаўнік Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы а. Андрэй Абламейка зачытаў ліст Апостальскага Нунцыя ў Беларусі архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцьці, дасланы ім з Рыму на ўшанаваньне памяці Анатоля Грыцкевіча.
 
Пасьля разьвітаньня труну з целам спачылага перавезьлі ў менскі крэматорый. Прах Анатоля Грыцкевіча быў пахаваны на Ўсходніх могілках Менску ў магіле маці. Раней там быў пахаваны брат Анатоля Грыцкевіча Валянцін, гісторык і кіраўнік беларускай суполкі ў Санкт-Пецярбургу.

23 студзеня ў капліцы грэка-каталіцкага Душпастырскага цэнтру сьв. Язэпа ў Менску была адслужана Боская Літургія за супакой спачылага.
 
Гл. таксама:
22.09.2018
Архімандрыт Сяргей (Гаек) пра чаканьні беларусаў ад сустрэчы з Папам у краінах Балтыі
28.02.2017
Пра Курапаты
22.12.2016
Апостальскі Візітатар БГКЦ павіншаваў вернікаў з сьвятам Раства Хрыстова
19.11.2014
Архімандрыт Сяргей Гаек: Папа пажадаў грэка-католікам Беларусі асэнсаваць сваю спадчыну
29.06.2014
У Бэтлееме грэка-католікі маліліся за хрысьціянаў Беларусі