Пошук
Царква і Грамадзтва
07.10.2015
Саракавіны ў Берасьці па Алесю Чаркашыну
 
6 кастрычніка 2015 году было 40 дзён па Алесю Чаркашыну, які загінуў ва Ўкраіне. Лічыцца, што ў гэты дзень душа памерлага канчаткова ідзе ў неба. У гэты дзень у Берасьці, у грэка-каталіцкім душпастырскім цэнтры парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя сябры і знаёмыя разам з сям’ёй Алеся Чаркашына ўшанавалі яго памяць.
 
На пачатку была сьв. Літургія за супакой, якую адслужыў а. Ігар Кандрацьеў на просьбу сяброў і бацькоў Алеся. Сам Алесь прыняў хрост у пратэстанцкай царкве, але ня раз прыходзіў на экуменічныя сустрэчы ў грэка-католікаў. Бацькі Алеся — праваслаўныя, а малодшы брат ходзіць у касьцёл.
 
На памінальнае набажэнства сабраліся каля 40 чалавек — грэка-католікі, рыма-католікі, праваслаўныя, пратэстанты. І Алесь, напэўна, парадаваўся б гэтай экуменічнай малітве, бо сам быў ня раз ініцыятарам супольнай малітвы хрысьціянаў за Беларусь.
 
Затым ад імя беларускай грамадзкасьці Берасьця вядомы паэт і тэлежурналіст Мікола Пракаповіч разам з актывістам БХД Зьмітром Шурхаем урачыста перадалі сям’і Алеся Чаркашына ўзнагароду ад украінскага народу — медаль «За ахвярнасьць і любоў да Ўкраіны». У памяць пра Алеся Чаркашына прагучала песьня-малітва за Беларусь і Ўкраіну, якую сьпяваюць сёньня многія беларускія і ўкраінскія хрысьціяне.
 
Потым была памінальная вячэра. На ёй прагучалі песьні, якія пасьпеў запісаць сам Алесь Чаркашын на ўласныя вершы і на вершы блізкай яму па духу Ларысы Геніюш. У іх сканцэнтравана ўсё, пра што ён думаў, перажываў. Некаторыя словы, на жаль, сталі прарочымі для яго асабіста... Ён, як шчыры хрысьціянін, які вучыўся ў Херсоне ў Біблейскім інстытуце, ня змог застацца абыякавым да чужой бяды, паехаў спачатку валанцёрам, а потым як парамедык, дапамагаць братам-украінцам у зону баявых дзеяньняў, дзе ён найперш аказваў духоўную падтрымку, служыў словам, сваёй песьняй.
 
Падчас памінальнай вячэры сябры, блізкія і знаёмыя Алеся з розных часоў узгадалі, якім ім запомніўся гэты самаахвярны 33-гадовы хлопец — Алесь Змагар, дружа Тарас, як яго называлі ва Ўкраіне.
 
У гэты ж дзень у Менску на вечарыне ў яго памяць быў прэзентаваны дыск з песьнямі Алеся Чаркашына «Не здавайся!». Вечарыну вёў Павел Севярынец. На ёй прысутнічалі маці загінулага ва Ўкраіне Міхася Жызьнеўскага, паэт Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч, Віталь Рымашэўскі, моладзевыя актывісты.

Гл. таксама:
01.10.2017
Першаярарх УГКЦ падзякаваў кіраўніцтву Беларусі за стаўленьне да Ўкраіны
08.04.2015
На Вялікдзень з грэка-католікамі Берасьця маліліся прадстаўнікі Генконсульства Ўкраіны
04.07.2014
Сьвята грэка-католікаў Берасьця — пад апекай Маці Божай Берасьцейскай
07.06.2014
Праваслаўны мітрапаліт абвінаваціў грэка-католікаў у шкодзе праваслаўна-каталіцкаму дыялогу
08.12.2009
У рэдэмптарыстаў усходняга абраду першы сьвятар-беларус