Пошук
Царква і Грамадзтва
22.05.2016
Лукашэнка прапанаваў, каб Папа Рымскі сустрэўся ў Беларусі з Маскоўскім патрыярхам
 
Папу Рымскаму самы час прыехаць у Беларусь і сустрэцца з праваслаўным Патрыярхам Кірылам на беларускай зямлі. Пра гэта заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка журналістам у Ватыкане пасьля сустрэчы з Папам Францішкам, якая адбылася 21 траўня 2016 году, перадае БЕЛТА.
 
Падчас аўдыенцыі ў Сьвятога Айца Аляксандар Лукашэнка запрасіў Папу Францішка ў Беларусь: «Прыяжджайце да нас. Вы атрымаеце столькі сілаў і здароўя, колькі ні ў адной кропцы сьвету».

Пазьней, падчас размовы з журналістамі, кіраўнік беларускай дзяржавы сказаў: «Я выказаў думку, што Пантыфіку самы час прыехаць у Беларусь і разам з нашым Патрыярхам сустрэцца з нашымі жыхарамі. Упэўнены, што там будзе не адзін мільён чалавек, якія б хацелі бачыць гэты поціск рукі не ў далёкай Кубе ў аэрапорце, а на зямлі, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і якую, дзякуй Богу, не закранулі тыя катаклізмы (і Пантыфік гэта таксама падкрэсьліў), якія адбыліся ў постсавецкіх рэспубліках і краінах Усходняй Еўропы пасьля распаду СССР».
 
Падобную ідэю сустрэчы ў Беларусі першаярархаў Каталіцкай Царквы і Расейскай Праваслаўнай Цэрквы Аляксандар Лукашэнка прапановаў і раней, але не знайшоў падтрымкі з боку кіраўніцтва Маскоўскага патрыярхату. Аднак сёлета адбылася сустрэча на Кубе Папы Рымскага Францішка і Патрыярха Маскоўскага Кірыла, што робіць ініцыятыву іх сустрэчы ў Менску значна больш рэалістычнай.
 
«Усё ў руках Госпада. Калі Ён блаславіць, то нашыя найвышэйшыя ярархі каталіцкай і праваслаўнай Цэркваў сустрэнуцца на беларускай зямлі, — сказаў кіраўнік Беларусі. — Думаю, што запросяць туды і прадстаўнікоў мусульманскага сьвету, і юдэяў, і іншых канфесіяў».
 
Паводле словаў А. Лукашэнкі, многія сьвятары ў якасьці добрай нагоды для такой сустрэчы прапануюць сумесна ўшанаваць памяць ахвяраў Першай і Другой сусьветных войнаў. Кіраўнік Беларусі адзначыў, што гэтае мерапрыемства можна было б прымеркаваць да ўзьвядзеньня храмаў ці капліц розных канфесіяў або да закладкі каменя ў іх падмурак. У якасьці месца Аляксандар Лукашэнка прапанаваў раён мемарыяльнага комплексу «Трасьцянец», дзе ў гады вайны былі зьнішчаныя многія тысячы мірных жыхароў самых розных нацыянальнасьцяў і веравызнаньняў.
 
Таксама кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што падчас сустрэчы Папа Францішак пацікавіўся сітуацыяй у рэгіёне, асабліва ў сувязі з канфліктам ва Ўкраіне. «Я выказаў сваю пазіцыю, што цяперашні стан, сітуацыя на ўсходзе Ўкраіны, мае патрэбу ў новых ініцыятывах, і пажадана духоўных», — сказаў А. Лукашэнка. На яго думку міратворчаму працэсу на Данбасе спрыяла б таксама сустрэча Папы Рымскага і Патрыярха Расейскай Праваслаўнай Царквы. «У дадзеным выпадку я запрасіў іх у Беларусь, — паведаміў Аляксандар Лукашэнка. — Запрасілі б сьвятаслужыцеляў: і еўрапейскіх, і ўкраінскіх, і расейскіх, і нашых. Селі б, пагаварылі, а потым усе разам перад мільёнамі паломнікаў памаліліся бы ў імя міру».
 
21 траўня 2016 году Папа Францішак прыняў у Ватыкане прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Кіраўнік Беларусі таксама сустрэўся з Дзяржаўным сакратаром Ватыкану П’етра Паралінам, якога суправаджаў архібіскуп Поль Рычард Галагер, сакратар, адказны за дачыненьні з іншымі дзяржавамі. Падчас сустрэчаў у Апостальскім палацы ў Ватыкане было абмеркавана разьвіцьцё стасункаў Беларусі з Каталіцкай Царквой.
 
У паведамленьні Ватыканскага прэс-цэнтру адзначаецца, што падчас прыязнай размовы было выказана «задавальненьне з нагоды добрага стану існуючых двухбаковых адносінаў». Таксама былі абмеркаваныя розныя тэмы, якія прадстаўляюць узаемную цікавасьць, найперш пра жыцьцё Царквы ў Беларусі. Пры гэтым асабліва адзначаўся «мірны характар суіснаваньня ў краіне паміж каталіцкай і праваслаўнай супольнасьцямі, а таксама і з іншымі рэлігійнымі канфесіямі».
 
У заяве Ватыканскага прэс-цэнтру таксама гаворыцца пра важную ролю, якую адыгрывае Менск, дзе адбываюцца перамовы з мэтай пошуку рашэньняў для забесьпячэньня міру ў рэгіёне.

Аляксандар Лукашэнка на памяць пра свой візіт да Папы Францішка падараваў яму копію крыжа Еўфрасіньні Полацкай і мадэль карэты, зробленыя рукамі майстроў з дапамогай арыгінальнай тэхнікі сожская (гомельская) скань, і галаграфічны абраз. Сьвяты Айцец падарыў Аляксандру Лукашэнку бронзавы сувенірны медаль з выявай аліўкавага дрэва, якое зьяўляецца сымбалем міру, і асобнікі трох сваіх дакументаў: энцыклікі «Lumen Fidei» («Сьвятло веры») і «Laudato si» («Усхваляем Цябе») — пра праблемы экалогіі і клопат чалавецтва аб супольным доме, а таксама Апостальскае настаўленьне «Amoris Laetitia» («Радасьць любові») на тэму сям’і і яе месца ў сучасным сьвеце. З усімі гэтымі папскімі дакументамі, якія прысьвечаныя важным сацыяльна-палітычным, рэлігійным і маральным пытаньням, кіраўнік беларускай дзяржавы паабяцаў пазнаёміцца.
 
21 траўня Аляксандар Лукашэнка пабываў таксама ў Ватыканскім музеі на выставе «Іканапіс Беларусі XVII-XXI стагоддзяў», якая была ўрачыста адчыненая 18 траўня і разглядаецца ня толькі як цікавая культурная, але і важная экуменічная падзея. Гэтую выставу беларускага іканапісу прэзідэнт Беларусі прапанаваў наведаць і Сьвятому Айцу Францішку.
 
Фота: Ватыканскае радыё (Facebook).
Гл. таксама:
03.05.2017
Папа Францішак і копцкі праваслаўны патрыярх падпісалі сумесную дэкларацыю
27.01.2017
«Цуд яднаньня распачаўся» — фільм Супольнасьці «Chemin Neuf»
14.03.2016
У 70-ыя ўгодкі Львоўскага псеўдасабору ярархі УГКЦ сустрэліся з Папам
03.03.2016
Беларускія грэка-католікі пра сумесную Дэкларацыю Папы і Патрыярха
14.03.2015
Кардынал Паралін: дыпламатыя Сьвятога Пасаду служыць шматлікім Абэлям, якіх працягваюць забіваць Каіны гэтага сьвету